Стаўпецкі раён

Рубяжэвiчы

Рубяжэвічы – вёска паміж рэкамі Сулай і Перакульлю, цэнтар сельсавету Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 220 чалавек. Знаходзяцца за 38 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Стоўпцаў, за 20 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Койданава; на скрыжаваньні аўтамабільных дарог на Стоўпцы, Івянец, Койданаў.

Рубяжэвічы – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся нэагатычны касьцёл Сьвятога Язэпа. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Антонія, помнік архітэктуры драўлянага барока, які ў 1972 годзе зруйнавалі савецкія ўлады.

Першы пісьмовы ўпамін пра Рубяжэвічы як уладаньне князя В. Вярэйскага датуецца 1483 годам. У 1550 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў іх Мікалаю Радзівілу. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У XVI–XVII стагодзьдзях Рубяжэвічы сталі цэнтрам Няўборскіх уладаньняў Радзівілаў. У XVII стагодьдзi апошнія фундавалі тут Мікалаеўскую царкву, якой надалі вёску Марозавічы і 60 дзесяцінаў зямлі. У 1652 годзе Багуслаў Радзівіл перадаў Рубяжэвічы ў арэнду Покусам і Аборскім. У 1769 годзе мястэчка перайшло да Рутынскіх і Лопацяў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Рубяжэвічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Менскага павету Менскай губэрні. Мястэчка перайшло ў валоданьне Вітгенштэйнаў. У XVIII–XIX стагодьдзях тут праводзіліся вялікія кірмашы. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі драўляны касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага пабудовы 1799 году пад царкву Маскоўскага патрыярхату. На 1909 год у Рубяжэвічах было 144 двары, дзейнічалі царква і 2 сынагогі, будаваўся касьцёл, працавала царкоўна-прыходзкая школа. Увесну 1906 году расейская паліцыя выкрыла ў маёнтку падпольную польскую школу. Настаўнікаў пакаралі.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Рубяжэвічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рубяжэвічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. У 1919–1920 гадох Рубяжэвічы знаходзіліся пад часовай польскай адміністрацыяй, у Менскім павеце Менскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Стаўпецкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У 1921–1922 гадох тут на змаганьне з бальшавікамі фармаваліся беларускія вайсковыя аддзелы генэрала С. Булак-Балаховіча.

У 1939 годзе Рубяжэвічы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Касьцёл сьвятога Язэпа рамесьнiка

Касьцёл сьвятога Язэпа – помнік архітэктуры нэаготыкi пачатку XX стагодьдзя, знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка, на гістарычнай Ракаўскай вуліцы. Дзейнічае. Будаўнічы матэрыял – камень. Гэта 3-нэфавая 2-вежавая базыліка з 8-граннай апсыдай, да якой сымэтрычна далучаюцца закрысьціi. Утварае адзіны ансамбль з агароджай і брамай. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Па гвалтоўнай перадачы старога касьцёлу Сьвятога Антонія Падуанскага праваслаўным у вернi каўкаталiцкай парафii у Рубяжэвiчах не было места для малiтваў. Шматразовыя просьбы вернікаў дазволіць ім пабудову новага будынка касьцёлу доўгі час заставаліся без адказу, толькі ў 1905 годзе пасьля выхаду «Указу аб замацаваньні пачаткаў верацярпімасьці» будаўніцтва было дазволена. Дзеля гэтага мяшчанін Антоні Тур пісаў і тройчы ўласнаруч насіў заявы цару ў Пецярбург з просьбай дазволіць збудаваць касьцёл. Сяляне Рубяжэвіцкай воласьці ахвяравалі пляц плошчай 6 дзесяцінаў. Значныя сродкі на будаваньне ахвяравалі зямяне Ленскія, уладальнікі маёнтку Сулы, іншыя мясцовыя землеўладальнікі і парафіяне. Духоўная кансысторыя выдаткавала 1000 рублёў. 4 студзеня 1907 году праект касьцёла ўзгадніў Будаўнічы аддзел Менскай губэрнскай управы.

Будаваньне касьцёла вялося ў 1907–1911 гадох. 30 кастрычніка 1911 году новазбудаваную сьвятыню ўрачыста кансэкравалі. Пазьней працягвалася будаваньне трох прастолаў, спавядальні. Узьвядзеньне мураванай агароджы завяршылася ў 1924 годзе.

Каардынаты: 53.694241, 26.869434.

Вiдарыс касьцёлу з боку апсыды

Скульптуры перад уваходам у касьцёл