Стаўпецкі раён

Стоўпцы

Стоўпцы – места на правым беразе Нёмана, адміністрацыйны цэнтар Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Знаходзяцца за 78 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Менску. Чыгуначная станцыя на лініі Менск – Берасьце; каля магістралі Менск – Берасьце, вузел аўтамабільных дарог на Мір, Івянец, Нясьвіж, Рубяжэвічы. Насельніцтва Стоўпцаў на 2018 год складала 16.946 чалавек.

Стоўпцы – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятой Ганны ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Казімера, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму Стоўпцы. Паводле аднаго зь іх назва паселішча ўтварылася ад слупоў (стаўпцоў, стаўпоў) на рацэ Нёман, з дапамогай якіх ажыцьцяўлялася праца парома. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім зьяўляецца назвай-арыенцірам: у даўнія часы стаўпамі пазначалі дарогі празь непрыкметную мясцовасьць. Згодна з паданьнем, стаўпамі пазначылі месца былога манастыра, насельнікі якога памерлі ў часе эпідэміі халеры. Існуе і такая вэрсія: Стоўпцы, ад слова «стоўпы» – «невялікія вежы для манахаў» – затворнікаў або «стоўпнікаў», што маглі жыць пры кляштары, заснаваным тут у 1624 годзе. Краязнаўцы таксама не адкідваюць вэрсіі пра стаўпы, што дзялілі ўладаньні Слушкаў і Радзівілаў. Афіцыйнае напісаньне назвы места – Стоўбцы.

Паводле некаторых зьвестак, Стоўпцы існавалі яшчэ ў 1511 годзе. Афіцыйная дата заснаваньня паселішча – 20 чэрвеня 1593 году. У пачатку XVII стагодзьдзя Стоўпцы знаходзіліся ў валоданьні А. Слушкі, які ў 1623 годзе заснаваў тут касьцёл, а ў 1639 годзе – кляштар дамініканаў.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) у верасьні 1655 году маскоўскія захопнікі разрабавалі і спалілі Стоўпцы, зруйнавалі касьцёл. Акупанты зьнішчылі больш за палову жыхароў мястэчка. Аднак Стоўпцы хутка аднавіліся і ў 1669 годзе атрымалі прывілей на правядзеньне таргоў і кірмашоў. 14 сьнежня 1675 году ў мястэчку пад тытулам Сьвятога Казімера кансэкравалі новы мураваны касьцёл.

У пачатку XVIIІ стагодзьдзя Стоўпцы знаходзіліся ў валоданьні С. Дэнгафа. Мястэчка пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700–1721), але зноў хутка аднавілася. У 1728 годзе Стоўпцы перайшлі да Чартарыйскіх і сталі цэнтрам графства. У гэты час тут было 144 двары, царква, касьцёл, ратуша, школа і кляштар з шпіталем, карчма, буйная рачная прыстань з 16 складамі. У 1729 годзе мястэчка атрымала Магдэбурскае права.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стоўпцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе сталі цэнтрам воласьці Менскага павету. У 1799 годзе на Нёмане збудавалі мост, які злучыў мястэчка з Новым Сьвержанем і дарогамі на Нясьвіж і Мір. У 1822 годзе адкрылася прыходзкая вучэльня.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) расейскія ўлады канфіскавалі Стоўпцы ў Чартарыйскіх у дзяржаўны скарб, а ў 1844 годзе гвалтоўна ліквідавалі кляштар дамініканаў. На 1859 год у мястэчку быў 301 двор, на прыстані 20 дзяржаўных і 17 прыватных складоў, на 1867 год – 310 двароў. У 1860 годзе ад Стоўпцаў у Каралявец (сёньняшнi Калiнiнград) водным шляхам вывезьлі каля мільёна пудоў іржы, пшаніцы, аўса, ячменю і іншага.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) 12 траўня 1868 году расейкія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Сьвятога Казімера пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Пазьней, у 1960-я гады савецкія ўлады зьнішчылі касьцёл, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя.

Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар дамініканаў (страчаны)

Каардынаты месца, дзе знаходзiўся касьцёл: 53.477306, 26.732389.

Фотаздымак касьцёлу па расейскай перабудове. 1900 год

Вiдырас касьцёла па польскай растаўрацыi. 1933 год

У 1869 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню для хлопчыкаў, у 1875 годзе – для дзяўчынак. У 1871 годзе за 2 кiлямэтрах ад Стоўпцаў на Маскоўска-Берасьцейскай чыгунцы адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. У 1874 годзе ў мястэчку пачала працаваць запалкавая фабрыка. На 1886 год у Стоўпцах было 186 двароў, 2 царквы, сынагога, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, школа, 20 крамаў. На 1897 год на станцыі было 8 двароў. У 1905 годзе ў Стоўпцах адбыўся буйны страйк лесарубаў, у кастрычніку – жалобная дэманстрацыя з нагоды Курлоўскага расстрэлу. У 1909 годзе ў мястэчку адкрылася меская вучэльня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Стоўпцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Стоўпцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Стаўпецкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Стоўпцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе атрымалі статус места і сталі цэнтрам гміны і павету ў Наваградзкім ваяводзтве. Станцыя Стоўпцы стала прыгранічнай. 4 жніўня 1924 году на мястэчка напала вялікая дывэрсійная банда. Па гэтым ў Стоўпцах утварыўся батальён Корпусу Аховы Памежжа. 15 ліпеня 1931 году ў месьце пачало дзейнічаць Беларускае таварыства дабрачыннасьці.

У 1939 годзе Стоўпцы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1943–1944 гадох тут працавала падпольная польская школа. Сакрэтнае навучаньне вёў былы судзьдзя гродзкага суду А. Родэ (альбо Й. Родэ). Лекцыі адбываліся паводле перадваеннай праграмы польскіх гімназійных школаў, у кожны другі дзень, у кватэры Ю. Урбановіча. Настаўнік загінуў на вачах сваіх вучняў каля 6 ліпеня 1944 году, у час шматдзённай аблогі места савецкімі войскамі.

Катэдральны сабор сьвятой Ганны

Царква Сьвятой Ганны – помнік архітэктуры XIX стагодьдзя, знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычнай Загуменнай (Царкоўнай) вуліцы. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер – у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры клясыцызму з рысамi барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купала-цыбуліны над асноўным аб’ёмам і какошніка над брамай-званіцай.

Мураваную грэцка-каталіцкую (уніяцкую) царкву ў Стоўпцах збудавалі ў 1825 годзе з фундацыі ўладальніка маёнтку князя Адама Чартарыйскага. Пазьней расейскія ўлады гвалтоўна адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

Каардынаты: 53.478448, 26.730999.

Iнтэр’еры царквы

Хоры

Унутранае ўбраньне царквы з хораў

Пляц Ленiна

Вiдарыс колiшняга касьцёла сьвятога Казiмера на адным з будынкаў уздоўж паўночнага боку пляца Ленiна.

Мескiя графiцi i муралы

Кiнатэатар Беларусь

Кінатэатр «Беларусь» быў пабудаваны ў Стоўпцах у 1960-х гадах. Кінатэатр адметны тым, што ўяўляе сабой драўляны будынак з вельмі незвычайным фасадам. Да пачатку XX стагодьдзя будынак састарэў і з меркаваньняў бяспекі кінатэатар не працаваў з 2016 года. У гэты час жыхары Стоўпцаў ездзілі ў кіно ў Нясьвіж ці ў сталіцу. У 2000 годзе кінатэатар адчыніўся пасьля рэстаўрацыі. Але да Дажынак-2022 стары кінатэатр зьнеслі, на яго месцы пабудавалі новы, якi чымсьці аддалена нагадвае арыгінальны.

У 2021 годзе гістарычны ўчастак, дзе некалі стаяў касьцёл пабудовы XVII стагодьдзя, перадалі ў карыстаньне каталікам. Два гады таму там знайшлі старажытныя мошчы. Раскопкі праводзіліся ў самым цэнтры горада, недалёка ад сярэдняй школы № 2. Знойдзеныя астанкі належалі пробашчу дамініканскага кляштара Фабіяну Малішэўскаму. Менавіта ён у XVII стагодьдзі пабудаваў старажытны мураваны касьцёл сьвятога Казімера. Айцец Фабіян памёр у меркаванай сьвятасьці і быў пахаваны ў крыпце пабудаванага ім касьцёла. Па сьведчаннях відавочцаў, на месцы пахаваньня манаха адбываліся цуды, што дало падставы для пачатку працэсу дачыненьня яго да ліку блажэнных. Косьці ж былі апазнаныя і перададзеныя ў новы храм сьвятога Казімера. Урачыстае перапахаваньне адбылося 9 сьнежня 2022 года. Мясцовым прыходам быў запушчаны працэс кананізацыі айца Фабіяна. На ўчастку таксама праводзяцца працы. Па стане на лета 2023 года праводзілася аднаўленьне часткі былой касьцёльнай агароджы і брамы-званіцы. У далейшым плянуецца адбудаваць капліцу сьвятога Дамініка, аднавіць скляпы, дзе знаходзяцца пахаваньні заснавальнікаў і манахаў-дамініканаў.

Стаўпецкi раённы дом культуры

Адрас: Вулiца Багiнскага, 2.

Мэмарыяльны камень у гонар заснаваньня Стаўпеукага раёну

Вiцiна (ладьзя)

Паўтара стагодьдзі таму менавіта ў Стоўпцах на беразе ракі Нёман размяшчаўся адзіны пункт разгрузкі тавараў у Менскай губэрні. Менавіта віціна (ладьдзя) упрыгожвае і герб горада. Да абласных Дажынак-2022 у Стоўбцах з’явілася новая віціна.

Адрас: скрыжаваньне вулiц Цэнтральнай i Магiстральнай. Каардынаты: 53.491286, 26.736137.

Вулiца Цэнтральная

На тарцах высотак, пабудаваных уздоўж вуліцы Цэнтральнай, размешчаныя муралы з арніталягічна-адукацыйным прызначэньнем.

Касьцёл сьвятога Казімера (новы)

Каталіцкі прыход у Стоўпцах існуе з 1624 года, ён быў заснаваны дамініканаамі. Стары касцёл быў пабудаваны ў 1673 годзе і зьнiшчаны савецкімі ўладамі ў 1958 годзе. Па сьведчаннях, падмурак старога касьцёла і частка крыпты знаходзяцца пад стадыёнам сярэдняй школы №2.

У 1996 годзе пачалося будаўніцтва новага касьцёльнага комплексу, якое было завершанае ў 2021 годзе.

Каардынаты: 53.486092, 26.745964.

Царква Уваскрэшаньня Хрыстова

Царква была пабудаваная паміж 2013 і 2016 гадамі, асьвечана ў 2019 годзе..

Каардынаты: 53.493584, 26.742697.

Фотаздымки царквы i прылеглай тэрыторыi 2020 году

Замалёўка. Вулiца Машынабудаўнікоў, 13