Валожынскі раён

Падневiчы

Па́дневічы – вёска на рацэ Іслачы, ўваходзяць у склад Івянецкага сельсавету.

Назва вёскі паходзіць ад ляндшафту мясцовасьці, дзе знаходзіцца. Яна акружана ўзгоркамі, стаіць нібыта ва ўпадзіне.

Каля вёскі на беразе ракі Іслачы, левым прытоку Бярэзiны, часта праходзяць зьлёты турыстаў, скаўтаў, ды іншых арганізацыяў.

Каплiца-пахавальня Жаброўскiх

Ва ўрочышчы «Тупальшчына» недалеч вёскi знаходзяцца могілкі, на якiх знаходзiцца капліца-пахавальня Жаброўскіх. Капліца была пабудаваная ў рэтраспектыўна-гатычным стылі ў 1852 годзе (па іншых крыніцах – у 1868 годзе) і доўгія гады выкарыстоўвалася ў якасьці радавога магільнага склепа.

Жаброўскія, якія валодалі гэтымі землямі, патрапілі ў няласку пасля задушэньня рэвалюцыі 1863 года. Маёнткі часткова былі распрададзеныя, часткова канфіскаваныя. У той перыяд яшчэ не было назвы Падневічы, фальварак называўся Тупальшчына.

Каардынаты: 53.973914, 26.856589.

Каплiца-надмагiльле А. Набароўскай

Арыгінальнае надмагілле было складзена ў 1850-х гадах. Сучаснае надмагільле цалкам нанова складзенае ў 2007 годзе з захаваньнем знешняга выгляду старога арыгінальнага помніка.

Магiла Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча

Таксама на могiлках знаходзiцца магіла клясыка беларускае літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.

Дунін-Марцінкевіч жыў і працаваў недалёка ад Падневічаў, яшчэ ў 1840 годзе ён купіў невялікую сядзібу «Люцінка» побач зь вёскай Пяршаі. Таму гэтыя мясьцiны можна смела назваць яго другой хатай.

Пасьля рэвалюцыі 1863 года аўтар некалькі гадоў правёў у турме ў Менску, пасьля вярнуўся ў свой маёнтак, дзе вёў актыўную дзейнасьць: адкрыў школу, паставіў некалькі спэктакляў і напісаў адзін са сваіх самых вядомых твораў «Пінская шляхта». Памёр Дунін-Марцінкевіч у 1884 годзе. Адпявалі пісьменніка і паэта ў капліцы-пахавальні Жаброўскіх. Бронзавы бюст усталявалі ў 1977 годзе.