Валожынскі раён

Пяршаi

Пярша́і – вёска на рацэ Пяршайцы, цэнтар сельсавету. Знаходзяцца за 15 кiлямэтраў на ўсход ад Валожына, за 31 кiлямэтар ад чыгуначнай станцыі Валожын (лінія Маладэчна – Ліда); на аўтамабільнай дарозе Менск – Валожын. Пяршаі – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Першы пісьмовы ўпамін пра Пяршаі як сяло, уладаньне касьцёла датуецца 1492 годам. З 1493 году паселішча знаходзілася ў валоданьні біскупа віленскага Войцеха.

Пад 1539 годам Пяршаі ўпамінаюцца як мястэчка, цэнтар воласьці. У гэты час тут дзейнічаў касьцёл, працавалі 2 корчмы. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Пяршаі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Менскага павету. На 1800 год тут было 36 двароў, касьцёл, плябанія, карчма, 2 вадзяныя млыны. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні І. Ражэрсона, у 1858 годзе – В. Тышкевіча. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Пяршаях было 59 двароў, дзейнічал костёл, працавалі народная вучэльня, аптэка, хлебазапасны магазын, крама і карчма.

За часамі Першау сусьветнау вайны ў лютым 1918 году Пяршаі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Пяршаі абвяшчаліся часткай Беларускае Народнае Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Пяршаі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Стаўпецкага, з 1926 году Валожынскага павету.

У 1939 годзе Пяршаі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету, статус паселішча панізілі да вёскі.

Касьцёл сьвятога Юр’я і Божай Маці

Касьцёл Сьвятога Юрыя і Божай Маці – помнік архітэктуры першай паловы XX стагодьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка на гістарычнай Касьцельнай вуліцы. Дзейнічае. Твор архітэктуры нэараманскага стылю. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Першы драўляны касьцёл ў Пяршаях заснавалі ў 1545 годзе.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Пяршаі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць.

У 1933 годзе з фундацыі графа В. Тышкевіча ў мястэчку збудавалі мураваны касьцёл. У 1960 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл і часткова зруйнавалі яго. У 1990-я гады касьцёл вярнулі каталікам, якія аднавілі помнік архітэктуры.

Каардынаты: 54.035466, 26.681004.

Вiдарыс касьцёлу з боку апсыды