Валожынскі раён

Славенск

Славенск – вёска на левым беразе Заходняй Бярэзіны, уваходзіць у склад Гародзькаўскага сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Славенск – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Упершыню Славенск упамінаецца ў XIV стагодзьдзі. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў ён увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. У канцы XVII стагодзьдзя Славенск знаходзіўся ў валоданьні Зухорскіх, пазьней – Шаняўскіх.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Славенск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Забрэскай воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Славенск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Славенск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад БССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Славенск апынуўся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, у Забрэскай гміне Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Славенск увайшоў у БССР, у Валожынскі раён Баранавіцкай, з 1944 году – Маладэчанскай, з 1960 году – Менскай вобласьці. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Царква сьвятога Мiкалая

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Славенску збудавалі ў 1868–1871 гадох у стылi архітэктуры расейскай царкоўнай эклектыкі.

Каардынаты: 54.148748, 26.377446.