Валожынскі раён

Вішнеў

Ві́шнеў (Ві́шнева) – вёска на рацэ Гальшанцы. Цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 417 чалавек. Знаходзіцца за 22 кiлямэтры ад Валожына, за 6 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Багданаў, на аўтамабільнай дарозе Валожын – Ашмяны. Вішнеў – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Упершыню Вішнеў упамінаецца ў XIV стагодьдзi, калі ён ўваходзіў у Крэўскае княства. У XV стагодьдзi маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Слушкаў, Осьцікаў, Сангушкаў і Пацаў.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Вішнеў увайшоў у склад Ашмянскага павету.

У 1780–1870 гадох у Вішневе працаваў мэталюргічны завод. Тут упершыню на Беларусі збудавалі доменную печ. Апроч таго, існавалі плавільня, кузьня, склад; штотыднёва выраблялася 600 пудоў жалеза; дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, вадзяныя молаты, чыгунныя кавадлы і іншыя. Вырабляліся сашнікі, паласавое жалеза, адліўкі для сельскагаспадарчага інвэнтару, плітаў. Працавалі таксама заводы шкляных вырабаў, цагельна-ганчарны і сьпіртовы, сукнавальня, вадзяны млын. Кожны тыдзень праводзіліся таргі, штогод – 2 вялікія кірмашы. 3 1775 году ў мястэчку працавала павятовая сьвецкая школа.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Вішнеў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі 1794 году празь мястэчка з Ашмянаў на Валожын праходзіў аддзел паўстанцаў пад камандаю Мiхала Клеафаса Агінскага; на мэталюргічным заводзе выраблялі зброю для паўстанцаў. У Вайну 1812 году празь Вішнеў адступаў на ўсход з расейскай арміяй Мiхал Багданавiч Барклай дэ Толі, пад мястэчкам адбыўся бой.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у Вішневе пашыралі газэту «Мужыцкая праўда». Мясцовыя жыхары актыўна падтрымлівалі паўстаньне. У 1864 годзе расейскія ўлады з мэтай маскалізацыі краю збудавалі ў мястэчку царкву-мураўёўку, адкрылі царкоўна-прыходзкую школу і народную вучэльню. Апроч таго, існавала юдэйская вучэльня (ешыбот). У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Вішневе збудавалі запалкавую фабрыку, майстэрню вырабу безалькагольных напояў, алейню, воўначасальню, хлебапякарні, кузьні, сталярні, шавецкія і кравецкія майстэрні, сьлясарню, бляхарню і іншыя.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Вішнеў занялі войскі Нямецкай імпэрыі, празь мястэчка праходзіла лінія нямецкай абароны.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вішнеў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У 1920-я гады тут дзейнічалі касьцёл, царква і сынагога, працавалі польская 7-гадовая і жыдоўская школы, пошта, аптэка, лякарня, вэтэрынарная лячэбніца, 2 аптэчныя склады, лазьня. У ноч з 18 на 19 ліпеня 1924 году на мястэчка ўчыніла грабёжніцкі напад бальшавіцкая дывэрсійная група.

У 1939 годзе Вішнеў увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году Вішнеў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 30 жніўня 1942 году нацысты забілі каля 1100 жыдоў (пра гэтую трагедыю нагадвае мэмарыяльны камень).

У Вішневе нарадзіўся Шымон Перэс (Сямён Перскі) – прэм’ер-міністр і прэзідэнт Ізраіля.

Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі

Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі – аднанэфавая базыліка, помнік архітэктуры барока XVII стагодзьдзя. Знаходзіцца ў заходняй частцы колішняга мястэчка, на высокім пагорку левага берага ракі Альшанкі, на гістарычнай Віленскай вуліцы. Дзейнічае.

Першы драўляны касьцёл у Вішневе ў 1424 годзе заснаваў вялікі князь Вітаўт. У 1451 годзе кашталян віленскі Сямён Гедыгольдавіч у сваёй лацінскай дароўнай грамаце касьцёлу ўжыў «народныя» словы «з пашняй» (cum agro alias z pasznia) і «сенажаці» (prata alias sianozaczy) — гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы і выразы.

У 1637–1641 гадох з фундацыі ваяводы наваградзкага Юрыя Храптовіча (спачыў ў крыпце правай капліцы) на месцы драўлянага збудавалі мураваны касьцёл. У 1675 годзе касьцёл асьвяціў біскуп Мікалай Слупскі. Касьцёл распісаны Фэрдынандам Рушчыцам.

У 1771 годзе па пажары будынак касьцёла аднавілі на сродкі Адама Храптовіча: да перадалтарнай травеі прыбудавалі квадратныя ў пляне капліцы.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Вішнеў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У другой палове XIX ст. каля касьцёла збудавалі мураваную браму-званіцу.

У 1906 годзе праводзілася рэканструкцыя будынка касьцёла, які ў выніку набыў 2-вежавы фасад.

Каардынаты: 54.142258, 26.209766.

Брама-званiца

Царква Сьвятых Казьмы і Дзям’яна

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у стылi эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі ў Вішневе збудавалі ў 1865 годзе (дата значыцца на фасадзе). За савецкім часам царква не зачынялася.

Каардынаты: 54.141493, 26.213377.