Вялейскі раён

Альковiчы

Альковiчы – вёска, якая знаходзiцца за 43 кiлямэтры у напрамку на ўсход ад Вялейкi, за 102 кiлямэтра ад Менску, за 3 кiлямэтры на поўнач ад аўтамабільнай дарогі Р63. У 10 кiлямэтрах на паўночны захад ад Альковічаў разьмешчанае Вялейскае вадасховішча, у 3 кiлямэтрах на поўнач працякае рака Кабылянка, прыток Вяльлі. Вёска злучана мясцовымі дарогамі з навакольнымі вёскамі Юнцfвічы, Аўcянікі, Стайкі, Мацькаўцы. Бліжэйшая чыгуначная станцыя знаходзiuцца ў Вялейцы.

У 1800 годзе Альковiчы – сяло, уласнасьць Леана Гарайна, у iм было 10 двароў, 71 жыхар; уніяцкая царква, карчма, у Альковiчах штогод праводзiлiся 2 кірмашы. У 1866 годзе гэта сяло у Крайскай воласьці Вялейскага павету; касьцёл, 1 кірмаш у год. У 1923 годзе гэта мястэчка, цэнтар гміны, 28 двароў, 170 жыхароў.

У 1938 годзе Альковiчы – мястэчка, у Ільлянскай вясковай гміне, 44 двары, 311 жыхароў. У 2003 годзе вёска, цэнтар сельсавету. 20 двароў, 40 жыхароў; мэдычная амбуляторыя, крама.

Касьцёл Адведзiнаў Найсьвяцейшай Панны Марыі

Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі – каталіцкі храм у цэнтры вёскi. Пабудаваны ў 1897–1902 гадох. Помнік архітэктуры нэаготыкі.

У 1699 годзе ў Альковічах была пабудаваная драўляная каталіцкая капліца з выявай Панны Марыі. У 1722 годзе біскуп Аляксандр Гараін, які валодаў Альковічамі, пабудаваў на свае сродкі драўляны касьцёл Раства Божай мацi. У другой палове XVIII стагодьдзя парафія ў Альковічах атрымала статус самастойнай. У гэты перыяд храм меў памеры 26х11 мэтраў, побач з храмам стаяла асобная двух’ярусная драўляная званіца. У 1761 годзе манахі з ордэна кармелітаў заснавалі пры касьцёле шпiталь.

У 1754 быў пабудаваны новы касьцёл у стылі нэаклясіцызм з шасьцікалонным порцікам і двух’яруснай вежай.

У 1897–1902 гадох побач са старым касьцёлам па фундацыi Багдановiчаў ішло ўзьвядзеньне нэагатычнага каменнага храма, асьвечанага ў 1905 годзе ў гонар Адведзiнаў Найсвяцейшай Панны Марыi. Стары драўляны храм не захаваўся.

Пачатак XX стагодьдзя. Жыхары суседняй вёскі Яноўшчына браты Баляслаў і Юзэф Адамавічы  паехалі ў ЗША на заробкі. У 1934 годзе, скалаціўшы там пэўны стан, яны вырашылі вярнуцца на радзіму, для чаго купілі не шмат не мала, але самалёт. Атрымаўшы транспартны сродак, яны ажыцьцявілі пералёт у Парыж, зь яго – у Варшаву, а пасьля яе ўжо на радзіму. Прызямліцца прама ў Янавічах магчымасьці не было, таму браты прыляцелі на аэрадром каля Альковічаў, які належаў шляхцічам Багдановічам, пасьля чаго адразу ж накіраваліся ў касьцёл Наведваньня Панны Марыі ў Альковічах.

Падчас Другое сусьветнае вайны ў Альковічах месьцiўся нямецкі гарнізон, які добра ахоўваўся. Вакол Альковічаў было шмат хутароў, вёсак і прыватных уладаньняў, гаспадары якіх валодалі каровамі, канямі і іншай жыўнасьцю. Каб партызаны не рэквізавалі ва ўладальнікаў гэтую самую жыўнасьць, сяляне прыганялі яе ў нямецкі гарнізон, дзе ўсе козы, авечкі, коні ды ўсе астатнiя жывёлы заставаліся ў бясьпецы.

Па заканчэньнi вайны савецкія ўлады касьцёл закрылі і збудавалі тут збожжасховішча. Адразу пасьля гэтага старшыня мясцовага калгаса загадаў дэмантаваць усе громаадводы. Прычына, чаму гэта было зроблена, як гавораць мясцовыя жыхары, была вельмі простая: каб у касьцёл было зручней заязджаць на трактарах. Ну і як водзіцца, падчас першай жа навальніцы маланка трапіла ў дзверы касьцёла, пасля чаго той згарэў. Што цікава: падчас пажару згарэла амаль усё, акрамя двух бакавых алтароў, якія бальшавікі прыбраць ці знішчыць паленаваліся. У паўразбураным выглядзе касьцёл знаходзіўся аж да 1989 года, пасьля чаго пачалася рэстаўрацыя. Сродкаў на рэстаўрацыю касцёла катастрафічна не хапала, таму было вырашана поўнасьцю званіцу не аднаўляць. У выніку яна стала карацейшай на шэсць мэтраў. Пасьля паўторнага асьвячэння мясцовыя жыхары сталі прыносіць у касьцёл скульптуры, абразы і іншае начыньне, якое яны пасьпелі выратаваць пасьля ператварэння таго ў збожжасховішча паўстагодьдзя таму, і якія ўсе гэтыя гады захоўваліся ў прыватным парадку ў таямніцы ад мясцовых уладаў.

У 1989 годзе храм Адведзiнаў быў вернуты Каталіцкай царкве, адрэстаўраваны і цяпер служыць дзеючым каталіцкім храмам. Яго прыхаджанамі з’яўляюцца ня толькі жыхары саміх Альковічаў, але і суседніх вёсак.

Каардынаты: 54.491957, 27.429119.