Вялейскі раён

Касута

Касута́ – вёска ў Крывасельскім сельсавеце Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца каля Вялейскага вадасховішча, разьмешчаная за 103 кIлямэтраў на паўночны захад ад Менску. Назва вёскі паходзіць ад назвы ракі Касуткі, якая ўпадае ў раку Вяльля.

Першы пісьмовы ўпамiн пра вёску Касута датаваны 1499 годам. Дакумэнты сьведчаць, што ў канцы ХV стагодзьдзя гэта паселішча было маёнткам-замкам ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага, спачатку – княгіні Ядвігі Гальшанскай, а з 1518 году ім валодаў віленскі кашталян Станіслаў Кезгайла і яго сыны. Ужо тады тут налічвалася 206 сялянскіх двароў. Ёсьць зьвесткі, што на працягу XVI – пачатку XVII стагодзьдзяў Касута належала вядомаму беларускаму роду Сапегаў. У 1638 годзе новы ўладальнік панскага маёнтку Савасьцян Сьвяцкі пабудаваў тут праваслаўную царкву Ўваскрэсеньня Хрыстова, неўзабаве вакол яе ўтварыўся і праваслаўны манастыр. Амаль адначасова ў Касуце ўзьнікае ўніяцкі кляштар, ва ўлоньне якога неўзабаве пераходзіць і мясцовае праваслаўнае брацтва разам са сваімі храмамі. Падчас казацка-сялянскай вайны 1648–1651 гадоў замак быў разбураны, але пасьля адноўлены. Яго гаспадарамі на працягу ХVIII–XIX стагодзьдзяў былі шляхецкія роды Любанскіх, П’яншэнскіх, Крываблоцкіх, Пузіных, Ромэраў, Сулістроўскіх, Туканаў, Вітгенштэйнаў.

Яшчэ ў канцы XVIII стагодзьдзя ў Касуце ўзвышаўся старадаўні драўляны храм Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Багародзіцы, дзе, відавочна, хрысьцілі Піліпа Орліка. Сёньня на яго месцы стаіць каменная Сьвята-Петрапаўлаўская царква, пабудаваная нашмат пазьней – ужо ў 1868 годзе. На ўскраіне вёскі захаваліся рэшткі разбуранага старадаўняга маёнтку.

Каля вёскі Касута ў лесе стаяць два крыжы, праваслаўны й каталіцкі. Тут 26 чэрвеня 1941 году было расстраляна каля паўтары сотні вязьняў зь Вялейскай турмы, якіх напачатку савецка-нямецкай вайны гналі на ўсход. Гэта – так званыя Касуцкія Курапаты.

У 1973 годзе пры напаўненьні вадой Вялейскага вадасховішча затапіла большую частку Касуты. Насельнiцтва вёскi па стану на 2010 год складала 7 чалавек. У апошнія гады ў вёсцы зьявілася некалькі дзясяткаў лецішчаў.

Царква сьвятых апосталаў Пятра і Паўла

Галоўная славутасьць Касуты – праваслаўная царква сьвятых апосталаў Пятра і Паўла. Пабудавана ў 1868 годзе.

Каардынаты: 54.510924, 27.067038.