Жодзін (Багуслаў Поле)

Жодзін (Багуслаў Поле)

Жодзін (афіцыйная назва – Жодзіна) – места на рацэ Плісе. Уваходзіць у склад Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 64 559 чалавек. Знаходзіцца за 50 кiлямэтраў на ўсход ад Менску, на аўтамабільнай дарозе Менск – Ворша; чыгуначная станцыя на лініі Менск – Ворша.

Жодзін – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Жодзін мае балцкае паходжаньне ад асновы zodis – «слова». У гістарычных крыніцах таксама сустракаюцца назвы Жодынь, Жодзіна Слабада, Багуслаў Поле.

Традыцыйная гістарычная назва паселішча – Жодзін. Цяперашняя афіцыйная форма Жодзіна (расейская – Жодино) пачала шырока ўжывацца ў выніку перайначваньня тапоніму на расейскі манер.

У 1643 годзе князь Багуслаў Радзівіл заснаваў мястэчка, якое першапачаткова мела назву Багуслаў Поле. На 1675 год у Багуславе існавалі вуліцы Менская, Жодзінская, Барысаўская, Смалявіцкая і Мезавая. Пад 1688 годам упамінаецца вёска Жодзіна Слабада на рацэ Паджодзінцы, у Менскім ваяводзтве, якая знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў.

На 1781 год у Жодзіне быў 41 двор і тры вуліцы (Барысаўская, Менская і Жодзінская).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Жодзін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. Статус паселішча панізілі да вёскі.

У 1871 годзе з завяршэньнем будаваньня Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі ў Жодзіне пачала працаваць чыгуначная станцыя. На 1895 год у вёсцы было 32 двары, на 1897 год – 97 гаспадарак, дзейнічала царква, працавалі народная вучэльня, вадзяны млын, кузьня, карчма і крама.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Жодзін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жодзін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну. У жніўні 1919 – ліпені 1920 году Жодзін займалі польскія войскі. У 1924 годзе ён стаў цэнтрам сельсавету Смалявіцкага раёну. На 1926 год у вёсцы было 193 двары, дзейнічала царква, працавалі 2 пачатковыя школы, клюб-чытальня, 2 кузьні, 2 сталярні, млын, 2 крамы. У 1931 годзе пачала працаваць 7-гадовая школа.

У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году Жодзін знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

21 студзеня 1958 году адбылося аб’яднаньне селішчаў Смалявіцкай ДРЭС, завода дарожных і мэліярацыйных машынаў і суседніх вёсак Зарэчча і Крушынкі ў гарадзкі пасёлак Жодзін. У 1958 годзе ў мястэчку заснавалі Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ).

7 сакавіка 1963 году Жодзін атрымаў статус места (гораду абласнога падпарадкаваньня). 22 верасьня 1998 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб «у чырвоным полі «вараскай» тарчы срэбная жаночая постаць трымае шчыт з гербам «Трубы».

16 жніўня 2020 году ў Жодзіне прайшоў Марш за свабоду.

Касьцёл Маці Божай Фацімскай

Касьцёл у Жодзіне быў пабудаваны ў 1996 –2 003 гадох.

Каардынаты: 54.106621, 28.300711.

Царква абраза Божай маці ‘Збавіцельніцы’

Царква была пабудаваная ў 1993 годзе.

Каардынаты: 54.101653, 28.299784.

Царква сьвятога Міхала Арханёла

Царква была пабудаваная ў 1991 годзе.

Каардынаты: 54.093477, 28.333814.

Царква сьвятых апосталаў Пятра й Паўла

Царква была пабудаваная пасьля 1990 года.

Каардынаты: 54.092752, 28.333547.

Усходнiя могiлкi. Капліца праваслаўная сьвятога Міхала Арханёла

Капліца была пабудаваная пасьля 1990 года на праваслаўных могілках.

Каардынаты: 54.125239, 28.359912.

Помнiк Купрыянавым

Манумэнт быў адкрыты ў 1975 годзе (скульптары А. Заспіцкі, І. Міско, М. Рыжанкоў, архітэктар А. Трафімчук). Правобразам для скульптуры маці стала жыхарка Жодзіна А. Ф. Купрыянава – маці пецярых сыноў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Каардынаты: 54.100482, 28.308051.

БелАЗ

Беларускі аўтамабільны завод (БЕЛАЗ) – беларускі вытворца буйной кар’ернай тэхнікі, заснаваны ў верасьні 1948 годзе.

На 2019 год ААТ «БелАЗ» вырабляла кар’ерныя самазвалы грузападымальнасьцю ад 30 да 450 тонаў, тэхніку для забесьпячэньня вытворчага цыклю ў кар’ерах, машыны для падземных працаў, бульдозэры, пагрузчыкі і аэрадромныя цягачы. Займаў звыш 30% сусьветнага рынку кар’ерных самазвалаў і зьяўляўся найбольшым іх вытворцам у сьвеце. Вырабляў 550 відаў кар’ерных самаходаў, якія пастаўляў у 80 краінаў. Пагатоў звыш 50% паставак прыпадала на Расею. Лік самаходаў, якія працавалі пад таварным знакам «БелАЗ», складаў каля 20 000. Прадпрыемства валодала вучэльняй з 6 клясамі відэатрэнажораў, дзе двойчы на год навучалі аўтасьлесараў і кіроўцаў самазвалаў.

Каардынаты: 54.103416, 28.326717.