Бешанковіцкі раён

Бешанковiчы

Бешанковічы – мястэчка на левым беразе Дзьвіны, яны знаходзяцца за 51 кiлямэтар ад Віцебску, за 38 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Чашнікі (лінія Ворша — Лепель). Бешанковічы – даўняе магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны. Да нашага часу тут захаваўся палацава-паркавы комплекс Храптовічаў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодьдьдзя.

Паводле найбольш папулярнага меркаваньня, тапонім Бешанковічы ўтварыўся ад слова бешань – «моцная плынь на сярэдзіне ракі». На думку беларускага географа Вадзіма Жучкевіча, у аснове назвы — прозьвішча Бешанковіч.

Паводле мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, гістарычная форма назвы паселішча — Бе́шанкавічы. Яна адпавядае той жа словаўтваральнай мадэлі, што і Алёхнавічы, Асіпавічы і Радашкавічы.

Паводле паданьня, першапачаткова Бешанковічы знаходзіліся на месцы сучаснай вёскі Мількавічы, на левым беразе Дзьвіны, вышэй за ўток у яе ракі Крывінкі. Пазьней іх перанесьлі на 6 км ніжэй. Першы пісьмовы ўпамін пра Бешанковічы датуецца 1447 годам у зьвязку з пабудовай тут царквы Сьвятога Ільлі вялікім князем Казімерам.

У 1605 годзе Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 году – у валоданьні аршанскага маршалка М. Андравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы набыў ваявода віленскі Казімер Леў Сапега, па чым яны пачалі імкліва разьвівацца і атрымалі статус мястэчка. Ужо 4 кастрычніка 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Бешанковічам Магдэбурскае права і дазвол на 2 кірмашы ў год і таргі штотыдзень. У 1650 годзе Казімер Леў Сапега збудаваў тут касьцёл. З канца XVІІ стагодзьдзя Бешанковічамі валодалі Агінскія, у мястэчку пачалі будавацца камяніцы. У Вялікую Паўночную вайну ў 1708 годзе тут стаялі расейскія войскі, тройчы спыняўся маскоўскі гаспадар Пётар I.

Зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя Бешанковічы — места, у якім было каля 1,5 тысячы двароў; цэнтар ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты; працаваў гасьціны двор. Для эканамічнага разьвіцьця Бешанковічаў важнае значэньне меў адзін з найбольшых у Беларусі штогадовых кірмашоў, што адбываўся з 29 чэрвеня па 27 ліпеня, на які прыяжджалі беларускія, расейскія і заходнеэўрапейскія купцы. У 1770-я гады Міхал Казімер Агінскі збудаваў у месьце палац, заклаў парк зь некалькімі экзотамі, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.

Касьцёл сьвятых Пятра й Паўла 

У 1650-м годзе Казімір Леў Сапега пабудаваў у мястэчке першы вядомы каталіцкі касьцёл. У 1876 годзе на месцы старога драўлянага касьцёла, пабудаванага ксяндзом Ляскоўскім на сродкі ксяндза Кярсноўскага, быў пабудаваны драўляны двухвежавы касьцёл пад тытулам Сьвятога Казіміра Каралевіча і Сьвятога Арханёла Рафала. Драўляны касцёл быў разбураны камуністычнымі ўладамі.

Сучасная парафія ў Бешанковічах была зарэгістравана 10 жніўня 2000 года.

1 ліпеня 2011 года быў зацверджаны праект і распачата будаўніцтва. 2 кастрычніка 2011 года быў урачыста асьвечаны і ўмараваны краевугольны камень. 29 чэрвеня 2019 года касцёл быў асвячоны біскупам віцебскім Алегам Буткевічам.

Каардынаты: 55.046815, 29.452406.