Глыбоцкі раён

Глыбокае

Глыбокае – старадаўняе беларускае места, якое размясьцілася паміж двух азёраў: Когальнага і Вялікага, зь якога, у сваю чаргу, выцякае рака Бярозаўка.

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымi даведнікамi, першае пісьмовае згадваньне аб Глыбокім як цэнтры маёнтка Зяновічаў зьмяшчаецца ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1514 годам. Аднак афіцыйна паселішча вядзе сваю гісторыю, пачынаючы з 1414 года, калі яно згадваецца як зямля, якая належыць Зяновiю Братошычу, які атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валоданьня спадчынай свайго бацькі.

Геаграфічнае становішча горада, размешчанага на Старой Смаленскай дарозе, паміж Вільняй і Полацкам дазваляла яму быць «мостам» паміж Заходняй і Усходняй Эўропай. Асноўным заняткам мясцовых жыхароў у тыя гады быў гандаль, меліся наладжаныя гандлёвыя сувязі з Рыгай, Кёнігсбергам, Вільняй і Варшавай.

Па стане на 1556 год Глыбокае мела статус мястэчка. Рэчка Бярозаўка падзяляла яго на 2 часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, а паўночна-ўсходняя належала Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводства.

У часы Лівонскай вайны 1563-1579 гадоў гораду і навакольлям быў нанесены значны ўрон.

У канцы XVI стагодьдзя Глыбокае перажывала перыяд новага росквіту. У гэты час былі заснаваныя кальвінскі збор, бібліятэка і школа. У сярэдзіне XVII стагодьдзя ў горадзе пабудавалі касьцёл Найсвяцейшае Тройцы, што згарэў пры пажары 1838 года, адноўлены зноўку і зноў згарэлы ў 1880 годзе.

У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай Глыбокае захапілі маскоўскія войскі, але ў студзені 1659 года мястэчка было вызвалены войскамі ВКЛ.

У 1668 годзе паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў, якія пабудавалі тут сядзібны комплекс. У тыя гады комплекс уключаў палац, флігель, пякарню, 2-павярховы лямус з галерэямі, сьвіраны, стайні, навесы, сажалка з вадзяным млынам, іншыя гаспадарчыя будынкі. На жаль, большая частка гэтай спадчыны была страчаная ў выніку чарады войнаў. Пры кляштары кармэлітаў працавалі школа, бібліятэка, фізічны кабінет, аптэка, шпіталь; было 40 музыкаў. У канцы XVIII стагодьдзя на мясцовых могілках пабудавалі Iльлiнскую капліцу і мемарыяльную калёну ў гонар Канстытуцыі 3 траўня.

Сёньня Глыбокае з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых малых гарадоў Беларусі. Галоўны рынкавы пляц, на процілеглых баках якога знаходзяцца два выдатных храма – дзьве жамчужыны беларускага горадзкога дойлiдзтва.

Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы

Першы парафіяльны касьцёл на месцы цяперашняга Траецкага фінансаваў ў 1628 годзе ваявода Амсьціслаўскі Язэп Корсак. Новы каменны касьцёл у стылі барока быў узведзены на месцы старога ў 1764–1782 гадох.

Каардынаты: 55.140980, 27.693692

Iнтэр’еры касьцёла

Сабор Раства Прасьвятой Багародзіцы
(колiшнi касьцёл кляштара кармэлітаў)

У 1639–1654 гадох па фундацыі ваяводы Амсьціслаўскага і старасты Дзісенскага Язэпа Корсака быў узьведзены касьцёл Усьпеньня Найсьвяцейшай Марыі Панны і кляштар кармэлітаў. У 1727 годзе ў кляштар перавялі зь Вільні кананічны навіцыят. У 1735 годзе галоўны фасад касьцёла перабудавалі ў стылі віленскага барока па праекце архітэктара Ю. Фантаны.

Па здушэньнi вызвальнага паўстаньня ў 1862 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар і прымусова адабралі будынак ў каталікоў. У 1872–1878 гадох касьцёл перабудавалі пад царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1892 годзе расейскія ўлады разбурылі два крыла кляштарнага корпуса, пакінуўшы толькі сабор.

Каардынаты: 55.139217, 27.696869

Iнтэр’еры сабора

Погляд на ўнутраную прастору сабора з хораў

Падземныя памяшканьні сабора

Погляд на ваколіцы са званіцы сабора

Пляц 17 Верасьня

Паміж дзьвума саборамі знаходзіцца галоўны гарадзкi пляц 17 Верасьня.

Алея знакамiтых землякоў

У 2012 годзе ў Глыбокім праходзіў Дзень пісьменства. Помнік Леніну зьнеслі, і ў гэтым месцы была закладзеная Алея знакамітых землякоў Глыбоччыны. Першапачаткова тут было 8 бронзавых бюстаў, але ў далейшым з’явіліся новыя. Тут ушанаваная памяць Юзэфа Корсака, намаганьнямі якога ў XVII стагодьдзі былі ўзведзеныя касьцёл, царква і іншыя славутасьці Глыбокага, Язэпа Драздовіча, мастака і фалькларыста, які шмат падарожнічаў па Беларусі, які любоўю да сваёй краіны прасякнуўся менавіта на малой радзіме, у Глыбоцкім раёне.

На Глыбоччыне нарадзіліся Ігнат Буйніцкі, заснавальнік беларускага тэатра, Вацлаў Ластоўскі, прэм’ер-міністр БНР і аўтар падручнікаў па гісторыі. Тут жылі выбітны авіяканструктар Павел Сухі, аўтар рамана «Знахар» Тадэвуш Даленга-Мастовіч, адраджэнец яўрыта Бэн-Егуда, паэт Алесь Дубровіч. Гэтыя і іншыя знакамітыя людзi краю ўшанаваныя на Алеі.

Ёсiф Корсак

Iгнат Буйнiцкi

Вацлаў Ластоўскі

Язэп Драздовiч

Эліэзэр Бэн-Егуда

Алесь Дубровіч

Павел Сухі

Юры Сабалеўскі

Капліца сьвятога Ільлі

У канцы XVIII стагодьдзя на могілках «Капцёўка» была пабудаваная невялікая каталіцкая капліца, асьвечаная ў гонар сьвятога Ільлі. Архітэктурны стыль капліцы гісторыкі вызначаюць як клясіцызм. Раней сьцены капліцы ўпрыгожвалі шматлікія фрэскі ўзрушаючай прыгажосьці, пакуль у 1930-я гады сьцены не былі затынкаваныя. У часы Савецкага Саюза каталіцкая капліца Святога Іллі была цалкам недзеяздольная і паступова прыйшла ў заняпад. У 80-х гадах XX стагодьдзя за доўгія гады бяздзейнасьці дах капліцы абваліўся, што зьнішчыла выдатны жывапіс.

Каардынаты: 55.139719, 27.705946.

Помнік барону Мюнхгаўзэну

У пачатку 2010-х гадоў на старых могілках Капцёўка была знойдзеная магіла нейкага Мюнхгаўзэна. Але знакаміты «барон-прыдумшчык» Геранім Карл Фрыдрых Мюнхгаўзен памёр у 1797 годзе і пахаваны ў роднай вёсцы Кемнедзе ў Германіі, не пакінуўшы спадчыньнікаў. Пакуль разбіраліся, што да чаго, у Глыбокае пацягнуліся турысты. Пазьней аказалася, што магіла належыць сямейнай пары Фэрдынанду і Вільгельміны фон Мюнхгаўзен, якія памёрлі 31 сакавіка 1871 года, але цікавасьць да пахаваньня ня зьнікла. Жыхары Глыбокага вырашылі ісьці да канца. У пацьверджаньне турыстычнай легенды да 600-годьдзя заснаваньня горада каля «Капцёўкі» быў усталяваны помнік барону Мюнхаўзену, які сядзіць верхам на гарматным ядры. Цяпер мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што «іх» Мюнхгаўзен – унук таго самага барона. Бо той мог пабываць праездам у Беларусі. Па чутках, хутка ў горадзе з’явіцца і музэй на гэтую тэму.

Каардынаты: 55.140035, 27.704296.

 

* * *

Некалькi словаў пра страчаную спадчыну Глыбокага. Сярод мясцовых славутасьцяў, якія не дайшлі да нашых часоў, вылучаўся манастыр базылянаў, палац Радзівілаў, сынагога і капліцы Сьвятога Крыжа і Сьвятога Язафата, помнікі архітэктуры XVIII стагодьдзя. Ад шмат якiх славусьцяў не засталося нiчога, ёсьць толкi здымкi бызылянскаго кляштара.

Колiшняя царква сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў (Беразьвечча)

Да 1949 года ў гарадзкім раёне Беразьвечча знаходзілася Царква Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў складзе базылянскага манастыра, які быў разбураны савецкімі ўладамі. 18 верасьня 1939 года, пасьля ўваходжаньня заходніх тэрыторыяў у склад СССР, манастырскі комплекс быў пераўтвораны ў сьледчую турму НКУС, тут жа быў арганізаваны Беразьвецкi лагер сьмерці. У ім загінулі ксяндзы Уладзіслаў Мацьковяк, Станіслаў Пыртак і Мечыслаў Багаткевіч. Яны адмовіліся пакінуць вернікаў і загінулі разам зь імі. Пазьней яны, як пакутнікі за веру, былі беатыфікаваны каталіцкай царквой. Усяго за паўтара годы ў Беразьвеччы савецкімі ўладамі было забіта звыш 4.700 мясцовых жыхароў. А потым ужо гітлераўцы замучылі там жа 27.000 чалавек.

На сёньняшні дзень ад манастыра і найпрыгажэйшай царквы засталіся толькі здымкі былой прыгажосьці.

Каардынаты: 55.16482, 27.67254

Трэба адзначыць, што ў польскім Беластоку ў 1991–1996 гадах пабудавалі практычна дакладную копію былой Петрапаўлаўскай царквы манастыра базылянаў. Вось так царква выглядае ў Беластоку:

Białystok. Kościół pw. Zmartwychwstania Pańskiego

Самалёт-помнiк

На ўезьдзе ў Глыбокае усталяваны сьпісаны савецкі зьнішчальнік-бамбардыроўшчык Су-17, распрацаваны ў першай палове 1960-х гадоў. Су-17  – першы савецкі самалёт з крылом пераменнай стрэлападобнасьцi. Помнік усталяваны ў гонар савецкага авіяканструктара Паўла Сухога.

Каардынаты: 55.11946, 27.672014