Лепельскі раён

Лепель

Лепель – места на беразе Лепельскага возера, адміністрацыйны цэнтар раёну, праз горад цякуць рэкi Ула и Эса. Лепель знаходзіцца за 115 кiляматраў ад Віцебску. Канцавая станцыя на чыгуначнай лініі Ворша – Лепель. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Полацкам, Менскам, Віцебскам, Воршай.

Лепель – даўняе места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Сьвятога Казімера і драўляная царква Сьвятой Параскевы Пятніцы, помнікі архітэктуры XIX стагодьдзя. Побач з касьцёлам у 2010 годзе паставілі першы ў Беларусі помнік канцлеру Льву Сапегу. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася Спаская царква ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Лепель. Географ Вадзім Жучкевіч лічыў, што ў яго аснове беларускія словы «лепей», «лепы» (у сэнсе «лепшы, прыгожы») або «ляпіць» (зьвязаны з ганчарным рамяством). На думку расейскага гісторыка А. Качубінскага, назва ўтварылася ад латыскага слова «Ііара» – «ліпа» (у сэнсе «возера сярод ліпавых лясоў»). Супрацоўнікі Рыскага музэю гісторыі, літаратуры і мастацтва імя Я. Райніса зьвязваюць назву места з латыскім «лепе» ці летувіскім «лепеле», што ў абодвух выпадках абазначае «жоўтыя гарлачыкі». Беларускі навуковец Р. Аўчыньнікава мяркуе, што тапонім мае фінска-вугорскае паходжаньне («леп») і перакладаецца, як «альховы».

Таксама існуе народнае паданьне пра знакамітага падарожніка, што завітаў на Лепельшчыну. Спачатку ён падзівіўся: «О, як тут пышна!» (гэтак узьнікла назва вёскі Пышна). Калі ж паехаў далей, то ўзрушыўся прыгажосьцю мясьцінаў: «Ого, а тут яшчэ лепей!» Адсюль, згодна з паданьнем, і ўтварылася назва Лепель.

Стары фотаздымак вулiцы Пушкiна

Першы пісьмовы ўпамін пра Лепель датуецца 1439 годам. У гэты час на высьпе Лепельскага возера існавалі вёска і маёнтак Стары Лепель, якія Міхал Жыгімонтавіч падараваў Віцебскаму рымска-каталіцкаму касьцёлу. У 1503 годзе вялікі князь Аляксандар зацьвердзіў за Віцебскім касьцёлам дарунак Міхала Жыгімонтавіча, дадаўшы да яго Баравенскае войтаўства і вёскі Машчоны ды Соржыцу. У 1541 годзе з згоды Папы Рымскага вялікі князь Жыгімонт Стары далучыў Лепельскі маёнтак да Віленскай катэдры. У Інфлянцкую вайну 1558–1582 гадоў на тэрыторыі маёнтку збудавалі драўляны замак.

У 1563 годзе побач з замкам на высьпе заснавалі места Лепель, пры якім працаваў гандлёвы порт. Таго ж году Віленская капітула, ня будучы ў стане бараніць маёмасьць ад бесьперапынных нападаў суседняй Маскоўскага дзяржавы, аддала маёнтак у валоданьне вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту з умовай, што калі ён захоча назаўсёды пакінуць гэтую маёмасьць сабе, то мусіць даць капітуле іншую маёмасьць той самай вартасьці. Аднак насуперак дамоўленасьці ў 1568 годзе Жыгімонт Аўгуст аддаў Лепель у пажыцьцёвае карыстаньне кашталяну смаленскаму Юрыю Зяновічу, а па ягонай сьмерці – ваяводу полацкаму Мікалаю Дарагастайскаму. У 1579 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вярнуў лепельскую маёмасьць Віленскай рымска-каталіцкай катэдры.

На 1580 год у месьце Лепелі было 300 дамоў, якія стаялі на высьпе і на заходнім беразе возера (цяпер гэта вёска Стары Лепель). 19 траўня 1586 году маёнтак Лепле набыў Леў Сапега. За 3 км ад Старога Лепеля, у вёсцы Белае, ён заснаваў мястэчка Белы Лепель або Новы Лепель, куды неўзабаве перамясьціўся гандлёвы цэнтар. Апроч таго, у мястэчку збудавалі замак, царкву і касьцёл. У 1609 годзе Леў Сапега перадаў Стары Лепель і Новы Лепель Віленскаму кляштару бэрнардынак, які дзейнічаў пры касьцёле Сьвятога Міхала.

Стары фотаздымак зачыненага шлюза на возеры

У 1772–1776 гадох у зьвязку зь першым падзелам Рэчы Паспалітай Лепель стаў сталіцай Полацкага ваяводзтва. У месьце адбываліся паседжаньні земскага і гродзкага судоў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лепель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Полацкай, з 1802 году Віцебскай губэрні.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лепель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Лепель увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яго разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З кастрычніку 1919 да 14 траўня 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай.

У 1924 годзе Лепель вярнуўся ў БССР, дзе стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 26 жніўня 1944 году Лепель знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

* * *

Касьцёл сьвятога Казімера

Першыя зьвесткі аб парафіі ў Лепеле паходзяць з 1604 года, калі Леў Сапега аддаў гэта мястэчка віленскім законьніцам-бэрнардынкам, што працавалі пры касьцёле сьвятога Міхала. У 1604 годзе ён фундаваў і багата абсталяваў касьцёл, які нагадваў вялікі карабель. Гэта быў адзін з першых трох касьцёлаў на Полацкай зямлі.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 года), калі Лепель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. Касьцёл двойчы гарэў: у 1799 і 1833 гадох, па другім пажары набажэнствы праводзіліся ў невялікай драўлянай капліцы.

У 1857–1876 гадох паводле праекту архітэктара Мачулевіча вялося будаваньне новага мураванага касьцёла ў стылi позьняга клясыцызму элемэнтамi раманскага стылю. Фундатарам сьвятыні выступіў мясцовы шляхціц Мальчэўскі.

За савецкім часам улады зачынілі касьцёл. У 1990-я гады сьвятыню вярнулі каталікам. З 1993 году адбываюцца рэгулярныя набажэнствы, а ў 1995 годзе касьцёл нанава асьвяцілі.

Каардынаты: 54.889599, 28.693365.

Скульптуры вакол касьцёла

Помнік Льву Сапегу

11 верасьня 2010 году ў цэнтры Лепеля ўрачыста адкрылі помнік дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу (нягледзячы на пратэсты Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату).

Каардынаты: 54.889343, 28.692597.

Пляц Свабоды (колiшнi Рынкавы, Саборны)

Агульны выгляд з боку паўднёвай частцы плошчы.

Гістарычная забудова Лепеля захавалася часткова. У цяперашні час на плошчы Свабоды (былой Рынкавай, Саборнай) можна знайсьці асобныя будынкі, якія захаваліся з канца XIX – пачатку XX стагодьдзя. Яны адзiнкавыя, але добра адрэстаўрыраваны і цешаць вока.

Школа мастацтваў

Гарадская школа мастацтваў. Першапачаткова будынак быў пабудаваны ў 1958 годзе як райкам кампартыі.

Прыгожае цагляны будынак у цэнтры паўночнай частцы плошчы быў пабудаваны ў 1902 годзе для патрэб мясцовай пошты. Свае функцыі яно працягвае выконваць і сёньня.

Мясцовы выканкам. Не шэдэўр, але і далёка не тыповы вырадак ў стылі масавай камуністычнай забудовы, якімі часта нявечылi аўтэнтычную забудову гарадоў і мястэчак.

Памятник «пятачку»

Кажуць, што ў Лепелі з нядаўніх часоў з’явілася традыцыя штогод ўсталёўваць па адной новай скульптуры ў год. У 2011 годзе тут на цэнтральнай плошчы, якую з-за сваёй круглай формы называюць «пятачком», з’явілася новая скульптурная кампазіцыя. Скульптар Леў Аганаў пра свой твор сказаў так: «Мне вельмі хацелася перадаць галоўнае, што ўласьціва лепельчанам ды й шматлікім беларусам: гаспадарчую кемлівасьць, дабрыню і гумар, упэўненасьць у тым, што сапраўдны гаспадар ніколі не зьнікне, нават калі і застаўся ў ягоным загашніку за ўсё адзін пятак».

Пятачок у сьвіньні заўсёды нацёрты да бляску. Новая грашовая прыкмета?

За валютна-грашовымі аперацыямі на плошчы строга сочыць Ільліч, якога па нейкай прычыне разгарнулі ў бок ад усяго таго, што адбываецца на ёй.

Вінаачышчальны склад (Вінакурня)

Яшчэ адзiн цiкавы стары будынак Лепеля знаходзiцца ледзь у баку ад плошчы Свабоды. Гэта колiшнi вінаачышчальны склад, пабудаваны ў 1897 годзе. Па іншых звестках гэта колiшнi бровар.

Каардынаты: 54.884562, 28.692124.

Парк і возера

Гарадзкі парк, размешчаны паміж цэнтральнай плошчай і возерам – вельмі прыемнае месца. Тут у любую пару года можна ўбачыць і матуль з калыскай, і простых жыхароў, і турыстаў, якія, хоць сустракаюцца і не часта, але да Лепеля усё ж даязджаюць.

Лепельскi Цмок

Увосень 2013 года ў гарадскім парку Лепеля пасяліўся цмок. Ён, у адрозьненьне ад многіх сваіх сваякоў у розных гарадах сьвету, быў добрым, аднагаловым і да сёньняшняга часу сваім полымем нікога не спаліў. Ды і нават полымя яго пакуль ніхто не бачыў. Такі вось мясцовы дабрак.

Цмок на беразе возера з’явіўся па ініцыятыве мясцовага краязнаўцы, Уладзіміра Шушкевіча, які вырашыў увекавечыць брэнд краю – Лепельскага цмока, знакамітага персанажа з мітаў Вялікага княства Літоўскага.

Лічыць менавіта Лепель радзімай Цмока сталі дзякуючы гістарычнаму раману Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні (Эвангельле ад Юды)», дзе падрабязна апісваецца вонкавы выгляд пачвары і распавядаецца, як у сярэднявеччы ў Лепельскім возеры за адну ноч загінулі каля 40 Цмокаў. Менавіта адліўка гэтай кнігі размяшчаецца сёньня каля ног Лепельскага цмока.

«Выглядам той цмок быў, як звер фока (цюлень), такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх (лагойскіх) сажняў, а калі пацікавіцца немец, то восем і адна пятая фадэна, а калі, можа, ангелец, то сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць два дзюймы. Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі – не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані. І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо – з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга. Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы Евінага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты».

Недзе ў сецiве праходзіла інфармацыя, што на самой справе на беразе Лепельскага возера цмок-дзяўчынка. На жаль, крыніца гэтай інфармацыі не захавалася. Але калі паглядзець у вочы цмоку (хлапец гэта цi дзяўчо?), то, як мінімум нешта мілавіднае ў тых вачах можна знайсьці.

На чатыры гады раней, за цмока, 12 верасьня ў 2009 годзе, у дзень першага згадваньня горада на беразе возера пасялілася русалка, работа скульптура Ігара Голубева. Знаходзяцца русалка і цмок побач і, магчыма, ахоўваюць адзін аднаго. Або паціху перагаворваюцца, калі побач нікога няма.

Агульны вiдарыс Лепельскага возера

Лепельская ГЭС

Лепельская ГЭС – адна з малых гідраэлектрастанцыяў у краiне. Яна размешчаная на рацэ Ула, што цячэ ў раку Ула. У пачатку 1990-х гадоў яна прапыніла выпрацоўку электраэнергіі і была закінутая. Рэканструяваная і зноў уведзеная ў эксплуатацыю 18 кастрычніка 2003 года.

Царква сьвятой Параскевы Пятніцы

Царква Святой Параскевы Пятніцы ў Лепеле з пачатку свайго заснаваньня была ўніяцкай. Такіх цэркваў на Беларусі было дастаткова многа. Некаторыя зь іх былі знішчаныя, астатнiя прымосову перадалi праваслаўнымі. Так і здарылася з лепельскай царквой: з уніяцкага храма Параскевы Пятніцы ў 1808 годзе ён быў ператвораны ў праваслаўны. Сёньняшняя драўляная царква сьвятой Параскевы Пятніцы ў Лепелі – помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. Збудавалі ў 1840–1841 гадох, а ў пачатку XX стагодьдзя царкву перабудавалі.

Каардынаты: 54.886675, 28.684198.

Царква Раства Хрыстова

У пачатку 1990-х гадоў для патрэбаў праваслаўнай абшчыны ў Лепелі была пабудаваная яшчэ адна праваслаўная царква.

Каардынаты: 54.885666, 28.686062.