Пастаўскі раён

Дунiлавiчы

Дунілавічы – вёска на рацэ Заражанцы. Гэта даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Першы пісьмовы ўпамін пра Дунілавічы як уладаньне князёў Гальшанскіх датуецца 1473 годам. У 1555 годзе, паводле тэстамэнту апошняга ўладальніка, маёнтак перайшоў да вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Пад 1556 Дунілавічы ўпамінаюцца як мястэчка.

У 1567–1577 гадах Дунілавічы знаходзіліся ў валоданьні Мікалая Крыштапа Радзівіла, пазьней перайшлі да Долмат-Ісайкоўскіх.

У 1624 годзе Крыштап Белазор разам з жонкай заснавалі ў Дунілавічах мураваны касьцёл, пры якім пачаў дзейнічаць дамініканскі кляштар. Пазьней мястэчкам валодалі Бжаздоўскія, Янішэўскія. 7 верасьня 1729 году і 10 студзеня 1765 году Дунілавічы атрымалі прывілеі каралёў і вялікіх князёў Аўгуста Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кляштар дамініканаў, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама палац Тышкевічаў.

Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы і кляштар дамініканаў

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканаў – помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, ён заходзіцца на гістарычным Рынку. Касьцёл будаваўся ў 1769–1773 гадах пры двухпавярховым мураваным кляштары дамініканаў.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай у 1793 годзе касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830–1831 гадоў у 1850 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар, пасьля чаго касьцёл стаў звычайным парафіяльным.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 у 1866 годзе касьцёл гвалтоўна перарабілі пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Да пачатку XX стагодьдзя расейскія ўлады зруйнавалі будынак кляштару (імаверна, захаваліся падмуркі).

Каардынаты: 55.076010, 27.235414

Акрамя сваё прыгажосьці, касьцёл вядомы яшчэ і тым, што тут знаходзіцца адзіны ў Беларусі двух’ярусны алтар.