Пастаўскі раён

Камаi

Кама́і – вёска на беразе Малога і Вялікага Камайскіх азёраў, яна знаходзяцца за 18 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Паставаў. Камаі – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны.

Упершыню Камаі ўпамінаюцца ў пачатку XVI стагодьдзя як маёнтак князя Глеба Пронскага. Па ягонай сьмерці ў 1513 годзе Камаі перайшлі ў валоданьне ўдавы, а ў 1533 годзе – да сыноў Андрэя і Фрыдэрыка. З 1722 году Камаі знаходзіліся ў валоданьні Сулістроўскіх.

Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьцiцеля

У Кама́ях знаходзіцца адзін з трох найбольш вядомых беларускіх храмаў абарончага тыпу, нароўні з цэрквамі ў Сынко́вічах і Мураванцы. Магчыма, гэтым абумоўлена жорсткая аскетычнасьць яго знешняга аблічча. Што, зрэшты, толькі дадае касьцёлу брутальнасьці і падкрэсьлівае яго шаноўны ўзрост.

Будаваўся касьцёл ў 1603–1606 гадох па фундацыi Яна Рудаміны-Дусяцкага. У 1643 годзе пры касьцёле П. і М. Рудаміны заснавалі шпіталь. У сярэдзіне XVII стагодьдзя у выніку пажару адбыўся абвал скляпеньняў. Па адбудове ў 1673 годзе касьцёл асьвяціў віленскі біскуп-суфраган М. Слуцкі.

У Вялікую Паўночную вайну 1700–1721 гадох касьцёл трапіў пад гарматны абстрэл. Пазьней яго аднавілі, а ў сьцены ўмуравалі швэдзкія ядры. У 1778 годзе на сродкі Войнаў і Козелаў да касьцёла прыбудавалі вялікую прастакутную ў пляне капліцу з крыптай.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай ў 1795 годзе касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1861 годзе будынак адрамантавалі.

Касьцёл у Камаях ніколі не быў зачынены. Гэты факт, улічваючы яго салідны ўзрост: больш за 400 гадоў, робіць храм унікальным. Нават пры камуністах касьцёл дзейнічаў дзякуючы добраму стаўленmню ўладаў да мясцовага ксяндза Булькі, які падчас вайны ратаваў партызан ад немцаў.

Каля касьцёла стаіць каменны крыж, высечаны ў XV—XVI стагодзьдзях з маналітнага граніту-валуна (вышыня 2,5 мэтры, шырыня ў гарызантальнай папярочыне – 1,88 мэтраў).

Існуе меркаваньне, што ад касьцёла існаваў падземны ход да плябаніі і далей дадолу да азярца і палаца Чаховічаў: паводле сьведчаньня местачкоўцаў, пры пракладцы брукаванай дарогі Камаі – Гадуцішкі каля касьцёла натрапілі на мураванае скляпеньне падземнага ходу.

Каардынаты: 55.060357, 26.605093.