Полацак

Частка 1. Сафійскі сабор

Сафiйскi сабор

Будаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і ў Полацку традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага пэрыяду княжаньня Ўсяслава Брачыславіча — 1044—1066 гадамі. Яе ўзводзілі з арыентацыяй на бізантыйскія ўзоры і на такія ж цэрквы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Існуе гіпотэза, што саборную царкву збудавалі на месцы ранейшага капішча, прысьвечанага Перуну або Вялесу. Асноўны дасьледнік помніка археоляг Валянцін Булкін у 1970-х гадох выявіў культурны пласт зь сьлядамі пажару, які папярэднічаў часу будаваньня мураванай царквы і мог належаць першапачатковаму драўлянаму будынку.

Будаваньне саборнай царквы ў Полацку можна тлумачыць амбіцыямі Ўсяслава Брачыславіча на гегемонію ўва ўсходнеславянскім сьвеце. Зьяўленьне ўласнай Сафіі ня толькі падкрэсьлівала незалежны статус Полацку датычна Кіева, але і давала падставы да параўнаньня места з «Новым Ерусалімам», або «Другім Канстантынопалем». Такім чынам, Полацак разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляваньне цэнтру хрысьціянскага сьвету.

Полацкі Сафійскі сабор упершыню ўпамінаецца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх канца XIV ст.: «Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ». Аб першапачатковым выглядзе сабора зьвесткі ёсьць самыя супярэчлівыя. У адных крыніцах ён пазначаны як сямігаловы, у іншых – пяцігаловы.

Меркаваны пачатковы выгляд Сафiйскага сабора

У 1494–1501 гадох саборную царкву грунтоўна перабудавалі пад абарончы храм з чатырма нарожнымі вежамі. Будынак стаў важным пунктам абароны Полацку. У ім захоўваліся скарбы места, земскія кнігі Полацкага ваяводзтва, адбываліся сходы месьцічаў. Выгляд царквы на 1579 год адлюстраваў на сваёй гравюры С. Пахалавіцкі.

Па складаньні Берасьцейскай уніі ў 1596 годзе будынак перайшоў да ўніятаў. Па пажары і частковым разбурэньні ў 1607 годзе царква заняпала, у 1618 годзе архіяпіскап Язафат Кунцэвіч аднавіў і значна перабудаваў яе.

У 1642 годзе царква зноў пацярпела ад пажару, аднак неўзабаве яе аднавілі. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Полацак акупавалі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, які наведаў царкву. Да 1667 году будынак гвалтоўна адабралі ў Сьвятога Пасаду ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату. Па вызваленьні места царква вярнулася да ўніятаў..

За часамі Вялікай Паўночнай вайны 11 ліпеня 1705 году маскоўскі гаспадар Пётар I забіў у царкве 6 уніяцкіх сьвятароў і манахаў. Пра гэтую падзею паведамляе ў Віцебскі летапіс. Па забойстве манахаў Пётар I з выкарыстаньнем расейскіх войскаў гвалтоўна зачыніў царкву і загадаў разьмясьціць у ёй парахавы склад. 1 траўня 1710 году на складзе адбыўся выбух, які практычна цалкам зьнішчыў помнік. Захаваліся толькі руіны алтарных апсыдаў вышынёй да 9 мэтраў.

У 1738 годзе з ініцыятывы і на ўласныя сродкі архіяпіскапа Флярыяна Грабніцкага пачалося аднаўленьне зруйнаванай царквы. Да 1750 году з выкарыстаньнем захаваных фрагмэнтаў архітэктар Ян Гляўбіц[ збудаваў базыліку ў стылі віленскага барока. У гэты ж час побач з царквой збудавалі манумэнтальны корпус манастыра базылянаў.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай 1772 года царква працягвала дзейнічаць. Аднак па ліквідацыі уніі ў 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі будынак у Сьвятога Пасаду і перадалі яго Маскоўскаму патрыярхату, па чым будынак занядбалі. У пачатку XX стагодьдзя расейскія ўлады зруйнавалі манастырскі корпус. У 1911–1914 гадох праводзіўся капітальны рамонт царквы.

У 1924 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву і разьмясьцілі ў ёй краязнаўчы музэй. У Другую сусьветную вайну у 1942–1944 гадох у будынку праводзіліся набажэнствы. Пэўны час помнік служыў як збожжасховішча, а потым як архіў.

У 1975 годзе пачалася рэстаўрацыя Сафійскага сабору. У 1985 годзе ў будынку ўсталявалі новы арган «Рыгер-Клос» работы чэскіх майстроў.

У цяперашні час камяні старога падмурка даступныя да агляду ў падвальнай частцы сабора. Ад сабора XI стагодьдзя захавалася апсыда вышынёй каля 9 мэтраў, якая складаецца з трох частак (з правага боку сабора, калі стаяць тварам да ўваходу ў храм), рэшткі сьценаў, склеп.

Каардынаты: 55.486116, 28.758563

Правая апсыда, што знаходзіцца на наступным фотаздымку ў цені – самае старое каменнае збудаваньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Наступная частка. Частка 2. ⟶
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр