Полацак

Частка 3. Iншыя сакральныя будынкi

Лютэранская кiрха

У 1775 годзе ў Полацку і Магілёве ўзьніклі лютэранскія абшчыны немцаў, у тым жа годзе была заснавана драўляная лютэранская кірха.

Дакладна вядома, што ў 1848 годзе ў Полацку ўжо існавала лютэранская кірха. Сучасная кірха ў стыле нэаготыкі была пабудаваная дзесьці паміж 1905–1912 гадамi на месцы старой драўлянай, пасьля імпэратарскага ўказу ад 17 красавіка 1905 года аб верацярпімасьці. У вынiку ў Полацку пачаўся пераход праваслаўных у лютэранства, пасьля чаго ў Полацку ўзьнік самастойны прыход (раней полацкія лютэране адносіліся да Віцебскага прыхода) і пачала будавацца новая кірха. Кірха без перапынку працавала да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У адрозьненні ад шматлікіх іншых беларускіх храмаў, разбураных камуністычнымі ўладамі, кірхе ў Полацку пашанцавала застацца, у 1948 годзе тут размясьціўся Полацкі краязнаўчы музей, які працуе ў гэтым будынку да сённяшняга часу.

Каардынаты: 55.483706, 28.771946

Від на кірху з левага берага Заходняй Дзьвіны.

А вось так кірха выглядае зблізку.

З 1948 года ў будынку храма размяшчаецца Полацкі абласны краязнаўчы музэй.

Манастыр i Сабор Божага Яўленьня

Манастыр Божага Яўленьня заснаваны ў XVI стагодьдзi, ён з’яўляўся цэнтрам праваслаўнага полацкага брацтва. Уключаў царкву Божага Яўленьня і жытловы корпус (цяпер выкарыстоўваецца пад музэй). У пачатку XVII ст. будынкі манастыра згарэлі. Паводле некаторых зmвестак, галоўная манастырская царква згарэла ў 1682 годзе і замест яе пабудавана капліца; пасля пажару 1757 года на сродкі жыхароў у 1761 годзе пачалося аднаўленьне храма, былі напалову ўзьведзеныя сьцены, але праз год яны iзноў згарэлі. У 1779 годзе будаўніцтва царквы было завершана, у далейшым яна неаднаразова перабудоўвалася.

Пасля наведвання ў 1780 годзе Полацка Кацярынай II было выдзелена 35.221 рублёў на ўпарадкаваньне манастыра. У 1782 годзе архітэктар Дж. Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэньня: прадугледжвалася раскрыцьцё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вуліцы Вялікай (сучасная вуліца Леніна). У 1782–1785 гадох з захаду ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы, у якой ў 1656–1659 гадох выкладаў Сімяон Полацкі, быў узьведзены новы корпус: у ім знаходзіліся кельлі манахаў, пакоі ігумена і две цёплыя царквы — Эўфрасіньнеўская і Кацярынінская. З усходу ад царквы ў пачатку XIX стагодьдзi пабудаваны «эканамічны дом», у якiм з 1835 году знаходiлася мужчынскае духоўнае вучылішча, на сёньня яно не захавалася.

У 1784–1791 гадзх і 1812–1819 гадох у жытловым корпусе размяшчалася народнае вучылішча, у 1792–1812 гадох – багадзельня. У 1959 годзе на будынку манастыра ўстаноўлена мемарыяльная дошка Сімяону Полацкаму.

У 1970-я гады будынак манастыра рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жытловы дом. У Богаяўленскай царкве пасля рэстаўрацыі з 1981 годзе размяшчалася карцінная галерэя.

Каардынаты: 55.483861, 28.768575

Напярэдадні Вялікадня ў горадзе паўсюль можна ўбачыць чэргі на асвячэньне велікодных кулічоў, яек і іншай ежы. У тым ліку і перад уваходам у Богаяўленскі манастыр.

Ўнутранае ўбраньне галоўнай царквы манастыра, Богаяўленскай.

Касьцёл святога Андрэя Баболі

Касьцёл сьвятога Андрэя Баболі быў пабудаваны параўнальна нядаўна, у 1997 годзе.

Калісьці на месцы храма быў кінатэатар, часткова яго пабудова выкарыстана пры ўзвядзеньні касьцёла, але аўтар праекта, архітэктар В.Паiругi, у корані перапрацаваў ідэі пабудовы. У выніку атрымаўся касьцёл, які адпавядае ўсім канонам каталіцкага культавага збудаваньня. Асаблiвасьцю касьцёла з’яўляецца пяціяруснай вежа-званіца.

Каардынаты: 55.478507, 28.765719

Від на касьцёл з паўночнага берага Заходняй Дзвіны.

Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы

Сьвята-Пакроўскі храм быў пабудаваны ў 1781 годзе і першапачаткова з’яўляўся могілкавай царквой Богаяўленскага манастыра. У 1804 годзе царква была абвешчаная саборнай, яна выконвала ролю кафедральнага храма.

Падчас пажару 1900 года Сьвята-Пакроўская царква згарэла. Палачане пачалі збіраць сродкі на аднаўленьне храма. Праз пяць гадоў пасля пажару 21 траўня1905 года быў закладзены падмурак новай Сьвята-Пакроўскай царквы, на гэты раз каменнай. Да пачатку Першай сусьветнай вайны цагляны храм быў, верагодна, ужо выбудаваны.

У пачатку 30-х гадоў XX стагодьдзя Сьвята-Пакроўская царква была зачынена савецкай уладай. Служыцелі храма былі падвергнуты рэпрэсіям. Пасля вызваленьня Полацка ад нацыстаў у 1944 годзе ў будынку храма была адкрыта цукерачная фабрыка. У 60-я гады XX стагодьдзя адбыўся пажар, падчас якога будынак царквы моцна пацярпеў. У 1967 году абгарэлыя сцены храма былі разабраныя.

У 1991 годзе грамадскасьцю Полацка быў узьнята пытаньне аб аднаўленьні храма. Работы былі пачатыя ў 1997 годзе, адноўлены ў 2003 годзе. У кастрычніку 2004 года адбылося адкрыцьцё і асвячэньне адноўленага храма.

Каардынаты: 55.483290, 28.784197

Царква стараверская Успенская

Сьвята-Усьпенская царква – мураваны стараверскі праваслаўны храм. Ён быў пабудаваны ў 1998 годзе з цэглы на вуліцы Гагарына, на правым беразе ракi Заходняя Дзьвіна.

Каардынаты:

⟵ Папярэдняя частка. Частка 2
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр

Наступная частка. Частка 4. ⟶
Грамадзянская забудова