Сафiйскi сабор
Будаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і ў Полацку традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага пэрыяду княжаньня Ўсяслава Брачыславіча — 1044—1066 гадамі. Яе ўзводзілі з арыентацыяй на бізантыйскія ўзоры і на такія ж цэрквы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Існуе гіпотэза, што саборную царкву збудавалі на месцы ранейшага капішча, прысьвечанага Перуну або Вялесу. Асноўны дасьледнік помніка археоляг Валянцін Булкін у 1970-х гадох выявіў культурны пласт зь сьлядамі пажару, які папярэднічаў часу будаваньня мураванай царквы і мог належаць першапачатковаму драўлянаму будынку.
Будаваньне саборнай царквы ў Полацку можна тлумачыць амбіцыямі Ўсяслава Брачыславіча на гегемонію ўва ўсходнеславянскім сьвеце. Зьяўленьне ўласнай Сафіі ня толькі падкрэсьлівала незалежны статус Полацку датычна Кіева, але і давала падставы да параўнаньня места з «Новым Ерусалімам», або «Другім Канстантынопалем». Такім чынам, Полацак разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляваньне цэнтру хрысьціянскага сьвету.
Полацкі Сафійскі сабор упершыню ўпамінаецца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх канца XIV ст.: «Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ». Аб першапачатковым выглядзе сабора зьвесткі ёсьць самыя супярэчлівыя. У адных крыніцах ён пазначаны як сямігаловы, у іншых – пяцігаловы.
Меркаваны пачатковы выгляд Сафiйскага сабора

У 1494–1501 гадох саборную царкву грунтоўна перабудавалі пад абарончы храм з чатырма нарожнымі вежамі. Будынак стаў важным пунктам абароны Полацку. У ім захоўваліся скарбы места, земскія кнігі Полацкага ваяводзтва, адбываліся сходы месьцічаў. Выгляд царквы на 1579 год адлюстраваў на сваёй гравюры С. Пахалавіцкі.
Па складаньні Берасьцейскай уніі ў 1596 годзе будынак перайшоў да ўніятаў. Па пажары і частковым разбурэньні ў 1607 годзе царква заняпала, у 1618 годзе архіяпіскап Язафат Кунцэвіч аднавіў і значна перабудаваў яе.
У 1642 годзе царква зноў пацярпела ад пажару, аднак неўзабаве яе аднавілі. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Полацак акупавалі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, які наведаў царкву. Да 1667 году будынак гвалтоўна адабралі ў Сьвятога Пасаду ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату. Па вызваленьні места царква вярнулася да ўніятаў..
За часамі Вялікай Паўночнай вайны 11 ліпеня 1705 году маскоўскі гаспадар Пётар I забіў у царкве 6 уніяцкіх сьвятароў і манахаў. Пра гэтую падзею паведамляе ў Віцебскі летапіс. Па забойстве манахаў Пётар I з выкарыстаньнем расейскіх войскаў гвалтоўна зачыніў царкву і загадаў разьмясьціць у ёй парахавы склад. 1 траўня 1710 году на складзе адбыўся выбух, які практычна цалкам зьнішчыў помнік. Захаваліся толькі руіны алтарных апсыдаў вышынёй да 9 мэтраў.
У 1738 годзе з ініцыятывы і на ўласныя сродкі архіяпіскапа Флярыяна Грабніцкага пачалося аднаўленьне зруйнаванай царквы. Да 1750 году з выкарыстаньнем захаваных фрагмэнтаў архітэктар Ян Гляўбіц[ збудаваў базыліку ў стылі віленскага барока. У гэты ж час побач з царквой збудавалі манумэнтальны корпус манастыра базылянаў.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай 1772 года царква працягвала дзейнічаць. Аднак па ліквідацыі уніі ў 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі будынак у Сьвятога Пасаду і перадалі яго Маскоўскаму патрыярхату, па чым будынак занядбалі. У пачатку XX стагодьдзя расейскія ўлады зруйнавалі манастырскі корпус. У 1911–1914 гадох праводзіўся капітальны рамонт царквы.
У 1924 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву і разьмясьцілі ў ёй краязнаўчы музэй. У Другую сусьветную вайну у 1942–1944 гадох у будынку праводзіліся набажэнствы. Пэўны час помнік служыў як збожжасховішча, а потым як архіў.
У 1975 годзе пачалася рэстаўрацыя Сафійскага сабору. У 1985 годзе ў будынку ўсталявалі новы арган «Рыгер-Клос» работы чэскіх майстроў.
У цяперашні час камяні старога падмурка даступныя да агляду ў падвальнай частцы сабора. Ад сабора XI стагодьдзя захавалася апсыда вышынёй каля 9 мэтраў, якая складаецца з трох частак (з правага боку сабора, калі стаяць тварам да ўваходу ў храм), рэшткі сьценаў, склеп.
Каардынаты: 55.486116, 28.758563

Правая апсыда, што знаходзіцца на наступным фотаздымку ў цені – самае старое каменнае збудаваньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.



Калегіюм езуітаў
Калегіюм ў Полацку быў заснаваны ў 1580 годзе як сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў. У гэтым жа годзе на высьпе Дзьвіны быў пабудаваны будынак калегіюму. У 1-й палове XVII стагодзьдзя пасьля пажару быў пабудаваны драўляны касьцёл сьвятога Стэфана і будынкі калегіюма і вучэльні на новым месцы паміж Верхнім замкам і пасадам.
Калегіюм паступова разьвіваўся да 1772 года, калі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай усходняя частка Беларусі была далучаная да Расейскай імпэрыі. У ліку далучаных да Расеі гарадоў быў і Полацак. Праз год пасьля гэтай падзеі дзейнасьць ордэну езуітаў была забароненая рашэньнем папы рымскага. Аднак Кацярына II дадзенае рашэньне не падтрымала і на тэрыторыі імпэрыі езуіты працягнулі сваю дзейнасьць. Полацак фактычна стаў іхнай сталіцай. Больш за тое, з 1777 годзе пры Полацкім калегіюме быў адкрыты адзіны ў тагачаснай Эўропе езуіцкі навіцыят (установа для падрыхтоўкі манахаў).
Пры калегіюме ствараўся і найбуйнейшы кнігазбор гораду. Бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіюму стала адным з цэнтраў інтэлектуальнага жыцьця Беларусі, была прадметам пастаяннага клопату полацкіх езуітаў. Пры калегіюме дзейнічала друкарня.
У 1812 годзе калегіюм пераўтвараецца ў езуіцкую акадэмію навук і прыраўноўваецца да ўнівэрсытэту. 12 студзеня расейскі імпэратар Аляксандар I у выніку намаганьняў сьвецкіх колаў Беларусі выдаў указ пра адкрыцьцё ў Полацку вышэйшай навучальнай установы. 10 чэрвеня адбылося адкрыцьцё Полацкай акадэміі. Са сьценаў акадэміі пачалі свой шлях гісторык і архэоляг Канстанцін Тышкевіч, астраном і філёзаф Юзаф Накцыяновіч, пісьменьнікі Юзаф Масальскі і Ян Баршчэўскі, жывапісец Валянцін Ваньковіч. Навучальныя ўстановы на захопленых Расеяй землях рабіліся асяродкамі апазыцыі калянізатарам. Расейскія ўлады адчулі небясьпеку і ў сакавіку 1820 году зачынілі акадэмію. Некалькі тысячаў тамоў акадэмічнай бібліятэкі вывезьлі ў Расею.
У былым калегіюме з 1835 года разьмясьціўся Полацкі кадэцкі корпус. Да заходняга крыла галоўнага будынка далучаецца новая частка, узьведзены дом дырэктара і 6 службовых будынкаў. Плошчу перад калегіумам ўпрыгожваў касьцёл сьвятога Стэфана.
Рынак. Езуiцкi калегiюм i касьцёл сьвятога Стэфана. Напалеон Орда. 1875–1876

У студзені 1964 года касьцёл сьвятога Стэфана і частка калегіюма былі ўзарваны. Пасьля разбурэньня атрымалася каля 50 тысячаў кубічных мэтраў «добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу году былі выкарыстаны на добраўпарадкаваньне гораду». «За добра выкананыя працы па абрушэньні будынку кадэцкага корпусу ў горадзе Полацку» ўдзельнікам акцыі была аб’яўлена падзяка, двое зь іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама.
На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976–1979 гадох узьведзены «прэстыжны» дзевяціпавярховы жылы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіюма, схаванага за гэтай плоскай каробкай «з вушамі», захаваліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.
У 2005 годзе комплекс будынкаў былога калегіюма быў рэканструяваны і перададзены Полацкаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту. Сучасны Полацкі ўнівэрсытэт імкнецца да пераемнасьці з традыцыямі калегіюма і акадэміі езуітаў.
Каардынаты: 55.4861804, 28.763462. Адрас: вулiца Стралецкая, 4а.

Раней пры кляштары знаходзіўся найпрыгажэйшы касьцёл сьвятога Стэфана, збудаваны ў 1738 годзе і ўзарваны камуністамі ў 1964 годзе. Сёньня існуюць толькі невялікія фрагмэнты падмурка, якія засталіся ад касьцёла. Хочацца думаць, што ў сёньняшнiх уладаў горада хопіць мужнасьці і сілаў аднавіць сьвятыню. Тым больш, што прэцэдэнт створаны: цэнтар Віцебска амаль цалкам адноўлены з руінаў, пакінутых Саветамі, менавіта за апошнія дваццаць гадоў. Але там гаворка ідзе пра аднаўленьне праваслаўных помнікаў. З каталікамі цяперашнія ўлады, падобна, сябруюць ня надта. Напэўна, для аднаўленьня каталіцкіх святынь трэба дабраславеньне самога расейскаго праваслаўнага патрыярха, а ці будзе яно атрымана – пытанне, здаецца, рытарычнае.





Лютэранская кiрха
У 1775 годзе ў Полацку і Магілёве ўзьніклі лютэранскія абшчыны немцаў, у тым жа годзе была заснавана драўляная лютэранская кірха.
Дакладна вядома, што ў 1848 годзе ў Полацку ўжо існавала лютэранская кірха. Сучасная кірха ў стыле нэаготыкі была пабудаваная дзесьці паміж 1905–1912 гадамi на месцы старой драўлянай, пасьля імпэратарскага ўказу ад 17 красавіка 1905 года аб верацярпімасьці. У вынiку ў Полацку пачаўся пераход праваслаўных у лютэранства, пасьля чаго ў Полацку ўзьнік самастойны прыход (раней полацкія лютэране адносіліся да Віцебскага прыхода) і пачала будавацца новая кірха. Кірха без перапынку працавала да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У адрозьненні ад шматлікіх іншых беларускіх храмаў, разбураных камуністычнымі ўладамі, кірхе ў Полацку пашанцавала застацца, у 1948 годзе тут размясьціўся Полацкі краязнаўчы музей, які працуе ў гэтым будынку да сённяшняга часу.
Каардынаты: 55.485264, 28.762815.
Від на кірху з левага берага Заходняй Дзьвіны

А вось так кірха выглядае зблізку.



Касьцёл святога Андрэя Баболі
Касьцёл сьвятога Андрэя Баболі быў пабудаваны параўнальна нядаўна, у 1997 годзе.
Калісьці на месцы храма быў кінатэатар, часткова яго пабудова выкарыстана пры ўзвядзеньні касьцёла, але аўтар праекта, архітэктар В.Паiругi, у корані перапрацаваў ідэі пабудовы. У выніку атрымаўся касьцёл, які адпавядае ўсім канонам каталіцкага культавага збудаваньня. Асаблiвасьцю касьцёла з’яўляецца пяціяруснай вежа-званіца.
Каардынаты: 55.478507, 28.765719.


Від на касьцёл з паўночнага берага Заходняй Дзвіны.

Наступная частка. Частка 2. ⟶
Вулiца Эўфрасіньнi Полацкай i Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр


