Шаркоўшчынскі раён

Германавiчы

Германавічы – вёска на рацэ Дзісьне, гэта даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), каля мяжы з Полаччынай. Да нашага часу тут захаваліся былая царква Сьвятога Спаса ў стылі віленскага барока і палац Шырынаў у стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII стагодьдзя.

Першы пісьмовы ўпамін пра Германавічы (Ерманавічы) як сяло на мяжы Віленскага і Полацкага ваяводзтваў датуецца 1563 годам. Імаверна, яны належалі да маёнтку Сапегаў з цэнтрам у Іказьні. У 1640 гады тут збудавалі драўляную царкву (Сьвяты Пасад).

У 1739 годзе Юзэф Станіслаў Сапега прадаў мястэчка Германавічы з фальваркам Шабалаўшчына інфлянцкаму пану Яну фон Экель Гілзену. 3 гэтага часу Германавічы – цэнтар асобнага маёнтку, які ахопліваў вёскі Атокі, Белы Двор, Марыямпаль, Перамены, Пузаны, Рэчкі, Юзафоў.

У 1782 годзе мястэчка перайшло ў валоданьне Шырынаў. У 1787 годзе Ігнаці Шырын збудаваў тут новую мураваную царкву, а ў 1791 годзе пачаў будаваньне мураванага манастыра базылянаў. У пачатку XIX ст., каб пазьбегнуць гвалтоўнага адабраньня царквы ва ўласнасьць Урадавага сыноду Расейская Iмпэрыi, мясцовыя жыхары ператварылі яе ў касьцёл.

Касьцёл Перамяненьня Пана

Касьцёл будаваўся ў 1770—1787 гадох ў стылi віленскага барока з фундацыі ўладальніка маёнтку Ігнація Зрыні-Шырына. У некаторых крыніцах касьйёл значыцца пад тытулам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, аднак у касьцельным архіве прыводзіцца тытул Перамяненьня Пана.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1810 годзе ён стаў парафіяльным, у 2-й палове XIX стагодьдзя парафія налічвала больш за 3 тысячы вернікаў.

У 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак прыстасавалі пад гаспадарчыя патрэбы. У 1988 годзе сьвятыню вярнулі каталікам. 31 кастрычніка 1988 году касьцёл паўторна асьвяцілі.

Каардынаты: