Талачынскі раён

Талачын

Талачын – места на рацэ Друці, адміністрацыйны цэнтар Талачынскага раёну. Знаходзіцца за 4 кiлямэтры на поўдзень от трасы М1, за 124 кiлямэтры на паўднёвы захад ад Віцебску. Насельніцтва на 2018 год складала 9.690 чалавек.

Існуе дзьве вэрсіі паходжаньня тапоніму Талачын. Першая зьвязвае назву паселішча з словам талака – ‘згуртаваньнем людзей дзеля калектыўнай працы’ (напрыклад, будоўля хаты, вал лесу). Прыхільнікі другой вэрсіі мяркуюць, што тапонім утварыўся ад слова «толочея» – сыноніму кірмаша.

Першы пісьмовы ўпамін пра Талачын датуецца 1433 годам, калі ён ужо меў статус места ў Друцкім княстве (у складзе Вялікага Княства Літоўскага) і знаходзіўся ў валоданьні князёў Друцкіх. У сярэдзіне XVI стагодзьдзя Талачын упамінаецца як гандлёвае мястэчка, дзе штогод праводзілася 3 кірмашы. У гэты час ён належаў Друцкім-Талачынскім. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Талачын увайшоў у Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. У канцы XVI стагодзьдзя маёнтак перайшоў у валоданьне Сапегаў, пазьней – Сангушкаў.

У 1604 годзе Леў Сапега збудаваў у Талачыне касьцёл, школу і шпіталь для хворых. На 1621 год у мястэчку было 314 будынкаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Талачын спалілі маскоўскія захопнікі; колькасьць будынкаў скарацілася да 142.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) усходняя частка мястэчка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі (атрымала назву Стары Талачын), тым часам заходняя частка, што разьмяшчалася за Друцьцю, пачала называцца Новым ці Зарэчным Талачыном. У 1772–1793 гадах мястэчка было пагранічным пунктам з мытняй. 15 лютага 1782 году ў царскім указе Талачын значыцца як места, аднак ва ўказе ад 9 лютага 1783 году – як мястэчка. У 1779 годзе пры базылянскім манастыры пачалі працаваць школа і шпіталь.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Новы Талачын таксама апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Стары Талачын лічыўся цэнтрам Стараталачынскай воласьці, якая ўвайшла ў Копыскі павет; Новы Талачын быў цэнтрам Зарэчнаталачынскай воласьці Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні.

У вайну 1812 году ў Талачыне згарэлі 2 касьцёлы, паштовы двор, 30 крамаў, 56 двароў. У ліпені і лістападзе ў мястэчку спыняўся Напалеон, на загад якога тут спалілі сьцягі «Вялікай арміі».

На 1847 год у Талачыне рэгулярна праводзілася 3 кірмашы – Мікалаеўскі (9 траўня), Ільлінскі (20 ліпеня), Усьпенскі (8 верасьня). З 1859 году каля мястэчка працавала гута. У 1860-я гады беларускіх сялянаў вёскі Загарадзьдзя каля Талачына, што актыўна бралі ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху, расейскія ўлады вывезьлі за межы Беларусі. Саму ж вёску засялілі 15 сялянскімі сем’ямі з цэнтральнай Расеі (Разанская губэрня).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Талачын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Талачын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Талачын вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Аршанскай акругі. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у Віцебскай вобласьці. На 1939 год у Талачыне працаваў ільнозавод, а таксама шпалапільны, гарбарны заводы, былі іншыя прадпрыемствы, у тым ліку ткацкая фабрыка. У Другую сусьветную вайну з 8 ліпеня 1941 году да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

22 ліпеня 1955 году Талачын атрымаў статус места. 28 лютага 2011 году афіцыйна зацьвердзілі мескі сьцяг.

Манастыр базылянаў. Царква Покрыва Багародзіцы

Комплекс Талачынскага базылянскага манастыра складаецца з царквы, жылога корпуса, будынка школы, брамы і агароджы.

У 1769 годзе князі Сангушкі заснавалі ў Талачыне манастыр базылянаў Покрыва Багародзіцы. Драўляныя будынкі ўзьвялі на месцы Фарнага касьцёла, фундаванага Львом Сапегам у 1604 годзе. У 1779 годзе пачалося будаваньне мураванай царквы, асьвечанай у 1796 годзе. Пры манастыры працавалі школа і шпіталь.

Па падзелах Рэчы Паспалітай, калі Талачын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1804 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), а манастыр ліквідавалі. У XIX ст. царква была прыпісной да Аршанскага Прачысьценскага манастыра.

За савецкім часам царква знаходзілася ў валоданьні прыхода Покрыва Багародзіцы Маскоўскага патрыярхату, жылы корпус манастыра належаў вайсковаму камісарыяту, будынак школы – пазаведамаснай ахове.

28 лістапада 1996 году прыходу перадалі манастырскі корпус. 10 кастрычніка 2004 году пастановай сыноду Беларускага экзархату ўтварыўся манастыр Покрыва Багародзіцы. У 1996 годзе традыцыйныя купалы-банькі замянілі на бляшаныя купалы-цыбуліны, уласьцівыя дойлідзтву Маскоўскай дзяржавы.

У 2010-я гады пад кіраўніцтвам прыбылай з Расеі манашкі Анфісы над царквой паставілі вялізныя пазалочаныя купалы-цыбуліны, а традыцыйныя сонцакрыжы замянілі на ўкосныя васьміканцовыя (маскоўскія), не адпаведныя сваімі памерамі габарытам помніка. Гэтыя працы прафінансаваў бізнэсовец зь Пецярбургу Вячаслаў Заранкоў. Апроч таго, перад царквой збудавалі новую капліцу зь вялізным купалам-цыбулінай. У 2017 годзе на фасадзе царквы зьмясьцілі 14 нэабізантыйскіх фрэсак, выкананых майстрамі з Расеі, якія не адпавядаюць барокавай стылістыцы помніка. Паводле манашкі Анфісы, яна даўно марыла «надаць царкве праваслаўную прыгажосьць».

Каардынаты: 54.406843, 29.700369.

Агульная выява манастыра

Уваходная брама манастыра

Iнтэр’ер царквы

Касьцёл сьвятога Антонiя Падуанскага

Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага – помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, знаходзіцца на ўзвышшы ў цэнтры места, на гістарычнай Аршанскай вуліцы. Існуюць зьвесткі, што ў 1604 годзе Леў Сапега збудаваў у Талачыне касьцёл, школу і шпіталь для хворых.

Па падзелах Рэчы Паспалітай, калі Талачын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1813–1853 гадох вялося будаваньне новага мураванага касьцёла ў стылi архітэктуры клясыцызму.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі касьцёл. Па вайне будынак прызначылі пад сховішча, склад розных матэрыялаў, пазьней часткова адраманавалі, каб зрабіць у ім кавярню і клюб. У 1960-я гады зруйнавалі 3-ярусную званіцу, што стаяла побач зь касьцёлам. 6 красавіка 1993 году будынак касьцёла вярнулі каталікам.

Каардынаты: 54.406943, 29.704155.

Вулiца Ленiна

Цэнтар культуры

Адрас: вулiца Ленiна, 10.

Парк

Универмаг

Адрас: улiца Ленiна, 8

Райвыканкам

Адрас: вулiца Ленiна, 1

Адмiнiiстратыўны будынак пачатка XX стагодьдзя

Вулiца Пiянерская, 4.

Царква Уводзінаў у храм Прасьвятой Багародзіцы

Каардынаты: 54.411038, 29.69073. Адрас: вулiца Дзяржынскага, 20.

Вулiца Вакзальная

Чыгуначны вакзал

Каардынаты: 54.402643, 29.753109. Адрас: вулiца Вакзальная, 7.

Царква сьвятога роўнаапостальнага князя Уладзіміра

Каардынаты: 54.403343, 29.753521. Адрас: вулiца Вакзальная, 41-1.

Масласырзавод

Каардынаты: 54.403384, 29.742983. Адрас: вулiца Вакзальная, 8.

Зарэчча. Колiшняя вiнакурня