Miensk district

Baraŭlany (Lasny)

Бараўляны – вёска ў Менскім раёне Менскай вобласьці, на скрыжаваньні шашы M3 з дарогай Н9037. Бараўляны ўваходзяць у склад Бараўлянскага сельсавету. Даволі часта ў бытавым ужытку з Бараўлянамі атаясамліваецца пасёлак Лясны. Зь імі жа ў бытавым ужытку часта некарэктна асацыюецца месцазнаходжаньне РНПЦ анкалёгіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава і абласных клінічных бальніц Менскай вобласьці.

1582 год. Бараўляны ўпершыню згадваюцца ў дакумэнтах як уласнасьць князя Б. Саламарэцкага.
1600 год. Бараўляны — уласнасьць Л.Ратамскай і княгіні Г. Друцкай-Горскай.
1800 год. Бараўляны пераходзяць у валоданьне калежскага асэсара А. Ратамскага.
XIX стагодьдзе. На працягу ўсяго перыяду вёска ня раз мяняла сваіх уладальнікаў, а ў 1870 годзе ўвайшла ў склад Астрашыцгарадоцкай воласьці.
1960 год. Бараўляны атрымліваюць другое жыцьцё: непадалёк ад вёскі будуецца навуковае мястэчка і комплекс лячэбна-аздараўленчых установаў.
1965 год. Побач з Бараўлянамі закладзены першы шматкватэрны жытловы дом, зь якога пачаўся пасёлак Лясны.
2006 год. Пачата будаўніцтва новага квартала Зялёны Бор.
2017 год. Завяршаецца будаўніцтва квартала Зялёны Бор-3, які складаецца з 5 дамоў і з’яўляецца працягам квартала Зялёны Бор, але фармальна належыць да вёскі Бараўляны.
Пастаяннае пашырэньне сетак камунікацый, інфраструктуры, дарог і транспартных зносінаў паслужыла штуршком для разьвіцьця і суседняй вёскі Бараўляны. З гадамі тэрытарыяльныя межы паміж двума населенымі пунктамі сталі ўмоўнымі, і цяпер абодва населеныя пункты часта ўспрымаюцца як адзіны жылы масіў пад агульнай назвай Бараўляны.

* * *

Лясны – пасёлак у Менскім раёне Менскай вобласьці, на шашы P40. Лясны зьяўляецца цэнтрам Бараўлянскага сельсавету. Пасёлак заснаваны ў чэрвені 1960 году. Да 9 жніўня 1979 года пасёлак уваходзіў у склад Зеленалужскага сельсавета.

Пасёлак з’яўляецца вядомым цэнтрам аховы здароўя рэспубліканскага значэньня. Тут знаходзіцца Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар (РНПЦ) анкалёгіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, адкрыты ў 1960 годзе ў якасьці НДІ анкалёгіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР.

Акрамя таго, у Лясным размешчаны Менская абласная клінічная бальніца, якая з’яўляецца клінічнай базай Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, і Менская абласная дзіцячая клінічная бальніца. Пры МАКБ функцыянуюць Рэспубліканскі цэнтар уралёгіі і андралёгіі і Рэспубліканскі цэнтар плястычнай і рэканструкцыйнай мікрахірургіі.

У Лясным функцыянуе Рэспубліканскі клінічны шпіталь ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

* * *

У сярэдзіне 2022 года плянавалася зрабіць зьліцьцё чатырох сумежных населеных пунктаў: аграгарадка Лясны, пасёлка Вопытны, вёскi Ляскоўка і непасрэдна Бараўлянаў з утварэньнем новага горада Бараўляны з колькасьцю насельніцтва звыш 42 тысячаў жыхароў. Па стане на красавік 2022 года гэтае зьліцьцё было прызнана немэтазгодным.

Араторый Салезіянаў Ксяндза Боска. Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысьціянаў

Касьцёл Маці Божай Успамогі Вернікаў – каталіцкі мураваны храм. Парафіяй апякуюцца Салезіяне. Парафія існуе з 2001 года, дзейнічае драўляная капліца. У 2006 годзе дзякуючы новаму пробашчу ксяндзу Казіміру Шыдэлка распачалось будаўніцтва цэнтра, ў які ўваходзіць дом для салезіянаў, катэхетычныя клясы, араторый для моладзі, спартыўная зала. 20 верасьня 2018 года адбылося сьвяточнае адкрыцьцё новага салезіянскага араторыя імя сьвятога Дамініка Савіо.

У кастрычнку 2018 года распачылось будаўніцтва новага касьцёла з цэглы ў аднолькавым стылі з ужо ўзьведзенымі манаскім домам салезіянаў і араторыем, якія знаходзяцца ў адным будынку.

Абрысы касьцёла нагадваюць нэагатычныя кляштар, у алтарнай частцы ўзносiцца высокая вежа са шпілем, увенчаным крыжам, што ў сакральным будаўніцтве з’яўляецца сымбалем збаўленьня. Пад вежай знаходзіцца капліца з абразом Маці Божай Бараўлянскай Успамогі Вернікаў.

Каардынаты: 54.009781, 27.680139.

Царква Сьвятой Жываначальнай Тройцы

Да 1993 году паўстала пытаньне аб арганізацыі ў Бараўлянах праваслаўнага прыходу для мясцовага насельніцтва і хворых, якія знаходзяцца на лячэньні ў медыцынскіх установах мястэчка.

3 красавіка 2001 года будаўніцтва царквы было завершанае, і 17 траўня 2004 года яе асьвяціў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў).

Каардынаты: 54.00215, 27.679087.

Царква Дабравешчаньня Багародзіцы (Зьвеставаньня)

У кастрычніку 2001 года распачата будаўніцтва вялікай царквы Бараўлянскай парафіі ў гонар Дабравешчаньня Божай Маці па праекце архітэктара В.К. Чырвон. У 2005 годзе ўзьвялі сьцены царквы і купал з крыжом. Сьвята-Благавешчанская царква пабудаваная ў рускім шатровым стылі без званіцы, але са званамi. Царква ўзведзеная з бутавага каменя і цэглы вышынёй 22,7 мэтра. Над цэнтральным аб’ёмам узведзены вялікі шатровы купал, увянчаны макаўкай. Да цэнтральнага аб’ёму прымыкаюць прытвор з ганкам, алтарная апсыда, панамарка і рызніца.

Каардынаты: 54.002484, 27.679031.