Бабруйск – места на рацэ Бярэзіне пры ўтоку ў яе ракі Бабруйкі. Адміністрацыйны цэнтар Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласьці, знаходзіцца за 110 кiлямэтраў ад Магілёва. Вузел чыгунак на Асіпавічы, Жлобін, Рудабелку і аўтамабільных дарог на Менск, Гомель, Магілёў, Каленкавічы, Слуцак, Рагачоў. Порт на рацэ Бярэзіне.

Бабруйск – магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), адзін з цэнтраў рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока касьцёл езуітаў, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі дзеля будаваньня фартэцыі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся езуіцкі калегіюм і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама збудаваная ў стылі клясыцызму саборная царква ў фартэцыі, помнік архітэктуры XIX стагодьдьзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Паводле папулярнага меркаваньня, тапонім Бабруйск утварыўся ад назвы ракі Бабруйкі. Тым часам гідронім паходзіць ад слова бабёр. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Бобровск, Бобруеск, Бобрусек; на іншых мовах: лет. Babruiskas, ід. Bobroisk, באברויסק‎, польск. Bobrujsk, рас. Бобруйск.

Асноўныя факты з гісторыі горада

• Першы пісьмовы ўпамін пра Бабруйск зьмяшчаецца ў прывілеі вялікага князя Ягайлы і датуецца 27 красавіка 1387 году. Гэты дакумэнт пацьвярджаў правы Скіргайлы на валоданьне сярод іншых земляў і Бабруйскай воласьцю, якая складалася зь «Виленской и Троцкой половицы». З 1392 году места падпарадкоўвалася вялікаму князю Вітаўту. Тут знаходзілася рэзыдэнцыя вялікакняскага намесьніка, які падначальваўся ваяводу віленскаму. Да гэтага ж часу адносяцца першыя зьвесткі пра замак і гарадзкія ўмацаваньні.
• У канцы XV – пачатку XVI стагодзьдзяў Бабруйск неаднаразова быў захоплены й спалены татарамі. Таксама места моцна пацярпела ад войскаў Маскоўскай дзяржавы ў часе войнаў 1507–1508 і 1534–1537 гадоў. У пачатку 1508 году яго захапіў Міхал Глінскі. З XVI стагодзьдзя Бабруйск перадаваўся ў часовае кіраваньне найбольш магутных шляхецкіх родаў. Паводле рэвізіі 1560 году, былі ўнармаваныя павіннасьці месьцічаў, перамераныя ворныя землі места. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Бабруйск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 2-й палове XVI стагодзьдзя ў месьце дзейнічала Мікольская царква, пры якой існавала праваслаўнае брацтва. У 1618 годзе ў Бабруйску зьявіліся нясьвіскія езуіты, якія заснавалі тут сваю рэзыдэнцыю.
• Паводле інвэнтару 1626 году, у Бабруйску было 409 двароў, 15 вуліцаў, 2 завулкі, 75 крамаў, цэрквы сьвятога Міколы і Ільлі, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Места атачаў земляны вал з драўлянымі сьценамі, ўмацаванымі двухпавярховымі вежамі (агулам каля 10). Існавала 5 брамаў: Кісялёўская, Падольная, Прудовая, Сьвіслацкая й Слуцкая. У 1639 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў дазволіў месьцічам штогод праводзіць 2 кірмашы па 2 тыдні кожны, а таксама пацьвердзіў ўсе ранейшыя прывілеі пачынаючы ад 1561 года.

Аблога Бабруйскага замку. А. Вэстэрвэльд, 1649 год

• У кастрычніку 1648 году Бабруйск захапіў казацкі загон атамана Паддубскага. Пры дапамозе часткі жыхароў захопнікі перабілі шляхту і патапілі старосту ў Бярэзіне. У лютым 1649 году места вызваліла войска гетмана Януша Радзівіла, які жорстка расправіўся з казакамі. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) у лютым 1655 году казакі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі захапілі і спалілі Бабруйск, а жыхароў – забілі. Паводле Гадзяцкае дамовы 1658 году, Бабруйск пераходзіў у пажыцьцёвае валоданьне казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. У 1665 году казакі зноў спалілі места.
• З 2-е паловы XVII стагодзьдзя Бабруйск называлі мястэчкам, у 1671 годзе тут было 170 дамоў. Паселішча моцна пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700–1721), калі ў 1708 годзе празь яго праходзілі швэдзкія й расейскія войскі. У пачатку 1790-х гадоў тут было 1884 жыхары, 314 дамоў. Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) сюды з Рэчыцы перанесьлі паседжаньні павятовых судоў і соймікаў, а таксама перавялі архіў Рэчыцкага павету.
• У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бабруйск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі. У часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі 1794 году яго на некаторы час вызваліла з-пад расейскай улады войска палкоўніка Стэфана Грабоўскага.
• У 1795 годзе Бабруйск стаў цэнтрам павету Менскае губэрні. 22 студзеня 1796 году ён атрымаў уласны герб: на срэбным полі гербавай тарчы намаляваныя карабельная шчогла і «да яе крыжападобна прыстаўленыя два вырабленыя для шчоглаў дрэвы». У 1800 году зьявіўся першы праектны плян Бабруйску. Паводле гэтага пляну места забудоўвалася да 1810 году.
• Новы пэрыяд гісторыі Бабруйску мае зьвязак з будаваньнем фартэцыі. Яе ўзьвядзеньне пачалося ўлетку на загад Аляксандра I ад 10 жніўня 1810 году. 4 чэрвеня 1811 году над фартэцыяй узьнялі расейскі сьцяг. Яна лічылася наймацнейшай і непрыступнай і прылічалася да першаклясных вайсковых умацаваньняў на тэрыторыі Расейскае імпэрыі. Узьвядзеньне фартэцыі вялося ў два этапы. Першы этап ажыцьцяўляўся ўва ўмовах набліжэньня вайны з Францыяй. Фартэцыя будавалася паводле праекту інспэктара Інжынэрнага корпусу расейскага войска Карла Опэрмана. Да пачатку вайны 1812 году пасьпелі збудаваць пяць асноўных бастыёнаў, частку ўнутраных будынкаў, насыпаць валы і выкапаць равы. У пэрыяд вайны 1812 году камандуючы 2-е расейскае арміі князь Пётр Багратыён па баях з францускімі войскамі пад абаронай умацаваньняў Бабруйскае фартэцыі здолеў даць адпачынак сваім жаўнерам, перафармаваць за кошт гарнізону фартэцыі найбольш парадзелыя аддзелы, пакінуць хворых і параненых, папоўніць запасы і пасьпяхова злучыцца з 1-м войскам пад камандаю Барклая-дэ-Толі. Чатыры месяцы фартэцыя была ў аблозе. Другі этап будаваньня прыйшоўся на 1812–1836 гады. За гэты час тэрыторыя фартэцыі павялічылася, зьявіліся дадатковыя бастыёны й вежы, у тым ліку ў 1822 годзе – знакаміты форт «Фрыдрых Вільгельм».
• З Бабруйскам маюць зьвязак падзеі дзекабрысцкага руху ў Расеі. У фартэцыі расквартавалі 9-ю пяхотную дывізію, сярод афіцэраў якой былі сябры таемных таварыстваў. Менавіта тут у траўні 1823 году распрацавалі плян узброенага паўстаньня, які прадугледжваў арышт цара Аляксандра ў час агляду войскаў у фартэцыі. Аўтарамі праекту выступалі афіцэры – Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін, Іван Павала-Швяйкоўскі. Аднак кіраўнікі паўстаньня адхілі гэты плян. У фартэцыі служылі, а пазьней адбывалі пакараньне за ўдзел у сьнежаньскім паўстаньні, Васіль Нораў, Васіль Дзіваў, Міхайла Бадзіска, Міхайла Пушчын (камэндант крэпасьці ў 1865–1869 гадох) і іншыя. У другой палове XIX стагодзьдзя Бабруйская фартэцыя згубіла сваё стратэгічнае прызначэньне і ў 1886 годзе стала складам. Праз год фартыфікацыю зьнялі з уліку як стратэгічную адзінку, тут разьмясьціўся дысцыплінарны батальён для ніжніх чыноў.
• У XIX стагодзьдзі хутка разьвіваліся гандаль і прамысловасьць Бабруйску, да чаго прычыніліся ўзьвядзеньне фартэцыі, Маскоўска-Варшаўскае шашы й Лібава-Роменскае чыгункі. Гэта спрыяла эканамічнаму ўздыму, прытоку капіталу й павелічэньню насельніцтва. Запрацавалі шматлікія майстэрні і заводы: лесапільныя, цагляныя, вінакурныя, тытунёвыя, маслабойныя, сьвячныя. У 1889 годзе выпусьціў першую прадукцыю медна-жалезакацельны завод. Галоўным багацьцем і прадметам гандлю быў лес, сьпірт, мёд, шкло, яблыкі. На мяжы XIX–XX стагодзьдзяў у Бабруйску пашыралася сетка навучальных установаў: працавалі прагімназія, прыхадзкая вучэльня і шэраг дзяржаўных і прыватных мужчынскіх і жаночых гімназіяў. Мэдычнае абслугоўваньне месьцічаў ажыцьцяўлялі вайсковы шпіталь і лякарня жыдоўскага таварыства. У пачатку XX ст. налічвалася 3500 будынкаў, два пляцы і 36 вуліцаў. Бабруйск быў вядомы яшчэ й як буйны выдавецкі цэнтар. У месьце працавалі некалькі прыватных друкарняў, якія выдавалі кнігі на расейскай мове й ідышы. Выходзілі такія газэты, як «Бобруйский курьер», «Бобруйский листок», «Бобруйская жизнь» і іншыя. У 1883 годзе ў Бабруйску дзейнічала суполка арганізацыі «Народная воля». У 1898 у тутэйшай бундаўскай друкарні выйшаў Маніфэст I зьезду РСДРП.
• За часамі Першае сусьветнае вайны ў 1914 годзе каля Бабруйску прайшла лінія фронту. У гэты пэрыяд у ім дысьлякавалася каля 30 вайсковых частак. У лютым 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
• 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бабруйск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, а жыхары места атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[6]. У 1918 годзе Бабруйск заняў польскі корпус Доўбар-Мусьніцкага, пазьней – нямецкія войскі. 28 лістапада 1918 году места занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Бабруйск увайшоў у склад Беларускай ССР. 28 жніўня 1919 места зноў занялі польскія войскі, якія стварылі ў фартэцыі лягер для палонных. 10 ліпеня 1920 году Бабруйск зноў захапілі бальшавікі.

Part 1. Old City

Царква Сьвятога Георгія Пераможцы Царква Сьвятога Георгія, былая Гарнізонная царква (у народнай традыцыі – Белая Царква) – помнік гісторыі пачатку XX стагодзьдзя (мураўёўка), твор архітэктуры Маскоўска-Яраслаўскага...

Part 2. Mienskaja street, outskirts

Капліца «Усіх Смуткуючых радасьць» Каплiца ўзводзілася з 1997 года сіламі гараджанаў. Будаўніцтва не аднойчы спынялася па патрабаваньні гарвыканкама, які прапаноўваў паменшыць вышыню капліцы, таму што яна...

Part 3. Fortress

Крэпасьць Сабор сьвятога дабравернага Аляксандра Неўскага Бабруйск-Арэна ⟵ Previous Part. Next 2 Mienskaja street, outskirts

Part 1. Old City

Царква Сьвятога Георгія Пераможцы Царква Сьвятога Георгія, былая Гарнізонная царква (у народнай традыцыі – Белая Царква) – помнік гісторыі пачатку XX стагодзьдзя (мураўёўка), твор архітэктуры Маскоўска-Яраслаўскага...

Continue reading

Part 2. Mienskaja street, outskirts

Капліца «Усіх Смуткуючых радасьць» Каплiца ўзводзілася з 1997 года сіламі гараджанаў. Будаўніцтва не аднойчы спынялася па патрабаваньні гарвыканкама, які прапаноўваў паменшыць вышыню капліцы, таму што яна...

Continue reading

Part 3. Fortress

Крэпасьць Сабор сьвятога дабравернага Аляксандра Неўскага Бабруйск-Арэна ⟵ Previous Part. Next 2 Mienskaja street, outskirts

Continue reading