Геранёны – вёска ля ракі Апіты ў басэйне Нёмана. Яна знаходзiцца на аўтамабільнай дарозе Ашмяны – Ліда за 22 кiлямэтра ад Іўя, за 14 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Гаўя, каля граніцы зь Летувой.
Геранёны – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка Гаштольдаў, касьцёл Сьвятога Мікалая і прыдарожная каплічка, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.
Тапонім «Ґеранёны» паходзіць ад слова «гораноны», што азначае «нагрэты». Калісьці ў гэтых мясьцінах так называлі мэтал, нагрэты ў адмысловых печах для апальваньня керамічных вырабаў. Горанам называлі яшчэ й ніжнюю частку кавальскай печы, дзе згарала паліва. Верагодней за ўсё, назва паселішча мае балцкае паходжаньне.
Першы пісьмовы ўпамін пра Геранёны як уладаньне Манівіда датуецца 1403 годам.
У 1576 годзе ў мястэчку адбыліся некалькі соймаў шляхты і магнатаў, на якіх абмяркоўваліся кандыдатуры на сталец Рэчы Паспалітай. У 1625 годзе адкрыўся шпіталь.
У XVII—XVIII стагодзьдзях Геранёны былі цэнтрам староства. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) маскоўскія захопнікі зруйнавалі тутэйшы замак, аднак па сканчэньні ваенных дзеяньняў яго хутка аднавілі, чаму спрыяла ўлучэньне паселішча гетманам Міхалам Пацам у фундуш артылерыі Вялікага Княства Літоўскага і Віленскага арсэналу.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721) у 1708 годзе ў Геранёнах знаходзілася часовая рэзыдэнцыя караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага. У 1-й палове XVIII стагодьдзя у мястэчку пэўны час разьмяшчалася рэзыдэнцыя віленскіх піяраў, пры якой дзейнічала школа. 25 траўня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Геранёнам Магдэбурскае права (паводле некаторых зьвестак паселішча атрымала гэтае права яшчэ ў 1630-я) і герб: «у зялёным полі чырвонае сэрца, пранізанае мечам».
Геранёнскi замак. Літаграфія з малюнка Напалеона Орды, 1877 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 годзе Геранёны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Расейская імпэратрыца Кацярына II перадала мястэчка свайму фаварыту А. Безбародку, які неўзабаве прадаў яго. У сярэдзіне XIX стагодьдзя расейскія ўлады пачалі руйнаваць тутэйшы замак.
У 1939 годзе Геранёны ўвайшлі ў БССР, дзе сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.
Касьцёл Сьвятога Мiкалая
У 1411 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч фундаваў у паселішчы першы касьцёл, пазьней тут знаходзілася сядзіба роду Гаштаўтаў (Гаштольдаў). 18 траўня 1537 году ў Геранёнскім касьцёле адбыўся шлюб паміж Станіславам Гаштольдам і Барбарай Радзівіл.
У сярэдзіне XVIII стагодьдзя касьцёл згарэў у вялікім пажары, па якім у 1771–1779 гадох яго рэканструявалі ў стылі віленскага барока на сродкі Яна Гераніма Пробача.
За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў 1923 годзе касьцёл адрэстаўравалі. У 1934 годзе мастак К. Чарнецкі выканаў размалёўку інтэр’еру.
У 1954–1955 гадох праводзіўся рамонт касьцёла.
Сучасны касьцёл – твор архітэктуры готыкі, барока і клясыцызму.
Каардынаты: 54.113871, 25.580642.




Iнтэр’ер касьцёла



