Baranavičy district

Stajki

Стайкі – вёска ў складзе Сталовіцкага сельсавета, размешчаная за 23 кiлямэтры на паўночны ўсход ад Баранавічаў, за 16 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Пагарэльцы на лініі Баранавічы – Мінск, за 225 кiлямэтраў ад Берасьця.

Насельніцтва па стане на 2005 год складала 551 жыхароў.

На пачатку XX стагоддзя Стайкі – маёнтак у Чэрніхаўскай воласьці Наваградзкага павету Менскай губэрні. З 1921 года ў складзе Польшчы, фальварак Чэрніхаўскай гміны Баранавіцкага павету Наваградзкага ваяводзтва.

З 1939 года ў БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Гарадзішчанскім раёне Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Берасьцескай вобласьцi, з 25 сьнежня 1962 года ў Баранавіцкім раёне. З 12 кастрычніка 1940 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Стайкаўскага сельсавета.

Па Другой сусьветнай вайне да Стаек далучаныя суседнія вёскі Ламаты, Зараўе, Некрашы.

Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў

Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў – сядзіба-паркавы ансамбаль, што займае маляўнічую тэрыторыю над ракою Мейкай.

У 1563 годзе Гусэйн Малікбаш, прадстаўнік татарскага княжацкага роду, прадаў маёнтак Стайскі разам з навакольлем Багушу Аўсяньніку. У 1571 годзе Стайкамі валодаў падканцлер ВКЛ, берасьцейскі і кобрынскі стараста Яўстах Валовіч. У XVIII стагодзьдзі – уладаньне Лопацей. У 1787 годзе маёнтак для асабістага пражываньня набывае староста карпецкі Тамаш Здань Пушкін гербу Ястрабец. У 1876 годзе маёнтку належала 654 дзесяціны зямлі.

Пасьля 1876 году сядзіба перайшла да Лашкевічаў. У 1911 годзе маёнтак належыў Адольфу Іосіфавічу, у 1914 – Натальлі Грацыянаўне. На сумежжы ХІХ і ХХ стагодзьдзя Лашкевічы перабудавалі старую сядзібу – захаваліся толькі некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Новы двор уключаў сядзібны дом, стары парк, сад, сыраварню, ляднік, жылыя флігелі, цагельны завод, гаспадарчы двор.

Па Другой сусьветнай вайне ў маёнтку знаходзілася сярэдняя школа. Пасьля таго як будынак сядзібы прыйшоў у занядбалы стан, школу зь яго перанесьлі. Зьнішчэньне будынку паскорылася.

Па стане на 2009 год захаваўся маляўнічы парк, закладзены Пушкінымі, напаўразбураная сяддзіба, колькі слупоў ад агароджы і будынкі гаспадарчых забудоваў: афіцына побач з палацам, склеп каля дарогі, флігер на поўдзень ад парку за ракой Мейкай.

Дах маёнтку на 2009 год быў абвалены, цагляныя муры разбураюцца прыродаю і мясцовымі жыхарамі. Парк паціху ператвараецца ў сьметнік. Камісія зь Берасьця не знайшла палац вартым уключэньня ў сьпіс архітэктурных помнікаў, і пакінула яго на руйнаваньне часам.

Каардынаты: 53.257564, 26.188972.

Сядзібны дом

Хлеў