Pinsk

Part 03. Jesuit College and River Station

Pinsk. Part 3. Jesuit College and River Station

Пагледзім з маста на заходнюю частку старога горада.


Рачны вакзал

Будынак рачнога вакзала з’яўляецца ня толькі помнікам палескай драўлянай архітэктуры, але і нагадвае пра рачное суднаходзтва ў гарадах Беларусі. Калісьці рака Піна, зьліваючыся з Прыпяцьцю, Ясельдай ды Бугам, служыла часткай доўгага рачнога шляху паміж Балтыйскім і Чорным марамі. Сёньня на цеплаходах можна зьдзейсьніць турыстычны шпацыр па рэках рэгiёна ад Берасьця да Мазыра.

Калегіюм езуітаў

У XVI стагодьдзі ў гісторыі Эўропы адбылася падзея, якая аказала ўздзеяньне на лёсы многіх народаў: з мэтай барацьбы з Рэфармацыяй быў утвораны ордэн Езуса Хрыста. Для распаўсюджваньня сваіх ідэяў езуіты ў розных краінах пачалі ствараць рэзідэнцыі, сярод якіх дастаткова распаўсюджанымі сталі калегіюмы – кляштары-школы, дзе вучні выхоўваліся ў духу адданасьці справе ордэна.

Адным з самых заможных кляштараў ордэна ў Беларусі па праву лічыўся Пінскі. Сюды езуітаў запрасіў ў 1630 годзе мясцовы стольнік М.Ельскi, які дараваў ім уласны дом. А ў 1632 годзе яны атрымалі значнае ахвяраваньне на ўладкаваньне ад канцлера Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхта Станіслава Радзівіла, якi адначасова займаў пасаду пінскага старасты. Знаходзіўся кляштар ва ўсходняй частцы галоўнага рынкавага пляца горада. Побач зь ім месьцiлiся шматлікія гандлёвыя шэрагі, на якiх некалькі разоў на год ўладкоўваліся знакамітыя на ўсю краіну кірмашы. На другім баку пляца, насупраць кляштара, размяшчаўся магутны Стары замак з высокімі насыпнымі бастыёнамі.

Калегіюм быў пабудаваны на сродкі магната Станіслава Альберта Радзівіла, канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Размясціўшыся ў былой сядзібе Ельскага, езуіты перш за ўсё сталі рыхтаваць месца для ўзьвядзеньня храма. Гарадзкія ўлады ішлі ім насустрач і нават пагадзіліся некалькі зьмяніць кірунак вуліцы Азёрскай, якая цяпер стала абгінаць кляштар. Да канца 1640-х гадоў быў пабудаваны велічны барочны касьцёл сьвятога Станіслава з дзьвума вежамі-званіцамi на галоўным фасадзе. Пачала сваю дзейнасьць пры кляштары і школа, якую штогод наведвалі да 50 дзяцей мясцовых жыхароў. Аднак спакойнае жыцьцё Пінска скончылася ў 1648 годзе, калі горад захапіў казацкі атрад Нябабы, пасланы сюды гетманам Багданам Хмяльніцкім. Усе заможныя гараджане і манахі, не пасьпеўшыя пакінуць Пінск, былі забітыя, а кляштар разрабаваны. Захоп ж места ў 1655 годзе маскоўскiм атрадам князя Валконскага ледзь не стаў для яго фатальным – у агні пажару, які знішчыў вялікую частку Пінска, загінула каля чатырнаццаці тысяч гараджанаў.

Адраджэньне Пінскага езуіцкага кляштара пачалося ў 1650-я гады. Храм ацалеў і меў патрэбу толькі ў невялікім рамонце. Аднак былы дом Ельскага, дзе месьцiлася школа і кельлі манахаў, згарэў. У выніку было прынята рашэньне аб закладцы побач з касьцёлам, на беразе ракі, прастакутнага трохпавярховага корпуса калегіюма, які быў узьведзены да 1675 года.

Пінскі калегіюм дзейнічаў нароўні з іншымі універсітэтамі Рэчы Паспалітай i лічыўся даволі прэстыжным. Тут вучыліся вядомы паэт-публіцыст, гісторык Адам Нарушэвіч, адзін з самых адукаваных у свой час людзей на Палесьсi Матэуш Бутрымовіч. Тут таксама бываў свяшчэннапакутнік, член ордэна езуітаў, «пінскі апостал» Андрэй Баболя, у гонар якога названа шмат касьцёлаў па ўсім сьвеце.

Слаўная гісторыя Пінскаго езуіцкаго калегіюма перапынілася ў 1773 годзе, калі Ватыкан на час распусьціў гэты манаскі ордэн. Першапачаткова ў будынку калегіюма месьцілася свецкая школа. У 1787 годзе калегiюм адышоў да уніятаў, і ў той час тут знаходзілася рэзідэнцыя біскупа. У 1800 годзе яго аддалі пад мужчынскі праваслаўны Богаяўленскі манастыр. Езуіты вярнуліся ў Пінск толькі ў 1919 годзе. Са згоды ўладаў Польшчы ў 1925 годзе ў калегіюме была адкрытая іх духоўная сэмінарыя, а з 1937 года пачаў дзейнасць і навіцыят (навучальная ўстанова, дзе падрыхтоўваюць да ўступленьня ў ордэн). Але ўжо ў 1939 годзе Заходняя Беларусь была далучаная да БССР і ў былым кляштары размясьціліся розныя адміністрацыйныя і грамадскія ўстановы.

Падчас Другое сусьветнае вайны езуіцкі комплекс у Пінску быў сур’ёзна пашкоджаны і меў патрэбу ў рамонце. Па праекце рэканструкцыі цэнтра горада прадугледжвалася яго поўнае зьнішчэньне. Аднак неабходнасьць перасяленьня з будынка былога калегіюма вялікай колькасьцi арганізацыяў, што месьцiлiся тут, прымусіла ўлады скарэктаваць свае пляны. У выніку ў 1950-я гады быў ўзарваны прыгажэйшы манумэнтальны езуіцкі касьцёл і гандлёвыя шэрагi пачатку XIX стагодьдзя. Пінскі калегіюм ж быў адрэстаўраваны, а яго знакамітыя куранты ў памяць аб загінуўшых у гады вайны сталі выконваць мэлёдыю песьні «Дзе ж вы, мае сябры-аднапалчане». У 1953 годзе ён атрымаў статус помніка гісторыі і культуры рэспубліканскага значэньня. А ў 1965 годзе тут пачала сваю дзейнасьць Карцінная галерэя, якая па багацьці экспазіцыі была адной з найлепшых у Беларусі. Тут выстаўляліся творы са збораў Радзівілаў, тварэньнi Айвазоўскага, Шышкіна, Васняцова, Канчалоўскага і іншых.

Трактар-помнік у двары калегіюма

Ва ўнутраным двары калегіюма схаваўся цікавы помнік трактару. Што гэты трактар робіць у двары навучальнай установы, незразумела, але выглядае ён цікава. Толькі сьцеражыцеся дакранацца да яго: калі верыць таблічцы, што стаiць побач, гэта строга забаронена. Праўда, якая адказнасьць напаткае парушыўшага гэты сьвяты закон, на таблічцы не пазначана.

⟵ Previous part. Part 2
The bridge over the Pina and embankments of the river

Next part. Part 4. ⟶
Part 4. The streets of the city center 1. Lenina, Kamsamolskaja, Kastryčnikaja