Žłobin district

Strešyn

Стрэшын – мястэчка на правым беразе Дняпра пры ўтоку ў яго ракі Стрэшынкі, цэнтар пасялкавага савету Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 1.205 чалавек. Знаходзіцца за 21 кiлямэтар на поўдзень ад места і чыгуначнай станцыі Жлобін (лінія Бабруйск – Гомель), за 105 кiлямэтраў ад Гомелю. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Жлобінам, Рэчыцай, Шацілавічамі. Рачная прыстань.

Стрэшын – даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Выяўленае археолягамі гарадзішча (на паўднёва-ўсходняй ускраіне, на мысе правага берага ракі Дняпро) сьведчыць пра засяленьне гэтай мясьцовасьці ў далёкай старажытнасьці.

У ХІІ стагодзьдзі на месцы сучаснага Стрэшына ўзьнік драўляны замак, аточаны валамі і ровам, побач зь якім вырасла неўмацаванае паселішча. Гэтая мясцовасьць уваходзіла ў склад Полацкага княства. 28 лютага 1127 году чарнігаўскі князь Усевалад Ольгавіч ажыцьцявіў паход «на Стрэжаў к Барысаву». У 1159 годзе ў Іпацьеўскім летапісе Стрэшын зноў згадваецца пад назвай Стрэжаў. У сярэдзіне XII стагодзьдзя ў складзе Чарнігаўскага княства.

Першы пісьмовы ўпамін пра Стрэшын зьмяшчаецца ў «Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец ХІV стагодзьдзя). У 1391 годзе Стрэшынскую воласьць набыў Віленскі капітул. У 1399 годзе вялікі князь Вітаўт сваёй граматай замацаваў за капітулам зямлю паміж Стрэшынам і Рагачовам. У ХVІ–ХVІІ стагодзьдзях паселішча значна пацярпела ад набегаў татараў і маскоўскіх захопнікаў.

Згодна з адаміністрацыйна-тэарытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Стрэшын увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. Пад 1578 і 1579 гадамі ён упамінаецца ў актах Магілёўскага магістрату як места, пад 1592 годам – у Баркулабаўскім летапісе: «Року 1592, июня по старому 11 дня, в неделю. Была брань великая, велми страшная: почавшы от западних краев замков украинных Чернигов, Гомель, Любеч, Белая Церков, Переясловль, Стрешин, Речица, Рогачов, Кричов и иных многих мест и замков в тых всих по селах и местах и местечках немало збожя попсовала град и буря великая, а на бору, на лесе и по лугом со пчолами дерева бортное, на воде угляды згола, штось троха застала, буря великая поламала…»

На 1593 год у Стрэшыне было 99 двароў. У пачатку XVII стагодзьдзя ўладальнікі мястэчка Солтаны заснавалі касьцёл (не захаваўся). Паводле падымнага рэестру Стрэшынскай воласьці (1608), мястэчка падзялялася на 2 часткі: асноўную тэрыторыю каля замка (мела 56 будынкаў) і прадмесьці Слабада (46 будынкаў); існавала дзьве ганчарныя майстэрні, вадзяны млын на рацэ Стрэшынка. Паводле інвэнтару, складзенага ў 1638 годзе, у Стрэшыне было 100 двароў, дзеялі касьцёл і царква; існавалі замак, сядзіба і паромная пераправа на Дняпры каля замка. У ліпені 1654 году Стрэшын захапілі казакі І. Залатарэнкі, якія спалілі замак. У 1700 годзе каля мястэчка заснавалі паташную буду.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стрэшын апынуўся ў Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Рагачоўскага павету. Мястэчка знаходзілася ў валоданьні графа Остэрмана. У 1807 годзе тут збудавалі Пакроўскую царкву.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Стрэшыне было 300 двароў, 2 малітоўныя дамы, пошта, паравы млын, 10 крамаў, 2 гарбарныя майстэрні, карчма, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1909 годзе дзеялі школа зь бібліятэкай. 27 красавіка 1910 году стрэшынцы ўрачыста сустракалі мошчы прападобнай Эўфрасіньні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацак.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Стрэшын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Стрэшын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Стрэшын вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну (з 1956 году ў Жлобінскім раёне). 27 верасьня 1938 году Стрэшын атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 11 жніўня 1941 да 29 лістапада 1943 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Стрэшыне збудавалі ў 1807 годзе ў стылi архітэктуры клясыцызму.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1989 годзе будынак перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Каардынаты: 52.729467, 30.111886.

Гарадзiшча

Каардынаты: 52.731252, 30.111408.

Гарадзкi дом культуры

Каардынаты: 52.731072, 30.111693. Адрас: вулiца Ленiна, 38.

Вулiца Ленiна, 28А.

Вiд на Дняпро