Тураў – места на рацэ Прыпяці. Уваходзіць у склад Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 2.765 чалавек. Знаходзіцца за 25 кiлямэтраў на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Жыткавічаў. Праз места праходзяць аўтамабільныя дарогі на Давыд-Гарадок, Жыткавічы, Лельчыцы. Рачная прыстань.
Тураў – найстарэйшы горад дрыгавічоў і сталіца адной зь першых дзяржаваў на беларускай этнічнай тэрыторыі. У Тураве знаходзiлася колішняя катэдра Тураўскага біскупства Літоўскай мітраполіі. Места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася Замчышча, помнік археалёгіі XII стагодьдзя, а таксама драўляная царква Ўсіх Сьвятых, помнік архітэктуры XIX стагодьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася мураваная абарончая вежа, помнік архітэктуры XIII стагодьдзя, зруйнаваны расейскімі ўладамі.
У наш час існуе два найбольш вядомыя тлумачэньні паходжаньня тапоніму Тураў. Першае зьвязвае назву паселішча зь імем вараскага князя Тура (паўночнагерманскім імём ÞóriR), які лічыцца ягоным заснавальнікам і ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 980 годам. Зрэшты, гэта адзіная летапісная згадка пра «заморскага» Тура (Туры) як заснавальніка і першага ўладара гораду. У 1880 годзе біскуп менскі і тураўскі Яўгені ў «Нарысе гісторыі Турава», прыкладзеным да выданьня твораў Кірылы Тураўскага, пісаў, што ў народнай гаворцы «які-небудзь Турдаў, Турбенд і інш. мог называцца і проста Тур». Таксама ён зазначыў, што існаваньне імя Тур у пэўных сфэрах усходнеславянскага грамадзтва пацьвярджаецца, відаць, назвай царквы Турава бажніца ў старажытным Кіеве, якая ўпамінаецца ў летапісе пад 1146 годам.
Другое папулярнае тлумачэньне найменьня Тураў узыходзіць да назвы дзікага быка тура. Так, этнограф Павал Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сьцьверджаньне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава – даніна народнай легендзе. Сваю думку дасьледнік даводзіў наступным чынам: «па-першае, мы сустракаем масу назваў сёлаў, вёсак, рэк, палёў, урочышчаў і г. д. з коранем «тур» на ўсёй прасторы славянскіх пасяленьняў, і выводзіць гэтыя назвы не ад славянскага, а ад вараскага кораня – неверагодна; па-другое, у землях дрыгавічоў было мноства тураў, на якіх палявалі кіеўскія князі, напр., Уладзімер Манамах…».
Аляксандар Крывіцкі і Мікалай Саскевіч выводзяць назву паселішча ад зарослай цяпер пратокі ад Прыпяці ў вёсцы Пагост, разьмешчанай непадалёк ад утоку ў Прыпяць ракі Сьцьвіга. Дасьледнікі адзначаюць, што паводле ўспамінаў старэйшых жыхароў памянёнай вёскі, яшчэ ў даваенныя часы Тур была досыць шырокай і дастаткова глыбокай пратокай, якая была часткаю гаспадарскае воднае сыстэмы Пагоста: пратока была важнаю прыстаньню на Прыпяці і Сьцьвізе адначасна, асабліва пры сплаве лесу. Старажытная пратока Тур мела асаблівае значэньне для падтрыманьня комплексу жыльлёвых, гаспадарчых, абарончых, абрадавых і іншых групаў збудаваньняў тагачасных насельнікаў Турава праз разгалінаваную водную сыстэму. На думку дасьледнікаў, такое гідранімічнае паходжаньне назвы зьяўляецца «больш блізкім да рэальных падзеяў таго часу» і родніць Тураў з паўночным Полацкам.
Існуюць таксама і менш вядомыя тлумачэньні найменьня Тураў. Некаторыя выводзяць гэтую назву ад слова «тура́» (тур) – ‘вежа’, іншыя мяркуюць, што на месцы, дзе ўзьнік Тураў, у язычніцкай старажытнасьці было капішча – месца пакланеньня нейкаму паважанаму ідалу-заступніку Туру. Аднак наяўнасьць асобнага славянскага божышча пад гэтаю назваю А. Прохараў лічыць «не зусім абгрунтаванаю».
Таксама існуе і іншая мясцовая легенда пра паходжаньне Турава: у часе набегаў нейкіх «туркаў» адзін зь іх, перабіраючыся па тонкім лёдзе на кані недзе там, дзе потым паўстаў Тураў, праваліўся пад лёд і ўтапіўся (паводле іншай вэрсіі – толькі згубіў сваю багатую шапку), аднак, на думку А. Крывіцкага і М. Саскевіча, гэта адвольны народны жарт, пабудаваны на сугуччы найменьня «Тур» і слова «турак».
Тураў, Прыпяць. Малюнак Напалеона Орды. 1875

Першы пісьмовы ўпамін пра Тураў зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 980 годам: «бе бо Рогволод перешел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же Туровици прозвашаяся».
Старажытны горад узьнік на сутоках рэк Язды і Струменя, прытокаў Прыпяці, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дняпро, а ён – у Чорнае мора. Гэты рачны шлях здаўна быў вядомы вікінгам, якія актыўна карысталіся ім для гандлю з Канстантынопалем.
Першым вядомым тураўскім князем быў Сьвятаполк, сын кіеўскага князя Ўладзімера, пад чыёй уладай знаходзілася Русь, у тым ліку і Тураўскае княства. Сьвятаполк заняў тураўскі сталец у 988 годзе. Неўзабаве ў 1005 годзе ўтварылася Тураўскае біскупства.
XII–XIII стагодзьдзі – час росквіту Турава. Горад меў магутную лінію ўмацаваньняў. У той час тут было каля 40 (паводле паданьняў – 75–80) цэркваў і манастыроў. Сярод іх былі прынамсі, дзьве саборныя цэрквы: Прачыстай Багародзіцы і Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Існавалі прынамсі, два, а магчыма, што тры манастыры: Мікольскі мужчынскі, жаночы сьвятой вялікамучаніцы Варвары, біскупскі Барысаглебскі (першы ўпамін у сярэдзіне ХІІ стагодьдзi). Магчымае, але малаімавернае існаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і. У канцы XIII стагодьдзя у Тураве збудавалі мураваную абарончую вежу (разабраная ў XIX стагодьдзi). У гэтыя часы ў горадзе жыў вядомы асьветнік Кірыла Тураўскі. У 1158 годзе Тураў вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу паўднёварускіх князёў і такім чынам атрымаў незалежнасьць ад Кіева, а ў 1160 годзе – трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. Узімку 1241 году горад поўнасьцю зруйнавалі мангола-татары. Менавіта тады, як сьведчыць паданьне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, па чым на працягу сямі гадоў зь яго струменіла жаночае малако.
Пэрыяд дабрабыту скончыўся ў выніку некалькіх фэўдальных канфліктаў, а па тым як рачны гандлёвы шлях страціў сваю актуальнасьць (Эўропа і Бізантыя былі зьвязаныя ў абыход Кіева) Тураў страціў асноўную сваю прывабнасьць.
Тураўскае княства ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці падзялілася на некалькі ўдзельных княстваў – Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае і іншыя – і страціла сваё значэньне. У гэты час хутка рос Пінск, які апярэджваў у сваім гаспадарчым разьвіцьці Тураў.
У XII–XIV стагодзьдзях пачалося аб’яднаньне абшараў колішніх Полацкага, Тураўска-Пінскага і Смаленскага княстваў вакол Наваградку. Далучэньне Турава да Вялікага Княства Літоўскага адбылося ў 1320-я гады. У першай траціне XIV стагодьдзя спынілася старажытная дынастыя тураўскіх князёў, у выніку чаго места перайшло да вялікіх князёў літоўскіх (у 1430 годзе – у валоданьні вялікага князя Сьвідрыгайлы Альгердавіча). З XV стагодьдзя Тураў знаходзіўся ў складзе Троцкага ваяводзтва і належаў князям Глінскім.
З канца XV стагодьдзя крымскія татары неаднойчы ўчынялі рабаўнічыя набегі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У 1497 годзе яны забілі непадалёку ад Мазыру мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. У час вайны 1500–1503 гадоў з Маскоўскай дзяржавай Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцку, Турава, Пінску з мэтай аслабіць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства ваявалі ў гэты час з Масквой, крымчакі неаднаразова спусташалі літоўскія землі. Увосень 1502 году яны перайшлі Прыпяць і пачалі рабаваць ваколіцы Турава і Пінску. Славуты слуцкі князь Сямён Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйску і ўшчэнт разьбіў іх, вызваліўшы вялікі палон.
У 1507 годзе фэўдалы, якія шукалі хаўрусу з Масквой і нярэдка адкрыта пераходзілі на бок Маскоўскай дзяржавы, узьнялі паўстаньне пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага. Аднак у 1508 годзе паўстаньне пацярпела паразу. Па тым, як М. Глінскі зьбег у Маскоўскае княства, Тураў перайшоў да Канстантына Астроскага, які заняўся ягоным узнаўленьнем. У 1521 годзе места паўторна разбурылі татары, і Астроскія мусілі яшчэ раз будаваць на Замкавай гары ўмацаваны замак – апошні, рэшткі якога захаваліся да XIX с стагодьдзя і апісваліся вядомым падарожнікам Паўлам Шпілеўскім. Астроскія кіравалі Туравам больш за стагодзьдзе (з 1508 да 1621 году), пакуль яго не аддалі ў якасьці выкупу за княжну з роду Сапегаў.
У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565–1566 гадоў Тураў увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У гэты час места складалася з асноўнай часткі і двух прадмесьцяў – Заяцэльля і Запясочча.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) маскоўскія захопнікі некалькі разоў спусташалі Тураў. Масква ажыцьцяўляла свае даўнія пляны захапіць Літву і распачала крывавую вайну, якая забрала больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. У ліпені 1654 году казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі Тураўшчыны, «сялян мучылі, насьмерць забівалі, маёмасьць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі…» Пазьней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Казакі зьяўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасьні 1654 году на Тураўскую і Сьмядынскую (ніжэй плыньню Прыпяці) воласьці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстаросты Хведара Ляўковіча, чужынцы «ня толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насьмерць пазамучвалі…» 24 верасьня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасьніцу, Букчу, Глінную, Храпін, Колкі, і спустошылі дзясяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцы і Сьмядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай сьвятога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцьвякоў выкідвалі з дамавінаў. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусьцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразьбягаліся, ды ўсёй воласьці сказалі вяртацца ў места, запэўніўшы, што чапаць іх ня будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рынкавых каморах, а найбольш – «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысячаў) быў адагнаны ва Ўкраіну. Неўзабаве войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Януша Радзівіла вызваліла Тураў. Па выгнаньні маскоўскіх захопнікаў у Тураве засталося толькі 111 дымоў, тады як у 1648 годзе іх было 401.
У XVIII стагодьдзя Тураўскі маёнтак зваўся графствам, хоць ягоныя ўладальнікі не былі графамі. Паводле зьвестак за 1790 год, у Тураве было 497 дымоў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Тураў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Часткай Тураўскага маёнтку ў гэты час валодаў граф, маршалак Галоўнага Літоўскага трыбуналу Іван Салагуб. Другую частку, якая належала дзяржаве, расейскія ўлады перадалі як узнагароду за шчырую службу генэралу Селябіну. У Тураве ў той час налічвалася каля пяцісот будынкаў, было сем цэркваў і сынагога. У 1793 годзе ангельская акцыянэрная кампанія Піта і Форстэра купіла ў Салагуба лясныя ўгодзьдзі і пачала па-драпежніцку секчы лес і адпраўляць яго Прыпяцьцю, Дняпром і Бугам за мяжу. Пра злачынства даведаліся ў Пецярбургу, і ў 1800 годзе выйшаў спэцыяльны ўказ імпэратара Паўла I, які прадпісаў ліквідаваць дамову і ўзяць маёнтак у дзяржаўны скарб.
Згодна з імянным царскім указам ад 6 верасьня 1795 году ў краі пачала працаваць паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыру да Давыд-Гарадку праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёны), Тураў (тое самае) і далей празь Ленін (тое самае).
Новыя беды і разбурэньні прынесла краю расейска-француская вайна. Ваенныя спусташэньні абязьлюджвалі цэлыя мясцовасьці. У 1812–1817 гадох насельніцтва Турава з прычыны голаду зьменшылася амаль на тры чвэрці. У 1834 годзе мястэчка пацярпела ад пажару, у якім згарэла 5 цэркваў. Паўстаньне Кастуся Каліноўскага не ахапіла край, хоць хвалі яго, глухія зьвесткі пра змагароў за лепшую долю супраць іншаземных прыгнятальнікаў даходзілі і сюды. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у тутэйшых непраходных лясах і балотах хаваліся рэшткі разьбітага ў 1864 годзе войска паўстанцаў. У 1865 годзе ў Тураве выявілі старажытнае эвангельле.
На 1886 год у Тураве было 370 двароў, дзеялі 3 царквы, капліца, сынагога і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. На 1892 год у мястэчку было каля 500 дамоў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Тураве было 667 двароў, дзеялі 4 царквы, касьцёл, капліца і сынагога, працавалі пошта, фатаграфія, прыстань, цагельня, 2 хлебазапасныя магазыны, 50 крамаў і 4 карчмы, штогод праводзіўся 2 кірмашы. У аднайменным фальварку працаваў паравы млын. На 1909 год – 675 двароў.
Тураўская сынагога (не захавалася). Фотаздымак 1905 года

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Тураў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Тураў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР.
У сьнежні 1918 – жніўні 1919 году Тураў кантралявалі савецкія войскі, з жніўня 1919 да 15 ліпеня 1920 году – польскія войскі. 18 ліпеня 1920 году ў месьце канчаткова замацаваліся саветы. На 1924 год тут было 856 двароў.
У 1924–1962 гадох Тураў быў цэнтрам раёну (з 1939 году – у складзе Мазырскай вобласьці). У 1926 годзе ў мястэчку жыло 5.393 чалавекі (на тысячу жыхароў – 55 рамесьнікаў). Да 1939 году насельніцтва мястэчка ў выніку войнаў, масавых рэпрэсіяў павялічылася толькі на 46 чалавек. Згодна з указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 27 верасьня 1938 году, Тураў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
У Другую сусьветную вайну ўлетку 1941 году яго захапілі войскі Трэцяга Райху, а ўжо ў кастрычніку пачало сваю дзейнасьць савецкае падпольле. 5 ліпеня 1944 году ў места ўвайшлі савецкія войскі. У 1962 годзе Тураўскі раён ліквідавалі, а само мястэчка ўвайшло ў склад Жыткавіцкага раёну.
3 жніўня 2004 году Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў Тураву статус места. У верасьні таго ж году ў Тураве прайшлі Дні беларускага пісьменства.
Гарадзiшча
Тураўскі замак – помнік гісторыі і архітэктуры абарончага тыпу XІІІ–XVII стагодзьдзяў. Знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы места, пры ўтоку былой ракі Язды ў Струмень. Існаваў у XIII – першай палове XIX стагодьдзяў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
У канцы Х стагоьдзя у Тураве збудавалі драўляны горад. У 1158 годзе ён вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу войскаў паўднёварускай кааліцыі князёў, а ў 1160 годзе – трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. У XIII стагоьдзi пасярод гораду збудавалі мураваную вежу-бэргфрыд.
Далучэньне Турава да Вялікага Княства Літоўскага ў XIV стагодьдзi зьмяніла функцыю і ролю места і яго фартыфікацыяў. У 1502 і 1521 гадох Тураў разрабавалі татары. У 1649 годзе места і замак пацярпелі ў час яго вызваленьня гетманам Янушам Радзівілам. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў замак спустошылі і разрабавалі маскоўскія войскі.
У першай палове XVIII стстагодьдзя упамінаецца «замак Тураўскі». Ён узьнік на месцы драўлянага гораду часоў Русі. Абарончая сыстэма будавалася на ўмелым злучэньні натуральных перашкодаў з штучнымі фартыфікацыямі, збудаванымі ў адпаведнасьці з рэльефам мясцовасьці і з улікам абарончай тактыкі таго часу.
За часамі Вялікага Княства Літоўскага горад падзяліўся на беспасярэдне вялікакняскі замак і гандлёва-рамеснае места. Падобны падзел падкрэсьліла мураваная вежы-бэргфрыд, або вежа валынскага тыпу, падобная на Камянецкую і Берасьцейскую, якая апроч абарончай функцыі, мела рэпрэзэнтацыйны характар і мусіла сымбалізаваць уладу князя.
Замчышча мае памеры 180 на 200 мэтраў і падзяляецца глыбокім ровам на 2 пляцоўкі: 75 × 70 м і 150 × 100 м, якія ўмацоўваліся валамі (цяпер разбураныя). З боку поля ў некаторых месцах прасочваюцца рэшткі рова. Ад мураванай вежы захавалася ўзвышэньне правільнай круглай формы.
Каардынаты: 52.073329, 27.723438.

Гарадзішча – рэшткі старога горада (умацаванага паселішча). Сфармавалася з адкладаў культурнага пласта X – XX стагодьдзяў магутнасьцю да 4 мэтраў. Змяшчае ў сабе рэшткі старажытных пабудоваў, розныя знаходкі (паўсядзённага побыту, прылады працы, зброю, прадметы мясцовай вытворчасьці, імпартныя рэчы).
У раскопках на дзядзінцы (1961–1963, 1968) выяўлены рэшткі 35 пабудоваў, з 24 жылых, якія адносяцца да розных будаўнічых перыядаў. Усе яны адносяцца да тыпу наземных збудаваньняў зрубной канструкцыі. Памеры пабудоў: 16–18 кв.м., найбольш буйных – 25 кв.м. Падлогі дашчаныя, зрэдку – глінабітныя ці земляныя. Печы ў пабудовах былі глінабітныя. У пабудовах XIII стагодьдзя часам выкарыстоўвалася цэгла. У раскопках расчышчаныя 3 склпыы. Памяшканьняў для жывёлы не выяўлена.


Помнік Кірыле Тураўскаму на Замчышчы
Кірыла Тураўскі (каля 1113 – пасьля 1190 гг.) – беларускі і ўсходнеславянскі рэлігійны дзеяч, багаслоў, пісьменнік. З 1161 года – тураўскі біскуп. Кірыла Тураўскі актыўна займаўся прапаведніцкай, палітычнай і літаратурнай дзейнасьцю. Праславіўся як майстар аратарскай прозы. Аўтар пропаведзяў, малітваў, павучаньняў, прытч, канонаў (захавалася каля 70 твораў). Талент Кірылы Тураўскага найярчэй выявіўся ў «словах» з нагоды розных сьвят. У яго творах скрозь традыцыйны біблейскі змест праяўляюцца захапленьне прыгажосьцю прыроды, радасьць жыцьця, імкненьне да духоўнай дасканаласьці. У 1984 годзе выдатны асьветнік уключаны ў Сабор беларускіх святых.
Помнік Кірыле Тураўскаму ўсталяваны 11 траўня 1993 года на Замкавай гары на беразе ракі Прыпяць. Аўтар – скульптар Міхаіл Інькоў. Архітэктар Мікалай Лук’янчык. Аснова кампазіцыі манумента – крыж бізантыйскай формы. З крыжам злучаная фігура Кірылы Тураўскага: ён выступае наперад, падняўшы галаву. Рукі сагнутыя на ўзроўні грудзей: у левай – кніга з крыжом на вокладцы, жэст правай накіраваны на кнігу. Вакол галавы – німб. Справа, побач з кнігай, надпіс: «Сьвяты Кірыла Біскуп Тураўскі».
Каардынаты: 52.073002, 27.722591.

Катэдральны сабор сьвяціцеляў Кірылы і Лаўрына Тураўскіх
Першы каменны сабор у Тураве быў збудаваны ў XII стагодьдзі, калі горад быў сталіцай удзельнага княства і найважнейшым духоўным цэнтрам. Аднак у XIII стагодьдзі храм быў разбураны землятрусам, а затым – падчас татарскіх набегаў. Нягледзячы на страту палітычнага значэньня, Тураў заставаўся катэдральным горадам, і ідэя адраджэньня сабора ўзьнікала неаднаразова.
Новы катэдральны сабор сьвяціцеляў Кірылы і Лаўрына Тураўскіх названы ў гонар ураджэнцаў гэтага горада, якія праславіліся як вядомыя духоўныя дзеячы і багасловы. Сабор пачаў будавацца ў 2010 годзе, работы працягваліся тры гады. Так узьнік цэлы комплекс у рэтраспэктыўна-расейскiм стылі, у які апроч самога сабора таксама ўваходзяць двух’ярусная званіца і альтанка-капліца, пад дахам якой можна ўбачыць старажытны каменны крыж.
Урачастые адкрыцьцё сабора адбылося 11 траўня 2013 года.
Каарданаты: 52.070883, 27.730329. Адрас: вулiца Кiрава, 1.





Iнтэр’еры сабора



Дом Культуры
Каардынаты: 52.070161, 27.730113. Адрас: вулiца Кiрава, 3.



Прыстань
Каардынаты: 52.072771, 27.726531. Адрас: вулiца Ленiнская.




Шпацыр па Прыпяцi на караблiке




Тураўскi луг
Падчас сезонных міграцыяў у навакольлях Турава на адпачынак спыняюцца мільёны пералётных птушак, а многія зь іх гняздуюцца тут. Для іх захаваньня на беразе Прыпяці быў створаны адзіны ў Беларусі недзяржаўны заказнік – “Тураўскі луг”. Штогадовыя разлівы ператвараюць яго ў сетку выспаў, на якіх кулікі, чайкі, качкі і іншыя птушкі ўладкоўваюць сапраўдныя калёніі. У гэтых месцах можна сустрэць белую блакітаўку, вялікага падворліка, паручніка, марадунку, белашчокую крачку і многія іншыя рэдкія віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Каб убачыць іх, ня толькі айчынныя аматары птушак, але і сотні бёрдвочараў з усёй Эўропы кожны год прыязджаюць у Тураў. Тут дзейнічае адзіная на тэрыторыі Беларусі станцыя кальцаваньня.
У 2007 годзе грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ўзяла пад крыло Тураўскі луг, ініцыявала стварэньне ў ёй заказьніка мясцовага значэньня і ўпершыню ў Беларусі ўзяла землі ў арэнду дзеля захаваньня птушак, якія там жывуць. Біялягічны заказьнік мясцовага значэньня «Тураўскі луг» створаны ў 2008 г дзеля захаваньня унікальнага прыроднага комплексу Тураўскага луга. Плошча луга складае пракланда 140 гектараў. На Тураўскім лузе насяляе каля 55 відаў птушак, многія зь якіх падлягаюць ахове на эўрапейскім узроўні, у тым ліку драч і дупель. Тут размяшчаюцца самыя буйныя ў Беларусі паселішчы такіх рэдкіх птушак, як гальштучнік і мардунка. У асобных месцах шчыльнасьць іх гнездаваньня перавышае 100 пар на гектар».
Тураўскі луг мае міжнародны статус «Тэрыторыі, важнай для птушак». Гэта адно з найбуйных у Еўропе месцаў для гнездаваньня і прыпынкі падчас міграцыяў водна-балотных птушак. Стварэньне заказьніка дало магчымасьць аднавіць структуру лугавой расліннасьці, захаваць рэдкія віды расьлін і птушак. З 2022 года кіраваньне заказьнікам «Тураўскі луг» перададзенае ДПУ «Нацыянальны парк «Прыпяцкі».
Каардынаты: 52.069052, 27.759485.




Станцыя кальцаваньня птушак
Станцыя кальцаваньня птушак у Тураве працуе з 1999 года. Доўгі час гэта была адзіная станцыя кальцаваньня ў Беларусі. За 20 гадоў працы вучонымі, арнітолягамі, замежнымі спецыялістамі тут акальцавана больш за 50 тысяч птушак. Птушкі з тураўскімі кольцамі былі сустрэтыя больш за ў 50 краінах Эўропы, Афрыкі і Азіі. Па цэлым шэрагу відаў атрыманая інфармацыя (тэрміны пралёту, месцы зімовак, працягласьць жыцьця) – абсалютна новая ў Беларусі. Штогод на станцыю на дапамогу прыязджаюць дзясяткі валанцёраў і бёрдвочараў.
Станцыя працуе рэгулярна з сакавіка па верасень. Асноўная група птушак, на якой спецыялізуецца станцыя – кулікі. Кальцуюцца і іншыя птушкі, у першую чаргу – водна-балотныя. Для адловаў птушак выкарыстоўваюцца спецыяльныя пасткі і павуціньневыя сеткі. Станцыя – гэта не толькі кальцаваньне кулікоў. Гэта яшчэ і вывучэньне гнездаваньня, а таксама шматлікіх іншых аспэктаў, так ці інакш злучаных з кулікамі і іншымі птушкамі.
Каардынаты: 52.072866, 27.752409. Адрас: вулiца Новая, 12 (Новая, 46).



Царква Ўсіх Сьвятых
Новую драўляную царкву ў Тураве збудавалі ў 1810 годзе на месцы царквы 1801 году.
У 1930-я гады савецкія ўлады закрылі царкву. У 1980 годзе будынак перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.
Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. 3-зрубная кампазыцыя складаецца з прастакутнага аб’ёму, у якім аб’ядноўваюцца прытвор і бабінец, квадратнай у пляне малітоўнай залі і апсыды. Першапачаткова зрубы завяршаліся шатровымі дахамі з купаламі і крыжамі. У пачатку XX стагодьдзя шатры замянілі 2-схільнымі дахамі, над прытворам надбудавалі васьмерыковую шатровую званіцу. Вэртыкальна ашаляваныя фасады праразаюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі, уваход вылучаецца 2-слуповым ганкам пад 2-схільнай навісьсю. У малітоўную залю шырокім прастакутным прасьветам адкрываецца бабінец. Апсыда вылучаецца прасьветам з зрэзанымі кутамі і 2-ярусным разным іканастасам з царскімі варотамі ў стылі ракако.
Каардынаты: 52.066442, 27.741682. Адрас: вулiца Ленiнская, 99.



Iнтэр’еры царквы





Барысаглебзкiя могiлкi
На паўночным захадзе ад Замкавай гары знаходзяцца старажытныя Барысаглебзкія могілкі. Тут у сярэдзіне XII стагодьдзя знаходзіўся біскупскі Барысаглебзкі манастыр, у адной з вежаў якога жыў у свой час пустэльнікам Кірыла Тураўскі.
Барысаглебзкія могілкі размешчаныя на беразе ракі Язды, на невялікім узвышшы, акружаным балотамі, літаральна ў некалькіх сотнях мэтраў ад горада. У Тураве і сёньня захоўваецца паданьне аб тым, што на гэтым астраўку пахаваны забітыя ў 1015 годзе сыны кіеўскага князя Уладзіміра-Хрысьціцеля – Барыс Растоўскі і Глеб Мурамскі. У сьмерці іх сучаснікі абвінавачвалі зводнага брата, Святаполка Уладзіміравіча – першага тураўскага князя, зафіксаванага летапісам, аўтар якога называе Святаполка «Акаянным».
Некропаль звязаны з Барысаглебзкай царквой, якая была пабудаваная яшчэ ў XII стагодьдзі і з’яўлялася важным духоўным цэнтрам Палесься.
У старой частцы могілак у апошнія гады ХХ стагодьдзя з-пад зямлі пачаў з’яўляцца каменны крыж, з вышчарбленай паверхняй, які мае нявострыя канцы. Жыхары Турава лічаць, што гэты крыж выпраменьвае цеплыню і … «расьце». За мінулыя гады ён «падрос» на некалькі сантымэтраў.
Паводле тысячагадовай легенды, двухмятровыя крыжы з каменя, лікам у 10 ці 12, прыплылі ў Тураў па Прыпяці, супраць плыні. Калі ж дасталі іх з вады, рачныя хвалі сталі крывава-чырвонымі.
Гэтае паданне іншасказальна перадае сапраўдную падзею, якая складалася ў тым, што кіеўскія дружыньнікі ў сваіх ладьдзях падняліся ўверх па Дняпры, а затым прыплылі (супраць плыні) па Прыпяці да Турава, везучы з сабой каменныя крыжы – сымбалi хрысьціянскага веравучэньня. У паганскіх землях новая вера далёка не заўсёды ўкаранялася мірным шляхам. Кровапралітныя сутыкненьні ў Тураве афарбавалі барвовай вады Прыпяці.
Легендарныя крыжы стагодьдзямі стаялі на пагорку ля Усіхсьвяцкай царквы і былі бачныя з ракі. У богаборчыя 1930-я савецкія ўлады запатрабавалі гэтыя статуі прыбраць. Каменныя крыжы ўтапілі ў Прыпяці, аднак праз час яны паказаліся з вады. Тады было дадзена распараджэньне іх разбіць. Мясцовыя жыхары, асьцерагаючыся пакараньня са сфэраў больш высокіх, чым гарадзкое начальства, схавалі крыжы ў зарасьніках кустоўя. Калі ж храмы ў Тураве зноў адкрыліся, старажытныя статуі ўсталявалі ў цэрквах, а таксама ў сабора Кірылы і Лаўрына Тураўскіх.
Адзін з патопленых крыжоў, пакрыты цінай і багавіньнем, сустрэў на рачным беразе жыхар Турава. Ён закапаў знаходку на Барысаглебзкіх могілках. Праз некалькі гадоў гладкая каменная верхавіна паднялася над зямлёй.
Каардынаты: 52.066618, 27.742357.


Музэй природы
Музэй прыроды ў Тураве быў урачыста адчынены ў 1998 годзе. Мэтай яго стварэньня была дэманстрацыя велічы, разнастайнасьці і прыгажосьці прыроды навакольля Турава і Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Комплекс уваходзіць у дзясятку найбольш пазнавальных і захапляльных музеяў Беларусі.
Экспазіцыя накіраваная ў першую чаргу на школьную аўдыторыю. Яна сфарміраваная так, каб у дзяцей павышаўся ўзровень ведаў аб экалёгіі і біялёгіі, развівалася любоў да навакольнага сьвету, і з’явілася разуменьне таго, што ў нашым сьвеце ўсё зьвязана паміж сабой.
У 2016 годзе ў музэі была праведзеная рэканструкцыя. Экспазіцыю забяспечылі сэнсарнымі планшэтамі і зручнымі кансолямі з гукавымі, візуальнымі і тактыльнымі эфектамі. Дзякуючы такому ўдасканаленьню яна стала больш папулярнай і цікавай.
Каардынаты: 52.064304, 27.751324. Адрас: вулiца Ленiнская, 136А.



Тураўскi малочны камбiнат
Каардынаты: 52.063122, 27.762437. Адрас: вулiца Ленiнская, 154.




