Žytkavičy district

Žytkavičy

Жыткавічы – места на рацэ Гніліцы (Жыткаўцы), адміністрацыйны цэнтар Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 16.002 чалавекі. Знаходзяцца за 238 кiлямэтраў на захад ад Гомля. Чыгуначная станцыя на лініі Гомель – Лунінец. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Берасьцем і Каленкавічамі.

Першы пісьмовы ўпамін пра Жыткавічы датуецца 1445 годам. Пад 1500 годам паселішча ўпамінаецца ў Мэтрыцы Літоўскай: у «Выраку паміж панам Войцехам Кучуковічам і князем Сямёнам Слуцкім аб маёнтку Жыдкавічы» разьбіраецца скарга Войцэха Кучуковіча, маршалка гаспадарскага. Бацька князя, Міхайла Слуцкі, адняў у бацькі Войцеха Кучуковіча, Яна Кучуковіча, маёнтак Жыдкавічы. Сямён Слуцкі даводзіць, што Ян Кучуковіч ніколі не валодаў маёнткам. У адказе Войцех Кучуковіч прад’яўляе сьведчаньні 22 баяраў, якія пад прысягай пацьвердзілі, што Ян Кучуковіч сапраўды валодаў маёнткам і сяляне плацілі яму даніну. Вырак быў адназначным: прысудзіць маёнтак Жыдкавічы ў вечнае карыстаньне Войцеху Кучуковічу і яго дзецям, князю Слуцкаму забаранялася ступаць на тэрыторыю маёнтку… «Кароль падпісаў і пячатку прывесіў. Пісана ў Вільні 10 кастрычніка 1498 году».

Верагодна, да 1565 году Жыткавічы ўваходзілі ў Тураўскае княства, пазьней – у Мазырскі павет Менскага ваяводзтва. Тут разьмяшчаўся маёнтак Ажарынскіх, з 1581 году дзеяла царква Сьвятой Тройцы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Жыткавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У гэты час тут налічвалася 79 двароў, праходзіў гасьцінец Мазыр – Давыд-Гарадок. Паводле імяннога царскага ўказу ад 6 верасьня 1795 году ў краі пачала працаваць паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыру да Давыд-Гарадку праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёны), Тураў і далей празь Ленін. У 1795 годзе Жыткавічы сталі цэнтрам воласьці Мазырскага павету Менскай губэрні. У склад воласьці ўваходзіла 13 паселішчаў. Насельніцтва маёнтку займалася ў асноўным сельскай гаспадаркай, бортніцтвам.

У сярэдзіне XIX стагодьдзя па пракладцы ў 1886 годзе Палескай чыгункі (Лунінец – Каленкавічы) на месцы былых вёсак Бярэжжа і Зарэчча пачаў расьці пасёлак Жыткавічы і стала разьвівацца прамысловасьць: прадпрыемствы перапрацоўкі драўніны і прадукцыі сельскай гаспадаркі. З гэтага часу мястэчка пачало вылучацца як найбольшае ў акрузе. Ужо ў пачатку XX стагодзьдзя Жыткавічы колькасьцю насельніцтва абышлі старажытны Тураў. На 1909 год колькасьць двароў узрасла да 329.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Тураў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад БССР.

13 лютага 1918 году Жыткавічы занялі нямецкія войскі, 4 сьнежня 1918 году – бальшавікі, 27 жніўня 1919 году – польскія войскі, 15 ліпеня 1920 году – зноў бальшавікі. На 1924 год у мястэчку было 378 двароў. Да 1937 году Жыткавічы заставаліся мястэчкам, а з 27 верасьня 1938 году атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

У Другую сусьветную вайну з 18 ліпеня 1941 году да 6 ліпеня 1944 году Жыткавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй, у час якой дзеяла савецкае падпольле. У баях за мястэчка загінулі 139 савецкіх ваяроў, пахаваных у братэрскай магіле ў сквэры.

19 лістапада 1971 году Жыткавічы атрымалі афіцыйны статус гораду раённага падпарадкаваньня, да якога далучылі суседнюю вёску Дварэц.

14 траўня 2014 году ў склад горада ўвайшлі вёскі Забродзьдзе, Кажановічы і Подаўж і пасёлак Заходні.

Цэнтральны пляц

Райвыканкам

Каардынаты: 52.216584, 27.855004.

Жыткавiцкi раённы савет дэпутатаў

Каардынаты: 52.216968, 27.856073.

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам

Вакзал

Помнiк Ленiну

Царква сьвяцiцеля Хвеадосія Чарнігаўскага

Каардынаты: 52.206163, 27.867301.

Рэстаран «Каўчэг»

Каардынаты: 52.200129, 27.868493.