Bierastavica district

Alekšycy

Алекшыцы – вёска на рацэ Бераставічанцы, цэнтар сельсавету Бераставіцкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Алекшыцы — даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны). Знаходзяцца за 18 кiлямэтраў на поўнач да Вялікай Бераставіцы, за 40 кiлямэтраў ад Горадні; за 28 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Пагранічны.

Упершыню Алекшыцы ўпамінаюцца ў XVI стагодзьдзі. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў яны ўвайшлі ў склад Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Алекшыцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Гарадзенскім павеце. У пачатку XX стагодзьдзя тут было 50 будынкаў, школа і царква.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Алекшыцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Алекшыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Алекшыцы апынуліся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, у Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Алекшыцы ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам сельсавету.

Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы

Царква Покрыва Багародзіцы – помнік гісторыі другой паловы XIX стагодзьдзя (мураўёўка), знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка. Твор эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі.

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Алекшыцах збудавалі ў 1865–1871 гадох на месцы драўлянай царквы Сьвятога Пасаду.

Каардынаты: 53.340374, 23.949343.