Гожа – вёска на правым беразе Нёману пры ўтоку ў яго ракі Гажанкі, яна знаходзіцца за 17 кiлямэтраў на поўнач ад Горадні, за 8 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Багушоўкі. Гожа – даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны).
Назва Гожа (раней – Ожа) паходзіць ад літоўскага кораня «оžis» (казёл), малюнак казы знаходзіцца на гістарычным гербе Гожы. Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з папулярнасьцю дадзеных месцаў як паляўнічых угодьдзяў зь вялікай колькасцю дзікіх коз.
У 1494 году па фундацыі караля Казіміра IV Ягелончыка тут была заснаваная каталіцкая парафія і пабудаваны драўляны касьцёл. У пачатку XVI стагодьдзя маёнтак перайшоў ва ўласнасьць Мікалая Паца, які насіў тытул «намесьнік Пераломскi і Ожскi». У сярэдзіне XVI стагодьдзя Ожа ўвайшла ў склад велікакнясцкіх валоданьняў, яно налічвала каля 500 двароў і валодала магдэбурскім правам. У 1862 годзе на месцы згарэлага драўлянага касьцёла ў вёсцы быў пабудаваны новы каменны храм апосталаў Пятра й Паўла ў рэтраспектыўна-гатычным стылі.
Уладальнік маёнтка Станіслаў Сiльвестравiч быў актыўным удзельнікам вызвольнага паўстаньня 1863 года. Пасьля задушэньня паўстаньня ён быў арыштаваны і асуджаны да катаргі, а маёнтак Гожа быў канфіскаваны і перададзены ў расейскую казну.
Касьцёл сьвятых апосталаў Пятра й Паўла
Першы касьцёл у Гожы пад вызваньнем сьвятога Апостала Пятра быў заснаваны з фундацыі караля Казіміра Ягелончыка да 1492 года. Кароль Казімір выдаў прывілей, згодна з якім ахвяраваў на ўтрыманьне парафіі 2 возеры і 2 млыны. У 1494 годзе прывілей пацьвердзіў вялікі князь ВКЛ Аляксандар.
Падчас шведскага «патопу» у 1655 годзе шведскія войскі цалкам спалілі мястэчка разам з касьцёлам. Вернікі, ратуючы цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшэньня, схавалі яго ў лесе. Пасьля Панна Марыя, з’явіўшыся вернікам, пажадала, каб новы касьцёл пабудавалі менавіта ў тым месцы, дзе быў схаваны абраз, туды ж перамясцілася і само мястэчка.
Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1662 годзе і асьвечаны пад падвойным тытулам сьвятых Пятра і Казіміра. Па іншых дадзеных, касцёл у Гожы да пачатку ХХ стагодьдзя меў тытул святых Пятра і Паўла і Маці Божай Суцяшэньня, абраз якой быў змешчаны ў галоўным алтары.
Будаўніцтва сёньняшняга мураванага касьцёла ў Гожы побач з месцам апошняга драўлянага касьцёла пачалося ў 1862 годзе. Архітэктарам і тэхнічным кіраўніком будаўніцтва стаў гродзенскі архітэктар Якуб Фардон. Будаўніцтва скончылася ў 1865 годзе, калі касьцёл быў асьвечаны гродзенскім дэканам ксяндзом Аляксандрам Гінтаўтам пад вызваньнем сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла і Маці Божай Суцяшэньня.
У 1944 годзе, пры адыходзе нямецкіх акупацыйных войскаў, госкі касьцёл быў спалены. Адбудаваны ў пасляваенны час. У 1950 сюды з зачыненага Пабрыгіцкага касьцёла ў Горадне былі перавезены лаўкі, зробленыя ў 1646 годзе майстрам Георгам Зэхлем. У 1970-я гады касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры з рысамі нэаготыкі.
14 жніўня 2018 года у будынку адбыўся пажар (паводле папярэдняй інфармацыі, ён пачаўся ад удару маланкі). Агонь пашкодзіў службовыя памяшканьні храма, дзе захоўваліся архівы і дакументы касьцёла. Сур’ёзнай шкоды пажар не нанёс: начыньне і ўнутранае ўбраньне касцёла не пацярпелі.
Каардынаты: 53.816740, 23.862769.


Дэталi фасаду касьцёла





