Крамя́ніца – вёска ў Беларусі, на рацэ Самараўцы,цэнтар сельсавету Зэльвенскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 1997 год складала 158 чалавек. Знаходзіцца за 12 кiлямэтраў на паўночны захад ад Зэльвы, за 4 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Лябяды (лінія Ваўкавыск – Баранавічы).
Сваю назву вёска атрымала па пакладах крэменя ў акрузе.
Крамяніца – даўняе мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Упершыню Крамяніца ўпамінаецца ў другой палове XV стагодьдщя як двор Рачковічаў у Ваўкавыскім павеце. У 1498 годзе вялікі князь Аляксандар пацьвердзіў правы на маёнтак кухмістру вялікай княгіні Алены Мікалаю Юндзілавічу (Рачковічу). Юндзілы-Рачковічы валодалі Крамяніцай у XVI–XVIII стагодзьдзях. На мапе Тамаша Макоўскага 1613 году Крамяніца значыцца як мястэчка.
У XVII стагодьдзi маёнтак падзяляўся на 2 часткі: уласна Крамяніца і Крамяніца Старая (пазьней Крамяніца Горная і Крамяніца Дольная). У 1617 годзе у Крамяніцы Дольнай кашталян віцебскі Мікалай Вольскі заснаваў мураваны касьцёл Сьвятога Юр’я. У 1690 годзе Крамяніцай Дольнай (15 дымоў) валодаў віцебскі стольнік Міхал Юндзіл, у мястэчку Крамяніца было 82 дымы, 2 карчмы, 2 млыны. На 1790 год – млын, карчма, шпіталь для бедных.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Крамяніца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ваўкавыскім павеце Гарадзенскай губэрні. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі вёска Крамяніца Горная (32 двары, 2 крамы, кузьня) і маёнтак Крамяніца Дольная, якімі валодаў граф дэ Жэльві. Пазьней усе населеныя пункты зьліліся ў адну вёску.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Крамяніцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крамяніца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Крамяніца апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводзтва.
У 1939 годзе Крамяніца ўвайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету Зэльвенскага раёну.
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар канонікаў лятэранскіх
Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар канонікаў лятэранскіх — помнік архітэктуры рэнэсансу XVII стагодзьдзя ў Крамяніцы. Знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы колішняга мястэчка. Касьцёл дзее, кляштар існаваў да 1832 году. Касьцёл з’яўляецца аб’ектам Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.
Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпусу (не захаваўся), школы, званіцы, гаспадарчых пабудоваў і бутавай агароджы з брамай-званіцай.
Мураваны касьцёл у Крамяніцы збудавалі ў 1617–1620 гадох з фундацыі кашталяна віцебскага Мікалая Вольскага і яго жонкі Барбары з Глябовічаў пры кляштары рэгулярных лятэранскіх канонікаў, заснаваным 20 чэрвеня 1617 году. Сын Мікалая, Казімер Вольскі працягнуў будаваньне кляштару (скончыў жылы корпус) і павялічыў фундуш (ахвяраваў манахам вёску Кватары). 8 ліпеня 1657 году касьцёл асьвяціў віленскі біскуп Ян Даўгяла Завіша. Пры кляштары дзеялі шпіталь і бібліятэка.
У канцы XVIII стагодьдзя да касьцёла прыбудавалі нізкі прытвор у стылі клясыцызму.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Крамяніца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У 1829 годзе пры кляштары адкрылася школа-студыя, дзе выкладалася маральная тэалёгія (навучалася 3 вучні).
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1832 годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі кляштар, а яго будынкі перадалі вайскоўцам. Касьцёл пачаў дзеяць як парафіяльны. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў расейскія ўлады ненадоўга зачынілі і касьцёл.
У 1929 годзе касьцёл адрэстаўравалі. У міжваенны час у кляштарным будынку разьмяшчаўся ўрад гміны. У 1940-я гады гэты будынак зьнішчылі.
4 ліпеня 2004 году гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч асьвяціў вулічны алтар, збудаваны перад уваходам у касьцёл, разам з гротам Найсьвяцейшай Панны Марыі і фантанчыкам з альпінарыямі.
Каардынаты: 53.215261, 24.681096.








Касьцёл Сьвятога Юрыя. Брама-званiца

Касьцёл Сьвятога Юрыя. Каплiца


Каплiца могiлкавая
Праваслаўная капліца была пабудаваная на вясковых могілках у другой палове XIX стагодьдзя.
Каардынаты: 53.214643, 24.683299.




