Абадоўцы – вёска за 30 кiлямэтраў у напрамку на ўсход ад Вялейкi, за 92 кiлямэтры ад Менска, за 35 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Уша, каля аўтамабільнай дарогі Р58.
У 1800 годзе Абадоўцы – фальварак у маёнтку Скарынкі ў Вялейскім павеце Менскай губерні Расійскай імпэрыі, уласнасьць Багдановічаў. У 1836 годзе – маёнтак, уласнасьць І. Ф. Багдановіча, старшыні Менскай крымінальнай палаты. Пасьля задушэньнi паўстання 1863 года за ўдзел у ім Ота Багдановіча маёнтак быў канфiскаваны на карысьць дзяржаўнай казны, але пасьля быў вернуты Багдановічам. У апошняй чвэрці XIX стагодьдзя гаспадары пабудавалі тут сядзібу.
У пачатку XX стагодьдзя Абадоўцы – сядзіба, 49 жыхароў, 2206 дзеcяцін зямлі. У лютым–снежні 1918 г. акупіравана германскімі, у жніўні 1919 – ліпені 1920 годзе – польскімі войскамі.
У 1921–1939 гадох Абадоўцы – у складзе мiжваннай Польскай Рэспублiкi. Маёнтак, у Ільлянскай вясковай гміне. У 1939 годзе ў маёнтак уваходзілі 2 фальваркі, працавалі фанэрная фабрыка, лесапільны і алейны заводы, млын, сырзавод.
З лістапада 1939 года Абадоўцы ў складзе БССР.
З чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года Абадоўцы акупаваныя Трэцiм Райхам.
З 20 верасня 1944 годзе вёска ў Ільлянскім, з 20 ліпеня 1957 года ў Вялейскім раёнах Маладэчанскай вобласьці. З 20 студзеня 1960 года ў Менскай вобласьці.
Сядзiба Багдановiчаў. Каплiца-пахавальня
У вёсцы захаваліся руіны былога сядзібнага комплексу Багдановічаў, пабудаваная ў другой палове XIX стагодзьдзя.
У сядзібу ўваходзілі: сядзібны дом, парк, 2 сажалкі, сад, вінакурны завод, прыёмнік сьпірту, склад сыроў, гараж, рымарскія, стайні, кароўнік, кузьня, малочня, ток, катух, флігель, аранжарэя, пабудаваныя з бутавага камню і цэглы. Сядзібны дом – доўгі аднапавярховы драўляны будынак з мансардай. На цокалі, які захаваўся ад сядзібнага дома, пабудаваны склеп.
Парк абкружаны па пэрымэтры алеямі. Аснову яго кампазыцыі складалі невялікія паляны і групы дрэў, з паўночнага боку расьлі сады. З садамі межавалі прыродныя прысады. У адной зь іх знаходзіцца сямейны магільны склеп-капліца сярэдзіны XIX стагодьдзя, пабудаваны ў формах нэаготыкі.
Пасьля Другое сусьветнай вайны капліца была зачыненая, і ў ёй быў уладкаваны склад ядахімікатаў. Да пачатку XXI стагодьдзя ад сядзібных пабудоваў захаваліся толькі капліца, руіны бровара і некалькі былых гаспадарчых будынкаў, якія пазьней былі разабраныя мясцовымі жыхарамі пад гаспадарчыя патрэбы.
У 1990 годзе капліца была вернутая Каталіцкай царкве, да 1994 года ішла рэстаўрацыя. Астанкі са склепа ў капліцы былі перапахаваныя побач зь ёй. Капліца была асвечаная ў імя Божай Маці і ў цяперашні час служыць філіяльнай капліцай касьцёла Найсвяцейшага Сэрца ў Ільлі.
Каардынаты: 54.453277, 27.295536.





