Miory district

Miory

Мёры – даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны). У пісьмовых крыніцах пра паселішча ўпершыню згадваецца ў 1633 годзе, як аб маёнтку Мярэя ў Браслаўскім павеце.

Існуе некалькі меркаваньняў адносна паходжаньня тапоніма «Мёры». Акрамя гэтага, існуе некалькі народных паданьняў. Першае зь іх тлумачыць тапонім вялікім «морам», ад якога памёрла ўсё насельніцтва места (Мёры – ад слоў «Мерц, памерці»). Іншая легенда зьвязвае назву паселішча з ракой Мярыцай, якая пазначала мяжу паміж двума ваяўнічымі княствамі. Акрамя гэтага існуе згадка пра тое, што людзі жылі тут доўгі час мiрам, – адкуль нібыта пайшла назва Міры. Таксама існуе паданьне пра князя Меры і ягонай жонцы Мярыцы. Увогуле, жадаючыя могуць выбіраць легенду, якая больш да спадобы…

У 1621 годзе ўладальніца маёнтка Н. Мірская заснавала тут царкву. З 1644 года тут існаваў манастыр, які ў 1690 годзе М. Мірскі перадаў грэка-каталікам. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў паселішча спустошылі маскоўскія захопнікі.

У 1728 годзе ў Мёрах быў заснаваны кляштар рэгулярных канонікаў, пры якім дзейнічаў касьцёл. Пасля задушэньня вызваленчага паўстаньня 1830 года расейскія ўлады кляштар ліквідавалі. Існавалі таксама планы адабраць і храм, але яны не былі рэалізаваныя.

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

У 1691 годзе ў Мёрах збудавалі драўляны касьцёл, які дзейнічаў да 1862 года.

Галоўная архітэктурная славутасьць горада – нжагатычны касьцёл Унебаўзяцьця Панны Марыі, што разьмешчаны на беразе Мёрскага возера ў паўднёвай частцы горада. Першы храм на гэтым месцы быў пабудаваны яшчэ ў XVI стагодьдзі, а ў 1907 годзе на месцы старога драўлянага касьцёла ўзьвялі новую сьвятыню з чырвонай цэглы па праекце віленскага архітэктара Антонія Філіповіча-Дубовіка.

Каардынаты: 55.614582, 27.629915

Скульптура Панны Марыі з дзіцём на руках каля ўваходу ў касьцёл.

Каталіцкая царква, як вядома, вельмі дрэнна ставіцца да абортаў, хай нават і па медыцынскіх меркаваньнях. Побач з касьцёлам у Мёрах знаходзіцца бальніца, дзе гэтую працэдуру можна ажыццявіць. Ня ведаю, ці зьвязаныя гэтыя факты адзін з адным, але ў раёне апсыды сабора знаходзіцца помнік ненароджанаму дзіцяці скульптара Аляксандра Дранца.

Царква Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ў Влахерне

Нядаўна ў Мёрах з’явілася і праваслаўная царква. Паводле інфармацыі інтэрнэт-крыніцаў, пры будаўніцтве гэтай царквы былі выкарыстаныя бярвеньні разабранай ў 1980-х гадах у суседняй вёсцы Більдзюгі драўлянай сынагогі.

Каардынаты: 55.624593, 27.609450