Лы́нтупы – мястэчка на рацэ Лынтупцы, цэнтар сельсавету Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2022 год складала 1.022 чалавек. Знаходзяцца за 42 кiлямэтры ад Паставаў і за 4 кiлямэтры ад граніцы зь Летувою.
Тапонім Лы́нтупы ўтварыўся ад назвы ракі Лы́нтупкі, што ў балтаў і фінаў літаральна перакладаецца як «птушыная рака». Паводле Ёсіфа Быхаўца, такую назву паселішча магло атрымаць толькі ў часы знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі балтаў (IV–IX стагодзьдзі).
Першы пісьмовы ўпамін пра Лы́нтупы датуецца 1385 годам. У 1459 годзе ваявода віленскі А. Даўгірдовіч фундаваў тут драўляны касьцёл Сьвятога Андрэя. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Лынтупы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтваа. У розныя часы маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Бучынскіх, Астроўскіх, Гільзэнаў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Лынтупы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, з 9 верасьня 1801 году ў Завілейскім павеце Віленскай губэрні. За часамі вызвольнага паўстаньня 5 траўня 1831 году ў мястэчка ўвайшлі аддзелы паўстанцаў, адкуль яны накіраваліся ў Ашмянскі павет.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Лынтупы занялі войскі Нямецкай імпэрыі, каля мястэчка праходзіла лінія фронту.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лынтупы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Лынтупы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Сьвянцянскага павету.
У 1939 годзе Лынтупы ўвайшлі ў БССР, у Пастаўскі раён. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1967 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. 8 красавіка 2004 году Лынтупскі пасялковы савет расфармавалі, замест яго ўтварыўся Лынтупскі сельсавет (Лынтупы не ўваходзяць у яго склад, але зьяўляецца яго цэнтрам).
Касьцёл сьвятога Апостала Андрэя
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя – помнік архітэктуры пачатку XX стагодзьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на гістарычным Рынку, дзее. Твор архітэктуры нэабарока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Парафія ў Лынтупах вядзе сваю гісторыю з XV стагодзьдзя. Першы драўляны касьцёл пад тытулам Сьвятога Апостала Андрэя тут збудавалі каля 1459 году. Таго ж году пан Андрэй Даўгердавіч у сваёй лацінскай дароўнай грамаце касьцёлу ўжыў «народныя» словы «бязьмен» мёду (bezmien mellis) або «пуд» мёду (pud mellis), а таксама меру «грачыхі» (hreczychy) – гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы.
У 1640 годзе Аляксандар Чарніцкі збудаваў пры касьцёле капліцу з цэглы, падараваў яму 8-пудовы звон і літурічнае начыньне.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Лынтупы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць.
У 1908–1914 гадох вялося будаваньне новага мураванага касьцёла.
За савецкім часам набажэнствы ў касьцёле не перапыняліся.
Каардынаты: 55.048673, 26.311820


Iнтэр’ер касьцёла

Палацава-паркавы комплекс Бішэўскіх
Палацава-паркавы комплекс Бішэўскіх знаходзіцца на паўднёва-заходняй ускраіне мястэчка, на беразе ракі Лынтупкі. Комплекс падзяляецца на дзьве зоны. Парадная зона перад палацам (цэнтар комплексу) улучае партэр, мураваны аркавы мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За палацам і ставам разьмяшчаецца выцягнутая папярочнай восьсю гаспадарчая зона.
Сядзіба ў Лынтупах пачала фармавацца ў канцы XVIII стагодьдзя, калі яна знаходзілася ў валоданьні Гільзенаў. У 1907 годзе Юзэф Бішэўскі збудаваў мураваны палац у стылi архітэктуры нэарэнэсансу.
Сядзiба Бiшэўскiх
Каардынаты сядзiбнага дома: 55.051980, 26.307056.



Парк пэйзажна-рэгулярнага тыпу (плошча 6 гектараў). Насаджэньні групуюцца пэрымэтрам чатырох ставоў і каналаў паміж імі на рацэ Лынтупцы. Галоўны прастакутны выцягнуты папярочнай восьсю стаў выдзяляецца каля палаца гранітнай набярэжнай з сходамі (набярэжная мела дэкаратыўную скульптуру). У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, арэх шэры, лістоўніца эўрапэйская, піхта сыбірская ды іншае.

Сьпiртасховiшча

Сядзiба Бiшэўскiх. Гаспадарчы будынак




