Šumilina district

Obal

Обаль – мястэчка на аднайменнай рацэ Обалі, знаходзіцца за 23 кiлямэтры ад Шуміліна, на аўтамабільнай дарозе Віцебск – Полацак, чыгуначная станцыя на лініі Віцебск – Полацак. Насельніцтва на 2018 год — 2340 чалавек.

Обаль – даўняя рэзыдэнцыя шляхецкага роду Грабніцкіх. Да нашага часу тут захаваліся руіны палаца ў стылі клясыцызму, помніка архітэктуры XIX стагодьдзя.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Обаль утварыўся ад летувіскага слова obolis — яблыня, яблыневы. Тым часам мовазнаўца Валянціна Лемцюгова тлумачыць назву ад паняцьця «обельнай» (вобельнай) зямлі, г. зн. набытай на правах абсалютнай уласнасьці (ад старажытнага слова «обел» (вобел) ‘у поўную ўласнасьць’. Мовазнаўца Вінцук Вячорка мяркуе, што беларускай фанэтыцы больш адпавядае форма назвы Вобаль – паводле аналёгіі з Воршай. Такая форма назвы (na Wobali) бытуе ў Магілёўскай хроніцы.

Першы пісьмовы ўспамін пра Обаль як сяло ў Полацкім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага датуецца 1503 годам. У XVI стагодзьдзі маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Мольскіх. У 1592 годзе Обаль перайшоў да П. Войны, у 1595 годзе – да Ф. Я. Ветрынскага, у 1615 годзе – да Грабніцкіх.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Обаль апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Полацкім павеце Віцебскай губэрні (з 1802). У 1-й палове ХІХ стагодьдзя у сяле, якое тады належала да Ульскай парафіі, дзейнічала каталіцкая капліца, аднак пазьней яе зруйнавалі расейскія ўлады.

У 1861 годзе Обаль стала цэнтрам Петрапаўлаўскай воласьці. У 1866 годзе каля Обалі прайшла лінія Полацак – Віцебск Рыска-Арлоўскай чыгункі; зьявілася чыгуначная станцыя. На 1886 год у Обалі было 4 двары, валасная ўправа, царква (збудаваная ў 1843 годзе), царкоўнапрыходзкая школа. За 2 кiлямэтры ад сяла, на правым беразе аднайменнай ракі знаходзілася сядзіба Грабніцкіх з паркам, вадзяным млыном і броварам. У 1894–1914 гадох у сяле працавала драўнінна-хімічная мануфактура, якая вырабляла драўнінны вугаль, дзёгаць, сьпірт, воцатны парашок.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Обаль абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала сяло разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Обаль вярнулі ў склад БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету Ульскага, з 1931 году – Сіроцінскага, з 1961 году – Шумілінскага раёну.

У Другую сусьветную вайну з 1941 да 1944 году Обаль знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У мястэчку дзейнічала падпольная арганізацыя моладзі пад кіраўніцтвам Зяньковай Фрузы. Асаблівасьцю зьяўляецца тое, што гэта, магчыма, адзіны на Беларусі ў той час Віцебскі абшар, дзе пашыраліся супрацьакупацыйныя ўлёткі па-беларуску. Іхныя разнаякія асобнікі захаваліся ў тамтэйшым музэі падпольля.

У 1962–1966 гадох паселішча ўваходзіла ў склад Полацкага раёну. У 1968 годзе Обаль атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку.

Сядзiба Грабніцкіх

Обальскі сядзібна-паркавы комплекс – рэшткі сядзібнага дома і парк. Сядзiба была пабудавана ў 1-й палове XIX стагоддзя. За домам, на беразе ракі, невялікі пейзажны парк да якога вядуць пліты-прыступкі. Ліпавая алея паўколам апаясвае парк. Цэнтр парку – лужок з групамі лісцевых дрэў і астраўкамі хмызнякоў.

Палац у Обальскай сядзібе, паводле меркаваньняў польскага дасьледніка Рамана Афтаназы, імаверна, збудаваў Юзэф Грабніцкі (памёр у 1820 годзе). Апошнімі ўладальнікамі сядзібы былі прадстаўнікі роду фон Данэрштайнаў.

Палац па стане на 1890 год

З 1920 года ў сядзібе была школа, пасля Другой сусьветнай вайны – дзіцячы дом. Пазней – інтэрнат працаўнікоў Обальскага керамічнага завода.

Сядзіба значна пацярпела ад пажару і разрабаванняў.

Каардынаты: 55.357385, 29.282079.

Царква сьвятога Ануфрыя

Старая сьвята-Ануфрыеўская царква, якая не захавалася, была пабудаваная ў 1843 годзе з дрэва, у 1907 годзе была дабудавана званіца. Новая царква была пабудаваны на тым жа месцы ў 2015 годзе.

Каардынаты: 55.353228, 29.290993.