Смаргонскі раён

Смаргонь

Сморгонь – места на рацэ Оксьне і яе прытоку Гервятцы. Смаргонь – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Існуе некалькі тлумачэньняў тапоніму Смаргонь. Географ Вадзім Жучкевіч лічыў, што назва места ўтварылася ад балцкага паняцьця, якое мае прыблізны сэнс: чаляднік, саматужнік, шорнік. Такім чынам яна адлюстроўвала род дзейнасьці жыхароў паселішча.

Упершыню Смургоні ўпамінаюцца ў XV 1450 годзе як мястэчка, што ўваходзіла ў склад Віленскага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні Зяновічаў. У 1503 годзе тут збудавалі драўляны касьцёл Сьвятых Міхала і Аляксея, аднак ужо ў 1552 годзе на месцы касьцёла Ю. Зяновіч збудаваў мураваны кальвінскі збор. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыльная рэформай 1565—1566 гадоў Смургоні ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету. У 1590 годзе ў мястэчку пачалі працаваць папяровая мануфактура, школа і шпіталь. Паперню на свае сродкі заснаваў Мікалай Багуслаў Зяновіч. На лістах прастаўляўся вадзяны знак у выглядзе гербу роду Зяновічаў – «Дэспат».

У часы Вялікага Княства Літоўскага паселішча называлася Смургоні. У 1609 годзе мястэчка прымала караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта ІІІ, які ішоў са сваім войскам у паход на Маскву. У 1611 годзе было завершанае будаўніцтва каменнага кальвінскага збору. Тады ж Крыштаф Зяновіч адкрыў пры смаргонскім храме школу і сабраў вялікую бібліятэку, якую завяшчаў «…заўсёды трымаць у адным месцы, у Смаргонях… пры царкве». Пасmля вайны паміж Рэччу Паспалітай і Турцыяй Смаргонь адышла дачкам Ганне Соф’і і Соф’і Зяновічам, якія перадалі смаргонскі храм каталікам.

У выніку шлюбу Ганны Соф’і Зяновіч з Альбрэхтам Уладзіславам Радзівілам у 1628 годзе Смургоні амаль на 170 год перайшлі ў валоданьне роду Радзівілаў.

У 1628 годзе Ганна Соф’я Зяновіч выйшла замуж за Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла і Смаргонь амаль на 170 гадоў перайшла а валаданьне гэтага роду. Радзівілы, у адрозьненьне ад ранейшых гаспадароў, сваёй рэзідэнцыі тут не мелі і часта здавалі гэтае валоданьне ў арэнду.

У перыяд праўленьня Радзівілаў Смаргонь перанесла некалькі варожых нашэсьцяў. Асабліва разбуральнай была вайна 1654–1667 гадоў, калі насельніцтва мястэчка зьменшылася ўдвая ў параўнаньні з 1622 годам. У чэрвені 1655 года падчас паходу на Вільню ў Смаргоні размяшчалася стаўка цара Аляксея Міхайлавіча. Пад час Паўночнае вайны, з 11 лютага да 17 сакавіка 1708 года тут размясьціў сваю галоўную стаўку Карл XII і прымаў у ёй польскага караля Станіслава Ляшчынскага, а таксама паслоў украінскага гетмана Мазэпы.

У час вайны 1812 года пры адступленьні французскіх войскаў у Смаргоні спыняўся Напалеон, які перадаў камандаваньне маршалу І. Мюрату і з’ехаў у Парыж; з таго часу дарогу Смаргонь – Ашмяны называюць Напалеонаўскай дарогай.

6 ліпеня 1904 года Смаргонь атрымала статут горада. У часы Першае сусьветнае вайны ў 1915–1918 гадох места знаходзілася на лініі расейска-нямецкага фронту, у выніку чаго ён быў практычна цалкам разбураны.

Палац Празьдзецкiх. Малюнак А. Адама. 1812 год

Касьцёл сьвятога Міхала Арханёла (колішні кальвінскі збор)

Касьцёл Сьвятога Міхала 1553 года пабудовы – адзін з нямногіх храмаў абарончага тыпу, якія дайшлі да нашых часоў. Гэта арыгінальны помнік архітэктуры рэнесансу, які захаваў свой знешні выгляд з моманту пабудовы.

Па задушэньнi паўстаньня 1863–1864 гадоў каталіцкія касьцёлы паўсюдна зачыняліся расейскімі ўладамі. У 1866 годзе смаргонскі касьцёл Сьвятой Тройцы перабудоўваецца пад праваслаўную Міхайлаўскую царкву: было ліквідавана касьцёльнае аздабленьне, забеленыя фрэскі, устаноўлены шатровы дах з цыбулінай у рускім стылі. У гады Першае сусьветнае вайны храм быў моцна пашкоджаны. Аднаўляўся палякамі ў 1921–1926 гадах, зноў як каталіцкі касьцёл. Купал распісваў беларускі мастак Пётр Сергіевіч.

У 1947 годзе савецкія ўлады касьцёл закрылi, у выніку чаго ён выкарыстоўваўся, як крама, выставачная заля і музэй. У 1990 годзе будынак вярнулi каталікам. У наш час пры касьцёле дзейнічае Хрысьціянскі адукацыйны цэнтар.

Каардынаты: 54.480862, 26.403840.

Унутраная тэрыторыя перад уваходам у касьцёл дастаткова шырокая і сярод іншага ўключае зялёныя насаджэньні і невялікі фантан.

Царква Перамяненьня Гасподняга

Царква Перамяненьня Гасподняга 1840 года была пашкоджаная падчас Першае сусьветнае вайны, але да пачатку наступнай яна была адноўленая. Другая сусьветная вайна не пашкадавала царкву, але сіламі прыхаджанаў да 1948 года яе iзноў аднавілі. У 1962 годзе пры Хрушчове царкву разбурылі. Пасьля 1989 года пачалося будаўніцтва новай царквы, якую асьвяцілі ў 2009 годзе.

Каардынаты: 54.481228, 26.407248.

Араторый Салезiянаў Ксяндза Боска (SDB)

Салезіянскае таварыства было заснаванае ў Італіі ў 1859 годзе сьвятым Янам Боска, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў працы для дабра маладых людзей, выхоўваючы зь іх сумленных грамадзянаў і добрых хрысьціянаў. Ён арганізаваў для іх араторыі (месцы вучобы, гульні, малітвы і працы), а таксама школы, якія давалі магчымасьць атрымаць прафесію і вучыцца далей. Са сваіх выхаванцаў сьвяты Ян Боска заснаваў Таварыства сьвятога. Францішка Сальскага, члены якога пакліканыя працягваць справу Айца і Настаўніка моладзі.

Каардынаты: 54.480548, 26.403336.

Смаргонская мядзьвежая акадэмiя

«Смаргонская акадэмія» – назва школы дрэсіроўкі мядзьведзяў, заснаванай Радзівіламі ў XVII стагодьдзі.

Школа знаходзілася недалёка ад Смаргоні, на ўзгорках у раёне цяперашняй Смаргонскай раённай бальніцы, дзе былі пабудаваныя спецыяльныя збудаваньні і манежы. На вяршыні ўзгорка капалі глыбокую, да трох метраў, яму, на палову яе глыбіні апускалі жалезную клетку з медным дном. На вышыні аднаго метра ад падставы прарывалі ход, куды клалі ламачча і гальлё, якія падпальвалі. Па іншай вэрсіі школа ўяўляла сабой «асаблівы каменны будынак», у якім каменная падлога другога паверха напальвалася печчу зь ніжняга паверха.

Для навучаньня набіралі толькі маладых самцоў. Навучаньне доўжылася каля 6 гадоў, у тым ліку трэніроўкі, якія праводзілі пасля вяртаньня «мядзьведнікаў» са сваімі выхаванцамі на зімоўку. Мядзьведзяў дрэсіравалі ў некалькі прыёмаў. Спачатку маладых медзьведзянят вучылі «танчыць», для чаго іх па 2-3 зьмяшчалі ў клетку, металічнае дно якой падагравалася, і прывучалі стаяць на задніх лапах, абутых ў лапці. Падлога паступова награвалася, і медзьведзяняты, якім рабілася неўмагату, паднімаліся спачатку на заднія лапы, а потым пачыналі пераступаць з адной лапы на іншую. У гэтым момант «дрэсіроўшчык» біў у бубен. Так было штодзень на працягу месяца-двух. Потым медзьведзянят выводзілі з клеткі на волю і працягвалі практыкаваньні з бубнам. Пры першых жа ўдарах мядзведзікi станавіліся на заднія лапы і пад гукі бубна пераміналіся ўжо без падагрэву. Вынікала заахвочваньне ў выглядзе кавалка хлеба ці морквы. Прывучыўшы мядзведзянят стаяць на задніх лапах і пераступаць з адной лапы на іншую пад гукі бубна і ражка, пераходзілі да наступнага этапу дрэсіроўкі: змагацца, кланяцца і г.д.

Увесну павадыры разам з вучонымі мядзьведзямі адпраўляліся на заробкі па кірмашах Эўропы. У нямецкіх, французскіх і іншых крыніцах можна сустрэць указаньне, што выхаванцы Смаргонскай «акадэміі» былі частымі гасьцямі на кірмашах Прусіі, Шлезвіга, Баварыі і Эльзаса. Дзіўней за ўсё тое, што ў Венгрыі, краіне, дзе прысутнасць мядзьведзя з павадыром з’яўляецца як бы неад’емнай часткай любога кірмаша і любога сельскага свята, у мінулым стагодьдзі таксама сустракаліся мядзьведзі са Смаргонскай акадэміі. Увосень, да дня Усіх Сьвятых, мядзьведзi з настаўнiкамi вярталіся назад у Смаргонь. Мядзьведзям у іх памяшканьнях будаваліся лежні з лісьця і яловых лапак, у якіх яны заставаліся да сярэдзіны лютага. Разам з восеньскім вяртаньнем у Смаргонь наступала таксама выплата мядзьведнікам іх заробку, збор з іх устаноўленых «баронам» выплат на ўтрыманьне акадэміі або плата за страту мядзьведзя або малпы.

Асаблівага росквіту «акадэмія» дасягнула пры Карале Станіславе Радзівіле па мянушцы «Пане Каханку», які валодаў Смаргоньню ў 1762–1790 гадах. Ён прызначыў кіраўніком акадэміі «барона» літоўскіх цыган Яна Марцынкевіча, які жыў у Міры. Той набраў гурт з 20 цыган, якія жылі і працавалі ў школе. У перыяд росквіту ў «акадэміi» дрэсіравалі адначасова да 10 мядзьведзяў і некалькі малпаў. Малпаў закупляў і дасылаў князь, а мядзьведзяў дастаўлялі з мясцовых лясоў, прывозілі з Жупранскай і Налібоцкай пушчаў. Апроч уласных выхаванцаў, на навучаньне прымаліся мядзьведзі і ад старонніх асобаў, якія павінны былі заплаціць за працу, сілкаваньне і пражываньне дрэсіроўшчыка.

Пасьля сьмерці князя Караля Станіслава Радзівіла і ўваходжаньня беларускіх земляў у склад Расейскай імпэрыі школа паступова прыходзіць у заняпад. Пра «мядзьведжую акадэмію» ў сваіх мэмуарах згадвалі многія ўдзельнікі вайны 1812 года, якім давялося пабываць у Смаргоні.

Канчаткова мядзьведжы промысел згас у Смаргоні пасьля ўказа Сената аб забароне мядзьведжай камедыі ў 1870 году.

2 сакавіка 2014 года ў Смаргоні была адкрытая скульптурная кампазіцыя ў гонар «мядзьведжай акадэміi». Аўтар помніка – скульптар Уладзімір Церабун.

6 верасьня 2009 года ў гарадзкім парку адкрыўся помнік заснавальніку новай беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу, першаму нацыянальнаму паэту, прадстаўніку грамадзкай думкі Беларусі, ідэёлагу нацыянальнага адраджэньня і вызвольнага руху.

Ідэалёгія Багушэвіча, як выразьніка нацыянальна-патрыятычнай сьвядомасці – зацьвярджэньне роднай мовы ў якасьці цэнтра існаваньня народа і яго духоўнай культуры, а таксама імкненьне даць гістарычнае і канкрэтнае абгрунтаваньне самастойнасьці беларускага народа.

На помніку размешчаная бронзавая таблічка з заклікам Багушэвіча да народа: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».