Кале́нкавічы – места на рацэ Каўні (Каленкаўцы), адміністрацыйны цэнтар Каленкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва па стане на 2018 год складала 40.282 чалавекі. Знаходзяцца за 122 км на паўднёвы захад ад Гомля. Вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Берасьце, Оўруч. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Гомлем, Парычамі, Жыткавічамі, Славечнам. Каленкавічы – даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі.
Тапонім Каленкавічы мае патранімічнае паходжаньне, пра што сьведчыць фінальная частка -ічы. Паводле найбольш пашыранага меркаваньня, у аснове назвы места ляжыць імя Каленік або вытворнае ад яго – Каленка. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім утварыўся ад прозьвішча Калянковіч.
Традыцыйная гістарычная назва места – Каленкавічы. Прыкладна з 1930-х гадоў афіцыйная назва зьмененая на Калінкавічы, відаць, з прычыны пошуку суб’ектыўна больш мілагучнай формы (магчыма, савецкаму чыноўніку ў назьве пачулася асацыяцыя з каленькамі, тым часам у расейскіх праваслаўных сьвятцах грэцкае імя Каленік значыцца ў форме Калиник). Пры гэтым аналягічную назву Каленкавічы захавала вёска на захадзе Беларусі, якая ў гэты час не ўваходзіла ў склад СССР. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Каленкавічы фіксуецца як варыянтная форма. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.
Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча сустрэты ў апісаньні Мазырскага замку 1552 года. Прычым Каленікавічы ў гэтай крыніцы разам з Гулевічамі і Пуцілавічамі, відавочна, з прычыны малалюднасьці названыя як адно сяло Айцючыцкай (Аўцюцевіцкай) нядзелі Мазырскай воласьці. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, былі вызначаны межы і працягласьць уздоўж і ўпоперак грунтоў сяла Гулевічы і Каленкавічы. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Каленкавічы – у складзе Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пасьля падпісаньня акту Люблінскай уніі ўлетку 1569 года – у тым жа павеце Менскага ваяводзтва ВКЛ.
18 траўня 1657 году кароль Ян Казімір, па сьмерці ўдавы Крыстыны з Швыкоўскіх Тышкевічавай, перадаў у трыманьне вёскі Гулевічы (Hulewicze) і Каленкавічы (Kolekiewicze) паручніку Канстанціну Катоўскаму, але ўжо 22 жніўня тыя добры (Kalenkiewicze i Ole[je]wicze) атрымаў Уладыслаў Шмелінг (Schmelling).
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Каленкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дудзіцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. Расейскія ўлады падаравалі маёнтак зямяніну Шахоўскаму, а ў 1805 годзе ён перайшоў у дзяржаўны скарб. У 1795 годзе існавалі мястэчка Старыя Каленкавічы (35 двароў) і вёска Новыя Каленкавічы, якія стаялі на паштовым тракце Бабруйск – Мазыр. У ходзе рэформы П.Д. Кісялёва ў межах Каленкавіцкага скарбавага маёнтку была ўтворана воласьць з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва – 1 333 дзяржаўных селяніна, 2 аднадворцы, 215 габрэяў, 14 пасяленцаў «разного звания».
У 1856 годзе тут узьвялі будынак Мікалаеўскай царквы (у ёй захоўваліся мэтрычныя кнігі з 1827 году). У 1864 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Каленкавічах народную вучэльню. На 1866 год тут было 100 двароў. У 1876 годзе зямянін Галалобаў меў у вёсцы 71 дзесяціну зямлі, крупарушку. 15 лютага 1888 году пачала працаваць чыгуначная станцыя на лініі Лунінец – Гомель. У 1916 годзе з уводам у эксплюатацыю чыгункі Жлобін — Оўруч Каленкавічы сталі буйным транспартным вузлом.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў пачатку 1918 году Каленкавічы заняла войска Ю. Доўбар-Мусьніцкага, а 24 лютага таго ж году – войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Каленкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 17 сьнежня 1918 году мястэчка занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Каленкавічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Мазырскі павет («падраён») Гомельскага раёну, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 6 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 году мястэчка займалі польскія войскі, з 10 да 17 лістапада 1920 году – аддзелы С. Булак-Балаховіча. 17 ліпеня 1924 году Каленкавічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Гомельскай вобласьці. 3 ліпеня 1925 году паселішча атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну з 12 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 году места знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
7 сакавіка 1963 году Каленкавічы атрымалі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1966 годзе да места далучылі вёску Карчагу. 4 лістапада 1993 году пачала дзеяць царква ў імя Казанскай іконы Маці Божай. 9 чэрвеня 2001 году адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла імя Найсьвяцейшай Тройцы.
Чыгуначная станцыя Каленкавiчы
Да 1914 года станцыя мела назву Мазыр, пакуль не адкрылася другая станцыя ў горадзе Мазыры.
У 2021 годзе праз Каленкавiчы пасаўся рэгулярны рух электрацягнікоў звязаў Калінкавічы, Сьветлагорск і Жлобін. Урачыстая цырымонія адкрыцця электрыфікаванага ўчастка чыгункі адбылася на вакзале станцыі Каленкавічы 30 сьнежня.
Адрас: вулiца Кастрычнiцкая, 30. Каардынаты: 52.138677, 29.313525.




Прывакзальны пляц. Паравоз-помнiк Эр 772-17
Усталяваны ў гонар 125-годьдзя чыгункі ў Каленкавічах.
Каардынаты: 52.138441, 29.314362.



Царква Казанскага абраза Маці Божай
Першапачаткова царква святога Мікалая, якая ўпрыгожвала цэнтр Калінкавічаў да прыходу камуністаў, з прыходам савецкай улады была пераўтвораная ў склад і істотна перабудаваная. Сёньня гэты будынак займае Дом дзіцячай творчасьці, таму было прынятае рашэньне ўзьвесці новы храм. Так на скрыжаваньні вуліцаў Куйбышава і Піянэрскай з’явілася царква Казанскай іконы Божай Мацi, якую асьвяцілі 4 лістапада 1993 году.
Архітэктарна комплексу адрозніваецца рысамі, характэрнымі для рэтраспэктыўна-расейскага стылю.
Адрас: вулiца Пiянэрская, 9. Каардынаты: 52.120491, 29.334695.




Памятны знак у памяць аб Чарнобылi

Знак на ўезьдзе ў места з боку Мазыра



